23 верасня 2022 года адбылася сустрэча супрацоўнікаў інстытута з Умідам Ачылавічам Камалавым, выкладчыкам кафедры рускага мовазнаўства факультэта рускай і роднасных моў Тэрмезскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Рэспубліка Узбекістан), у рамках навуковай стажыроўкі.
Умід Ачылавіч выступіў з паведамленнем пра структуру і дзейнасць установы адукацыі, якую ён прадстаўляе, спецыфіку навукова-педагагічнай і грамадскай работы, статус рускай мовы як замежнай у Рэспубліцы Узбекістан. Даклад суправаджаўся відэапрэзентацыяй, на якой былі прадстаўлены фотаздымкі студэнцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных рускай культуры (літаратурныя вечары па творчасці А. С. Пушкіна, святкаванне Масленіцы, конкурс рускай песні). Стажор расказаў пра ўласныя навуковыя інтарэсы, засяродзіўшы ўвагу на тэме і аб’екце дысертацыйнага даследавання “Функционально-семантические типы оптативных предложений в русском и узбекском языках”, сутнасць якога адпавядае асноўнаму напрамку дзейнасці аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей.