
У цёплай і шчырай атмасферы ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі 17 лістапада прайшла прэзентацыя новай кнігі пісьменніка, журналіста, аўтара вядомых праграм «Суразмоўцы» і «Дыялогі пра культуру», заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча “Чырвоны мост”. Калегі, сябры, вучоныя і юныя чытачы сабраліся разам, каб абмеркаваць твор, падзяліцца ўражаннямі і павіншаваць аўтара з выхадам кнігі. Імпрэзу адкрыла дырэктар Цэнтра Вольга Мікалаеўна Папко, якая адзначыла ўклад у беларускую літаратуру і культуру Навума Якаўлевіча і сардэчна пажадала яму творчага натхнення і новых літаратурных адкрыццяў.

Сваімі думкамі пра кнігу падзяліліся дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч, старшыня Савета маладых вучоных Інстытута гісторы НАН Беларусі Дзмітрый Уладзіміравіч Лішай, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч. Выступоўцы адзначылі, што твор з’яўляецца своеасаблівай споведдзю, лірычным дзённікам з багатай і цікавай біяграфіяй, напоўненай шчымлівым лірызмам, тонкім гумарам і светлай самотай.

Мерапрыемства праходзіла ў фармаце алфавітнага інтэрв’ю, якое правяла старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Любоў Георгіеўна Дуктава. Словы з кнігі былі пакладзены ў аснову пытанняў да аўтара, а яго адказы дапамаглі прысутным пазнаёміцца з мастацкімі асаблівасцямі твору. Жывы дыялог спрыяў адкрытаму абмену думкамі паміж аўтарам і слухачамі.

Выступленні ўдзельнікаў і аўтара суправаджаліся вершамі Навума Гальпяровіча “Лістапад”, “Мой Полацк – мой Ерусалім” ў выкананні супрацоўнікаў Цэнтра, а таксама вучняў “Сярэдняй школы № 42 г. Магілёва”, якія прадставілі відэа з чытаннем верша “Я вучань. Птушкі пішуць мне…”.
З цёплымі словамі ўдзячнасці выступілі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Алена Путрыч і Паліна Басалыга. Падарунак “Скрыні жыццёвых крокаў”, сабраны з прадметаў, сімвалізаваў важныя этапы жыцця аўтара, яго асабісты “крок” па мосце творчага і чалавечага станаўлення.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел вучні “Гімназіі № 22 г. Мінска”, якія з цікавасцю сустрэліся не толькі з аўтарам кнігі, але і вучонамі-літаратуразнаўцамі і мовазнаўцамі. Гэта сустрэча стварыла асаблівую атмасферу дыялогу паміж пакаленнямі.

Фота Ю. Іванова і М. Верабей









