Інстытут мовазнаўства быў створаны на базе мовазнаўчых камісій былога Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) 2 лістапада 1929 г. (пратакол № 36 пасяджэння Прэзідыума БАН ад 02.11.1929 г.).
У 1935 г. Інстытут мовазнаўства ўвайшоў у склад аб’яднанага Інстытута літаратуры, мастацтва і мовы АН БССР.
З 1952 г. адноўлены асобны Інстытут мовазнаўства АН БССР (рашэнне Дзяржаўнай штатнай камісіі пры Савеце Міністраў СССР ад 29 мая 1952 г., загад № 258 па АН БССР ад 14 чэрвеня 1952 г.). Імя народнага паэта БССР Якуба Коласа Інстытуту прысвоена ў 1956 г. (пастанова Савета Міністраў БССР ад 15 жніўня 1956 г.).
З 1997 г. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі (указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.05.1997 г. № 281, пастанова Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 30.05.1997 г. № 21).
З 2007 г. у складзе Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы.
З 2015 г. філіял «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Дырэктар: Капылоў Ігар Лявонавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
У склад Інстытута ўваходзіць шэсць аддзелаў і тры сектары:
1. Аддзел сучаснай беларускай мовы. Загадчык – доктар філалагічных навук Русак Валянціна Паўлаўна.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці – даследаванне граматычнага ладу і лексічнага складу беларускай мовы і праблем культуры беларускай мовы.
Аддзел забяспечвае адукацыйныя ўстановы Беларусі фундаментальнымі граматыкамі, манаграфіямі, унікальнымі слоўнікамі, міжнароднымі атласамі АЛА, якія распрацоўваюцца з дапамогай інавацыйных тэхналогій.
2. Аддзел гісторыі беларускай мовы. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Паляшчук Наталля Вікенцьеўна.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці – гісторыя беларускай мовы.
Супрацоўнікі аддзел выконваюць працу па падрыхтоўцы слоўнікаў, якія адлюстроўваюць лексіку беларускай мовы XIV–XVIII cтст.; займаюцца падрыхтоўка манаграфій, прысвечаных развіццю і функцыянаванню беларускай мовы адзначанага перыяду; вядуць дзейнасць па вяртанні пісьмовай спадчыны ў культурную прастору Беларусі (падрыхтоўка да выдання і даследаванне помнікаў пісьменнасці XІІІ–XVIII cтст.); займаюцца ўкараненнем IT-тэхналогій у даследаванні гісторыі мовы (алічбоўка картатэкі ГСБМ; стварэнне тэкставай базы старабеларускай мовы; стварэнне OCR-мадэлі для распазнавання старажытных беларускіх тэкстаў з выявы).
3. Аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Курцова Вераніка Мікалаеўна.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці – даследаванне сучаснага і гістарычнага стану беларускіх народных гаворак, іх адносін да літаратурнай мовы і гаворак суседніх моў, тэрытарыяльна-прасторавых адносін паміж дыялектнымі адзінкамі.
Супрацоўнікі праводзяць даследаванні ў такіх галінах, як лінгвагеаграфія, дыялектная лексікаграфія, а таксама тэкстаграфія.
4. Аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Лапцёнак Алена Мікалаеўна.
Асноўны напрамак навуковай дзейнасці – тэорыя і практыка даследавання і апісання лексікі беларускай мовы XX–ХХІ стст.
Супрацоўнікі аддзела займаюцца падрыхтоўкай тлумачальных і перакладных слоўнікаў, а таксама манаграфічных лексікалагічных даследаванняў.
- Сектар камп’ютарнай лінгвістыкі. Загадчык – Кошчанка Уладзімір Аляксандравіч.
Сектар стварае комплексную інфраструктуру для апрацоўкі беларускай мовы, якая ахоплівае лексікаграфію, корпусную лінгвістыку, тэхналогіі ШІ і сінтэзу маўлення і г. д.
Усе распрацоўкі інтэгруюцца ў адзіную экасістэму інструментаў для навуковых даследаванняў і практычнага прымянення ў розных сферах адукацыі, перакладазнаўства, а таксама развіцця ШI-тэхналогій для беларускай мовы.
5. Аддзел славістыкі і тэорыі мовы. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Аліферчык Таццяна Мікалаеўна.
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці аддзела з’яўляюцца этымалагічныя і гісторыка-этымалагічныя даследаванні беларускай лексікі (стварэнне «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы»); славістыка, лінгвістычная арэалогія і перакладазнаўства; даследаванні беларускай пісьмовай мовы ХІХ ст.
- Сектар усходазнаўства. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Сеўрук Дзмітрый Эдуардавіч.
Асноўныя напрамкі дзейнасці сектара – даследаванне пісьмовай спадчыны татараў былога Вялікага Княства Літоўскага, а таксама вывучэнне ўсходніх рукапісаў (арабскіх, персідскіх і турэцкіх), што захоўваюцца ў дзяржаўных кнігазборах Рэспублікі Беларусь.
- Сектар этналінгвістыкі і фальклору. Загадчык – Боганева Алена Міхайлаўна.
Напрамкі навуковай дзейнасці – даследаванні традыцыйнай культуры ў кантэксце беларуска-іншамоўнага і беларуска-іншакультурнага ўзаемадзеяння; сістэматызацыя, картаграфаванне і навуковае каментаванне этнакультурных з’яў, падрыхтоўка «Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа».
6. Аддзел беларуска-рускіх моўных сувязей. Загадчык – кандыдат філалагічных навук Ялынцава Ірына Уладзіміраўна.
Напрамкі навуковай дзейнасці – даследаванне функцыянавання беларускай і рускай моў ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя, супастаўляльнае апісанне беларускай і рускай моў.
Супрацоўнікі аддзела таксама займаюцца падрыхтоўкай комплексу выданняў для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.
У Інстытуце сфарміравалася 5 навуковых школ, якія аказалі істотны ўплыў на развіццё навукі і тэхнікі: фанетычная, славістычная, гістарычная, лінгвагеаграфічная, анамастычная.
Фанетычная. Сфарміравалася ў 60-я гады. Заснавальнік: акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар А.І. Падлужны. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці: эксперыментальнае даследаванне фанетыкі і фаналогіі беларускай мовы; даследаванне вуснай мовы ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя.
Славістычная. Сфарміравалася ў 60-я гады. Заснавальнік: доктар філалагічных навук, прафесар В.У. Мартынаў. Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці: параўнальна-тыпалагічнае славянскае мовазнаўства; падрыхтоўка этымалагічных слоўнікаў беларускай мовы і двухмоўных беларуска-славянскіх слоўнікаў.
Гістарычная. Сфарміравалася ў 50-я гады. Заснавальнік: член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.І. Жураўскі. Асноўны напрамак даследаванняў: гісторыя беларускай мовы, стварэнне слоўнікаў і манаграфій, прысвечаных апісанню старабеларускай мовы.
Лінгвагеаграфічная. Напрамак сфарміраваны прафесарам П.А. Бузуком у 20-я гады ХХ ст. Вялікі ўклад у развіццё лінгвагеаграфічнай школы ў 50–80 гг. унесла член-карэспандэнт НАН Беларусі доктар філалагічных навук Ю.Ф. Мацкевіч. За цыкл работ у гэтай галіне група вучоных-лінгвістаў удастоена Дзяржаўнай прэміі СССР за 1970 г., Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за 2000 г. Асноўны напрамак даследаванняў – вывучэнне гісторыі і сучаснага стану беларускіх народных гаворак.
Анамастычная. Заснавана ў 50-я гады акадэмікам НАН Беларусі М.В. Бірылам. Асноўныя напрамкі даследаванняў: вывучэнне гісторыі фарміравання і ўмоў функцыянавання ўласных імёнаў, распрацоўка тэарэтычных асноў унармавання і стандартызацыі тапонімаў і антрапонімаў.
Асноўныя напрамкі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці Інстытута мовазнаўства:
Даследаванне беларускай мовы на розных этапах яе развіцця.
Параўнальна-гістарычнае і структурна-тыпалагічнае вывучэнне моў (індаеўрапейскіх, пераважна славянскіх).
Супастаўляльнае вывучэнне блізкароднасных дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.
Прыярытэтным напрамкам даследаванняў і распрацовак Інстытута з’яўляецца комплекснае даследаванне працэсаў фарміравання і функцыянавання нацыянальнай беларускай мовы як асобнай высокаразвітой славянскай мовы на ўсіх этапах яе функцыянавання, сучаснага стану яе сістэмы, асноўных працэсаў і тэндэнцый эвалюцыі слоўнікавага складу і граматычнага ладу сучаснай літаратурнай мовы ў пачатку ХХІ стагоддзя і яе сувязей з іншымі славянскімі і неславянскім мовамі, а таксама падрыхтоўка факталагічнай базы для патрэб сучаснай моўнай практыкі і вучэбнага працэсу на ўсіх узроўнях адукацыі.
Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў
У цяперашні час Інстытут з’яўляецца галаўной арганізацыяй па распрацоўцы падпраграмы «Мовазнаўства» Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2026–2030 гады «Сацыяльна-эканамічная, палітычная і нацыянальна-культурная бяспека беларускай дзяржаўнасці» (кіраўнікі акад., д-р гіст. навук Каваленя А.А., акад., д-р гіст. навук, д-р архітэктуры Лакотка А.І.). Інстытут удзельнічае ў распрацоўцы міжнароднага праекта «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас».
Найбольш значныя дасягненні Інстытута ў апошні час:
Ажыццёўлена лексікаграфічная апрацоўка слоўнага фонду старабеларускай мовы і падрыхтаваны ўнікальныя гісторыка-лінгвістычныя слоўнікі: «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы», «Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі», «Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове». Самым значным дасягненнем названага напрамку з’яўляецца «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» ў 37 выпусках (1982–2017) – першы і адзіны ў айчыннай гуманітарнай навуцы даведнік, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст., выступае надзейнай крыніцай пазнання мінулага Беларусі. Навуковая, практычная, сацыяльная значнасць «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», адсутнасць аналагаў яму ў свеце даюць усе падставы лічыць яго праектам стагоддзя беларускай гуманітарыстыкі і адным з яе найважнейшых здабыткаў.
У галіне лінгвагеаграфіі на аснове пяцітомнага выдання «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» апублікавана комплексная навукова-інтэрпрэтацыйная і даведачна-інфармацыйная праца «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы», якая складаецца з бібліяграфічнай часткі (асвятленне ролі аўтараў Атласа), манаграфічнага раздзела (гісторыя яго стварэння, структура, тыпы лінгвагеаграфічных картаў і іх асаблівасці), індэкса слоў і розных даведачных матэрыялаў.
Створаны «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны» – фундаментальнае навуковае выданне, на картах якога адлюстраваны поліструктурны комплекс асаблівасцей унікальнага этнамоўнага і этнакультурнага рэгіёна Беларусі – Тураўшчыны.
Упершыню ў гісторыі нацыянальнай дыялекталогіі створаны рэгіянальны слоўнік («Мова Сенненшчыны» ў 2 тамах) на падставе навуковых вынікаў лінгвагеаграфічнага падзелу беларускамоўнай прасторы. Слоўнік уключае вялікую колькасць лексічных матэрыялаў, звязаных са сферай духоўнай культуры.
У аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі таксама было падрыхтавана выданне «Ярушэвіч А. В. Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына» – лексікаграфічная праца, якая амаль стагоддзе захоўвалася як архіўны дакумент. Перакладны слоўнік рыхтаваўся аўтарам на базе сярэднебеларускіх гаворак, асаблівасці якіх сталі асновай кадыфікаванай беларускай нацыянальнай мовы. Слоўнік цікавы і як гістарычны дакумент, бо дазволіць даследчыкам, якія займаюцца як вывучэннем перыяду 1920-х гадоў, так і беларускага мовазнаўства наогул, адказаць на шматлікія пытанні, звязаныя са слоўнікавай працай часу станаўлення нацыянальнай лінгвістыкі. Гэта даследаванне – каштоўная крыніца навуковай інфармацыі, якая дапамагае паглыбіцца ў вывучэнне агульнатэарэтычных пытанняў лексікаграфіі.
Упершыню ў нацыянальнай лексікаграфіі апублікаваны ў максімальна поўным аб’ёме архіўныя матэрыялы Я. Н. Драздовіча (Галуза І. У. «Язэп Драздовіч. Моўная і этнаграфічная спадчына: архіўныя матэрыялы»), аднаго з аўтараў матэрыялаў для слоўніка жывой беларускай мовы.
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве з улікам моўнай практыкі і тэндэнцый, што праявіліся ў сістэме беларускай мовы на мяжы стагоддзяў, падрыхтаваны ўнікальны комплекс прац: «Граматычны слоўнік дзеяслова», «Граматычны слоўнік назоўніка», «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя».
Асобнай увагі заслугоўвае «Русско-белорусский системный семантический словарь» у 2 тамах, у якім знайшло адлюстраванне сістэмнае супастаўляльнае вывучэнне лексіка-семантычных сістэм блізкароднасных беларускай і рускай моў. Гэта новы тып двухмоўнай лексікаграфічнай працы ў беларускай лінгвістычнай навуцы, якая не мае аналагаў не толькі ў нашай краіне, але і ў краінах СНД. Выданне з’яўляецца першай айчыннай спробай складання двухмоўнага слоўніка супастаўляльнага тыпу. Навуковы калектыў адзначаны Міждзяржаўнай прэміяй «Зоркі Садружнасці» – галоўнай гуманітарнай прэміяй СНД за 2023 год – у намінацыі «За вялікі ўклад і дасягненні ў галіне навукі і адукацыі».
З мэтай забеспячэння патрэб школьнага навучання і сучаснай моўнай практыкі падрыхтаваны комплекс лексікаграфічных і даведачных выданняў: перакладныя слоўнікі («Современный русско-белорусский словарь для школьников», «Современный русско-белорусский словарь», «Беларуска-рускі слоўнік» і інш.); арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі па сучаснай беларускай мове («Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы», даведнік па беларускай арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі «Пішам па-беларуску: даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі. Дапаможнік для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання», «Сучасная беларуская арфаграфія. Правілы. Каментарыі. Слоўнікавыя дадаткі»), разнастайныя слоўнікі і дапаможнікі для пачатковай і сярэдняй школы («Словообразовательный словарь русского языка», «Словообразовательный словарь русского языка для начальной школы», «Марфемны слоўнік беларускай мовы для малодшых школьнікаў», «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў малодшага ўзросту», «Словарные слова. Занимательный материал: пособие для младших школьников» (у 2 ч.) і інш.). Пералічаныя выданні маюць важнае значэнне ў справе павышэння культуры мовы падрастаючага пакалення, пераадолення лексічных памылак у маўленні школьнікаў-білінгваў, з’яўляюцца сродкам павышэння ведаў аб нацыянальнай мове і характары адрозненняў яе ад блізкароднаснай рускай як другога кампанента дзяржаўнага двухмоўя, якое вызначае сучасную моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь.
Па ініцыятыве члена-карэспандэнта НАН Беларусі М. Судніка быў падрыхтаваны і выдадзены аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996 г.; новыя выданні слоўніка выйшлі ў 2016 і 2022 гадах пад рэдакцыяй І.Л. Капылова), у якім у значнай ступені былі ўлічаны змены, што адбыліся ў лексічным складзе беларускай літаратурнай мовы ў 90-я гады ХХ стагоддзя, удакладнены значэнні і стылістычныя характарыстыкі слоў, больш кампактна пададзены лексічны матэрыял.
Важную ролю ў справе ўнармавання слоўнікавага складу літаратурнай мовы адыгралі «Руска-беларускі слоўнік» (1-е выданне – 1953; 12-е выданне – 2012), «Беларуска-рускі слоўнік» (1-е выданне – 1962; 4-е выданне – 2012).
