“Францыск Скарына і яго паслядоўнікі”

Пад такой назвай 26 лістапада 2025 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі быў праведзены круглы стол, прымеркаваны да 500-годдзя выдання кнігі “Апостал” Францыска Скарыны (Вільня, 1525).

У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) – загадчык аддзела Н.В. Паляшчук, вядучыя навуковыя супрацоўнікі І.У. Будзько і Э.В. Ярмоленка.

Н.В. Паляшчук і Э.В. Ярмоленка прачыталі даклад “«Апостал» Францыска Скарыны ў мовазнаўчым асвятленні”, у якім прааналізавалі айчынныя і замежныя даследаванні ХІХ–ХХІ стагоддзяў, прысвечаныя “Апосталу” (П.У. Уладзіміраў, І.В. Воўк-Левановіч, А.І. Жураўскі, У.В. Анічэнка, А.М. Булыка, М.Г. Булахаў, Г. Ротэ, І.У. Будзько і інш.), а таксама акрэслілі кола надзённых пытанняў, звязаных з моватворчай і перакладчыцкай дзейнасцю Скарыны.

 І.У. Будзько ў дакладзе “Лексічны склад “Апостала” Францыска Скарыны (Вільня, 1525 г.) у кантэксце супастаўлення слоўнікавага складу пражскіх і віленскіх выданняў беларускага першадрукара” звярнула ўвагу на асаблівасці перакладчыцкай тэхнікі асветніка, абгрунтавала важнасць стварэння адзінага корпуса ўсіх скарынінскіх выданняў і ўкладання на яго аснове і з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій новага слоўніка мовы Францыска Скарыны.

На круглым стале таксама выступілі даследчыкі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (філіял “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы”), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Мерапрыемства завяршылася паказам відэароліка да дня нараджэння першадрукара і да 500-годдзя выдання “Апостала” “З кнігай і песняй – скрозь вякі” беларускага таварыства “Сябры” ў Нарве (Эстонія) і правядзеннем прэзентацыя выстаўкі “Починается книга Деяний и Посланий апостольских” у Музеі кнігі.

Н. Паляшчук, Э. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы