28 мая 2024 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адбыўся круглы стол «Акадэмічная лексікалогія і лексікаграфія: набыткі і перспектывы», прысвечаны 40-годдзю выхаду «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977–1984).
Першым да прысутных з прывітальнымі словамі звярнуўся дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, які адзначыў ролю «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах, 6 кнігах, створанага ў Інстытуце мовазнаўства пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы), у развіцці нацыянальнага мовазнаўства. У гэтым грунтоўным для свайго часу выданні зафіксавана больш за 105 тысяч лексічных адзінак, тэрміналагічных і фразеалагічных словазлучэнняў. Нягледзячы на аддаленасць у два пакаленні карыстальнікаў з моманту выхаду слоўнік, як слушна заўважыў І. Капылоў, і сёння застаецца адной з найважнейшых лексікаграфічных крыніц, якая максімальна поўна апісвае лексіку сучаснай беларускай мовы.
Затым вітальныя словы сказаў першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра Аляксандр Віктаравіч Бараноўскі. Ён ахарактарызаваў слоўнік і яго значэнне не толькі для мовазнаўчай супольнасці, але і для беларускай гуманітарнай навукі ў цэлым, акцэнтаваў увагу на праблемах і асаблівасцях вывучэння лексіка-семантычнай сістэмы і слоўнікавага складу сучаснай беларускай мовы. Спасылаючыся на канкрэтныя выпадкі, А. Бараноўскі падняў пытанне аб павышэнні агульнай культуры маўлення і метадзе “мяккага” навучання правільнаму ўжыванню асобных слоў і выразаў сярод шырокай грамадскасці, аб сучасных крыніцах фарміравання рэестра новага слоўніка, магчымасцях і недахопах штучнага інтэлекту, выкарыстанні апошніх тэхналогій у айчыннай лексікаграфіі. Кола адзначаных ім праблемных момантаў аказалася шырэйшае за запланаванае для абмеркавання на круглым стале, але ўсе яны так ці іначай былі звязаны з яго тэматыкай.
У выступленнях удзельнікаў круглага стала знайшлі сваё адлюстраванне прыватныя пытанні ў развіцці айчыннай лексікаграфіі. Так, Алена Васільеўна Губкіна, даследчык лексікалогіі і лексікаграфіі беларускай мовы ХХ ст., звярнулася да сацыялінгвістычнага аспекту, прыгадаўшы лінгвістычную дыскусію, што разгарнулася ў друку пасля выхаду «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы». Яна агучыла асноўныя крытычныя заўвагі рэцэнзентаў, працытавала адказ навукоўцаў і некаторыя каментарыі адносна прынцыпаў укладання слоўніка. А. Губкіна таксама адзначыла, што тлумачальны слоўнік дазваляе не толькі не заблытацца ў семантыцы сярод часам бурных «хваль слоўнікавага мора», але служыць адначасова ўніверсальным даведнікам па граматыцы, стылістыцы, фразеалогіі і нарматыўным ужыванні лексічнага складу мовы. А ўкладальнікам новага слоўніка пажадала захаваць лепшыя лексікаграфічныя традыцыі, выкарыстаць набыткі папярэднікаў і сказаць новае важкае слова ў беларускай лексікаграфіі.
За любой лексікаграфічнай падзеяй стаяць рэальныя людзі – рэдактары, аўтары слоўнікавых артыкулаў, складальнікі канцэпцыі і інструкцыі, распрацоўшчыкі спецыяльнай праграмы, тыя, хто вычытвае тэксты, лабаранты... Адной са знакавых асоб, якія мелі непасрэднае дачыненне да стварэння «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», быў доктар філалагічных навук, прафесар Арцём Яфімавіч Баханькоў. Пра яго навуковую дзейнасць і ролю ў развіцці акадэмічнай лексікалогіі і лексікаграфіі больш падрабязна расказала навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Тамара Мікалаеўна Маракуліна. Выступленне мовазнаўцы, прыведзеныя ёй факты з біяграфіі, пэўныя лічбы, выпіскі з афіцыйных дакументаў, успаміны сына Арцёма Яфімавіча чарговы раз пацвердзілі вялікі ўклад вучонага ў развіццё айчыннай лексікаграфіі і мовазнаўчай навукі ў цэлым, сталі словамі пашаны, гонару і ўдзячнасці да 100-годдзя з дня нараджэння А. Я. Баханькова.
Падсумаваўшы вопыт папярэднікаў, прааналізаваўшы лексікалагічныя набыткі і пэўныя недакладнасці, Алена Мікалаеўна Лапцёнак, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі, у сваім выступленні спынілася на перспектывах гэтай галіны мовазнаўчай навукі. Яна распавяла прысутным пра задачы новага выдання, прадэманстравала яго матэрыяльна-тэхнічную базу, назвала крыніцы ілюстрацый, на канкрэтных прыкладах патлумачыла прынцыпы ўкладання новага тлумачальнага слоўніка, спынілася на момантах, якія атрымалі навуковае асэнсаванне ці пераасэнсаванне, паколькі не стаіць на месцы час, а разам з ім грамадства і мовазнаўчая навука. Зроблена вялікая падрыхтоўчая праца, якая, аднак, не здымае ўсе праблемныя пытанні: змены ў мове на сучасным этапе настолькі імклівыя, што лексікаграфія не заўсёды паспявае зафіксаваць і дакладна вызначыць з’яву лексічнага характару, ацаніць яе адносіны да нарматыўнасці, спрагназаваць дынаміку функцыянавання і інш.
Пэўным чынам апісаць і ў нейкай ступені вырашыць указаную вышэй складанасць дазваляюць аўтарскія слоўнікі, як, напрыклад, «Слоўнік новых запазычаных слоў беларускай мовы» Н. Даўгулевіч, В. Уласевіч. Магчымасці неаграфіі і значэнне яе лексікаграфічных прадуктаў былі акрэслены ў выступленні аднаго з аўтараў названага слоўніка, вядучага навуковага супрацоўніка аддзела сучаснай беларускай мовы Вікторыі Іванаўны Уласевіч. Навуковец слушна заўважыла, што неабавязкова яркае, кідкае, запамінальнае і нават шырокаўжывальнае на пэўным храналагічным зрэзе слова ўвойдзе ў рэестр грунтоўнага тлумачальнага слоўніка, разам з тым месца ў ім можа знайсціся і для неалагізма, і нават для слэнгу.
Удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» не пазбег пэўных недахопаў і вызначаецца адноснай ужо актуальнасцю, што непазбежна і выклікана аб’ектыўнымі прычынамі, аднак пры гэтым бясспрэчным застаецца адно: ён і па сёння першая і адзіная лексікаграфічная крыніца такога ўзроўню і значэння ў беларускім мовазнаўстве.
Анастасія Марозава,
навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі