Круглы стол “Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях”

19 сакавіка 2026 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі  адбыўся круглы стол “Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях”, арганізатарамі якога выступілі аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы) і сектар этналінгвістыкі і фальклору (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа).

Штучны інтэлект і пераклад

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Пераклад у лічбавую эпоху: выклікі, магчымасці, абмежаванні». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і кафедра сучасных тэхналогій перакладу факультэта міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.

СУСТРЭЧА НА ЗЯМЛІ ЦЯПІНСКАГА

17 сакавіка 2026 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы – загадчык аддзела Н.В. Паляшчук, вядучыя навуковыя супрацоўнікі І.У. Будзько і Э.В. Ярмоленка наведалі Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт і  прынялі ўдзел  у  круглым стале, прысвечаным прадстаўленню апошніх навуковых распрацовак аб асветніцкай і філалагічнай дзейнасці вядомага беларускага дзеяча Васіля Цяпінскага і правядзенню на Чашніччыне мерапрыемстваў у яго гонар.

У люстэрку «Роднага слова»

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа запрашае на творчую сустрэчу з галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» Наталляй Мікалаеўнай Шапран.

23 сакавіка ў 12:00

г. Мінск, вул. Сурганава, 1/2, аўд. 302

Кандрат Крапіва: яго творчая спадчына ўчора і сёння

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у круглым стале “Кандрат Крапіва: яго творчая спадчына ўчора і сёння”, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння класіка. Ігар Лявонавіч у сваім выступленні акцэнтаваў увагу на ролі К. Крапівы ў развіцці акадэмічнага мовазнаўства. Менавіта з асобай К.К. Атраховіча звязана вылучэнне Інстытута мовазнаўства з Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва і набыццё ім статуса самастойнай навуковай арганізацыі. У 1952–1956 гг. К.К. Атраховіч працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства. Гэта быў перыяд актыўнага станаўлення навуковых школ і інтэнсіўнага развіцця навуковых мовазнаўчых  напрамкаў. Пры непасрэдным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй Крапівы былі выдадзены “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963)¸”Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968), “Граматыка беларускай мовы” (т. 1-2, 1962 –1966), “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (ч. 1–3, 1957–1961), “Руска-беларускі слоўнік” (1953), “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (т. 1–5, 1977–1984) і інш.

Кандрат Крапіва – творца, навуковец, акадэмік сатыры

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і загадчык аддзела беларускай літаратуры XX і XXI стст. А.А. Бараноўскі прынялі ўдзел у праграме “Дыялогі пра культуру”, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.

Відэа: https://www.youtube.com/watch?v=ZbnY2HFOr3I

Бюро навуковага савета па дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у пасяджэнні бюро навуковага савета па дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў “Сацыяльна-эканамічная, палітычная і нацыянальна-культурная бяспека беларускай дзяржаўнасці” на 2026–2030 гады. Падчас пасяджэння членамі бюро былі абмеркаваны актуальнасць, мэты, задачы і меркаваныя вынікі НДР “Беларускамоўны медыядыскурс у эпоху штучнага інтэлекту і інфармацыйных тэхналогій” і дадзены навукова-метадычныя рэкамендацыі.

Сустрэча з творчай моладдзю

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук сустрэліся з навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Падчас сустрэчы вучоныя расказалі пра гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы,  пісьмовыя помнікі перыяду XIV– XVIII стст. (Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, Слуцкае Евангелле, “Буквар” Спірыдона Собаля і інш.). Навучэнцы азнаёміліся са спецыфікай старабеларускага алфавіта і  паспрабавалі прачытаць урывак на старабеларускай мове з “Аповесці пра Трышчана”, а таксама даведаліся пра лексікаграфічныя выданні Інстытута. У канцы сустрэчы вучоныя правялі віктарыну “Родныя словы” і падарылі калектыву каледжа кнігу “Беларуская мова ад А да Я”.

Літаратурная гасцёўня

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у “Літаратурнай гасцёўні”, якая была арганізавана ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І.Л. Капылоў расказаў аб дзяржаўным двухмоўі ў Рэспубліцы Беларусі, ролі кіраўніка ў забеспячэнні моўных правоў грамадзян, асноўных напрамках і выніках навуковых даследаванняў акадэмічных вучоных-мовазнаўцаў. 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы