СУСТРЭЧА НА ЗЯМЛІ ЦЯПІНСКАГА

17 сакавіка 2026 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы – загадчык аддзела Н.В. Паляшчук, вядучыя навуковыя супрацоўнікі І.У. Будзько і Э.В. Ярмоленка наведалі Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт і  прынялі ўдзел  у  круглым стале, прысвечаным прадстаўленню апошніх навуковых распрацовак аб асветніцкай і філалагічнай дзейнасці вядомага беларускага дзеяча Васіля Цяпінскага і правядзенню на Чашніччыне мерапрыемстваў у яго гонар.

І.Л. Капылоў выступіў з дакладам “Сувязь акадэмічнай навукі і рэгіёнаў”, пасля чаго ўрачыста перадаў у бібліятэкі і школы раёна выданні акадэмічных вучоных. Э.В. Ярмоленка, І.У. Будзько і Н.В. Паляшчук акцэнтавалі ўвагу на асобе Васіля Цяпінскага – перакладчыка, друкара, філолага, асветніка і прачыталі даклады “Евангелле ў перакладзе Васіля Цяпінскага як помнік беларускай кніжнай культуры”, “Ідэі рэфармацыйнага руху і іх лінгвістычнае ўвасабленне ў пісьмовай спадчыне Васіля Цяпінскага і Сымона Буднага”, “Васіль Цяпінскі як адзін з заснавальнікаў беларускай лексікаграфіі”.

У ходзе мерапрыемства мовазнаўцы разам з прадстаўнікамі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый Чашніцкага раёна абмеркавалі пытанні распрацоўкі канцэпцыі фестывалю па ўшанаванні памяці Васіля Цяпінскага і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

Гэта сустрэча стала яскравым пацвярджэннем важнага напрамку ў дзейнасці Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа – сувязі з рэгіёнамі Беларусі, навуковага суправаджэння краязнаўча-пошукавай работы ў раёнах.

Н. Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы