
18 лютага ў вялікай зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ «Васількоў шапатліваю моваю…», прымеркаванага да Дня роднай мовы.
Сёлета геаграфія конкурсу шырокая: было пададзена 350 работ ад вучняў з 76 раёнаў краіны. Пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу сталі 62 вучні. Журы прысудзіла адзін Гран-пры, 17 першых, 22 другіх і 20 трэціх месцаў. Тэматыка конкурсных работ была цалкам прысвечана пытанням мовазнаўства і ахоплівала розныя аспекты даследавання беларускай мовы – ад лінгвакультуралогіі і лексікалогіі да дыялекталогіі, гісторыі мовы і праблем сучаснага маўлення.














