28 мая 2024 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбыўся круглы стол «Акадэмічная лексікалогія і лексікаграфія: набыткі і перспектывы», прысвечаны 40-годдзю выхаду «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977–1984).
Першым да прысутных з прывітальнымі словамі звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, які адзначыў ролю «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах, 6 кнігах, створанага ў Інстытуце мовазнаўства пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы), у развіцці нацыянальнага мовазнаўства. У гэтым грунтоўным для свайго часу выданні зафіксавана больш за 105 тысяч лексічных адзінак, тэрміналагічных і фразеалагічных словазлучэнняў. Нягледзячы на аддаленасць у два пакаленні карыстальнікаў з моманту выхаду слоўнік, як слушна заўважыў І. Капылоў, і сёння застаецца адной з найважнейшых лексікаграфічных крыніц, якая максімальна поўна апісвае лексіку сучаснай беларускай мовы.