
У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Пераклад у лічбавую эпоху: выклікі, магчымасці, абмежаванні». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і кафедра сучасных тэхналогій перакладу факультэта міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.
Як адзначыў ў прывітальным слове дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, праблема перакладу заўсёды актуальная. «Пакуль чалавек жыве і займаецца творчасцю і навуковай дзейнасцю, яна будзе існаваць, як і неабходнасць узаемаабмену інфармацыяй у перакладах. З навуковым перакладам праблем менш, а вось што тычыцца мастацкага – гэта настолькі тонкая матэрыя, што тут сапраўды ёсць што абмяркоўваць. Сёння мы знаходзімся на перакрыжаванні дзвюх светаў. Адзін – гэта атрыманне, апрацоўка і перадача інфармацыі пры дапамозе сучасных тэхналогій. Другі – свет мастацкага твора, калі стаіць задача перадаць тонкія сэнсы слова, індывідуальны стыль аўтара, культурныя асаблівасці эпохі, этнаграфічныя асаблівасці і г.д. І сёння штучны інтэлект ужо дазваляе выкарыстоўваць шырокія кантэксты, перадаваць сэнсы. Напэўна, цікава даведацца ў якой ступені яму ўдаецца перадаць аўтарскую задумку, ці можа ён перадаць мастацкія сродкі, тую ж метафару, аўтарскую іронію, і дзе гэта тонкая мяжа паміж творчай інтэрпрэтацыяй перакладчыка, чалавека і тым, што робіць алгарытм», – лічыць І. Капылоў.

Якія канкрэтна тэмы цікавілі даследчыкаў? Загадчык кафедры сучасных тэхналогій перакладу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў Вольга Жалезнякова выступіла з дакладам «Лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект: фарміраванне перакладчыцкай кампетэнцыі», у якім аналізуецца трансфармацыя ролі перакладчыка ва ўмовах аўтаматызацыі: ад простага транслятара тэксту да пострэдактара і менеджара кантэнту.
Выкладчык кафедры сучасных тэхналогій перакладу з той жа навучальнай установы Ваагн Геваркян звярнуў увагу на тое, што зараз тэхналогіі не выцясняюць перакладчыка, а становяцца звыклым складнікам яго прафесійнага інструментара. Сёння поспех на перакладчыцкай ніве залежыць ад здольнасці эфектыўна інтэграваць лічбавыя рашэнні ў працоўны працэс, захоўваючы пры гэтым кантроль чалавекам над сэнсам, стылем і культурным кантэкстам перакладаных тэкстаў.

Загадчык кафедры італьянскай мовы ўніверсітэта замежных моў Кацярына Часнакова падзялілася вынікамі параўнальнага аналізу трох варыянтаў перакладу верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» з беларускай мовы на італьянскую: супастаўленне вынікаў перакладу Ларысы Пуцылевай і машынных мадэляў DeepSeek, GPT і Gemini. Даследчыца вызначыла эфектыўнасць кожнага з метадаў і зрабіла высновы пра магчымасці паляпшэння якасці машыннага перакладу паэтычных тэкстаў.

Навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства Ніна Сянкевіч паведаміла пра тое, як штучны інтэлект дапамагае перакладаць беларускія народныя загадкі. У цэнтры ўвагі – эксперымент па прыцягненні штучнага інтэлекту для вырашэння найбольш складаных праблем, якія паўставалі падчас перакладу на англійскую мову беларускіх народных загадак для серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі», што пабачыла свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука».
Як бачна, тэма насамрэч невычэрпная, а таму навуковы дыялог у гэтым кірунку будзе абавязкова працягнуты.
Алена Гардзей
Фота А. Гардзей і М. Кенькі