У комплексе фундаментальных навуковых даследаванняў лексікаграфічнага і лексікалагічнага профілю, якія праведзены ў Інстытуце мовазнаўства, асобае месца належыць тэме «Мова “Нашай Нівы” (1906–1915)», якая ўключае «Слоўнік мовы “Нашай Нівы”» ў 5 тамах (выйшлі чатыры тамы) і тры манаграфіі: «Мова “Нашай Нівы”. Варыянтнасць. Сінанімія», «Мова “Нашай Нівы”. Семантыка. Стылістыка», «Мова “Нашай Нівы”. Сінтаксіс тэксту» (рукапіс). Працы заснаваны на моўным матэрыяле самай буйной легальнай беларускамоўнай газеты «Наша Ніва», якая стаяла ля вытокаў адраджэння беларускай літаратурнай мовы пачатку ХХ ст. і мела вялікае значэнне ў яе далейшым станаўленні і развіцці, у наданні ёй яркага нацыянальнага аблічча і шырокага грамадскага гучання. Асноўным звяном навуковага комплексу з’яўляецца «Слоўнік мовы “Нашай Нівы” (1906–1915)», створаны ўпершыню ў беларускай лексікаграфіі як тэзаўрус адной унікальнай беларускамоўнай крыніцы.
У Інстытуце мовазнаўства даследуюцца міжмоўныя кантакты, вядзецца работа па стварэнні перакладных іншамоўна-беларускіх слоўнікаў. Вынікам гэтай працы стала з’яўленне такіх выданняў, як «Французска-беларускі слоўнік прававой лексікі». На працягу многіх гадоў вучоныя працуюць над стварэннем «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (апублікавана 14 тамоў), у якім раскрываецца паходжанне лексікі беларускай мовы ў яе суадносінах з лексікай іншых моў.
Створана База даных Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа – электронная версія ўнікальнага рукапіснага архіва, сабранага навукоўцамі, выкладчыкамі, студэнтамі ў канцы 70-х – 80-х гг. ХХ ст. па ўсёй тэрыторыі Беларусі па спецыяльнай этналінгвістычнай праграме. На сённяшні дзень база ўяўляе сабой масіў дыялектнай, фальклорнай, этнаграфічнай інфармацыі (каля 26,5 тыс. адзінак) з 1610 вёсак усіх рэгіёнаў Беларусі, у якім прадстаўлены ўяўленні, вераванні, звычаі, легенды, міфалагічныя апавяданні і інш.
Развіваецца ў Інстытуце і такі ўнікальны напрамак, як кітабістыка. Аб’ект яго даследавання – гэта рукапісная спадчына беларускіх татараў, якая з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры і змяшчае найбагацейшы матэрыял па гісторыі беларускай мовы XVII–XX стст. Вынікам яе вывучэння стала выданне каталогаў «Рукапісы татараў Беларусі канца XVII – пачатку XX стагоддзя з дзяржаўных кнігазбораў краіны» і «Рукапісы татараў Беларусі XVIII – пачатку XXI стагоддзя з дзяржаўных і грамадскіх кнігазбораў краіны»; апублікаваны каталог найбольш каштоўных рукапісаў, што застаюцца ў прыватных кнігазборах Беларусі – «Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі»; публікуюцца і даследуюцца асобныя тэксты: «З рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ: тэксты і даследаванні», «Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст».
Упершыню створаны Нацыянальны корпус беларускай мовы аб’ёмам 1 млрд словаўжыванняў, які ўключае тэксты беларускай мовы пачынаючы з ХVI стагоддзя па сённяшні дзень (у яго ўваходзіць поўны корпус тэкстаў Бібліі Ф. Скарыны, корпус тэкстаў XIX стагоддзя, корпус тэкстаў ХХ стагоддзя, корпус беларускіх дыялектных тэкстаў і г. д.).
У межах працы над корпусам таксама створана Граматычная база беларускай мовы на 266 000 парадыгмаў (самы вялікі слоўнік беларускай мовы на сённяшні дзень, уваходзіць у 30 найбуйнейшых слоўнікаў свету). Мае анлайн- і CD-версіі.
Нацыянальны корпус электронных тэкстаў беларускай мовы, граматычная база маюць вялікае практычнае значэнне, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій надае беларускай мове вялікую падтрымку і выводзіць у шэрагі канкурэнтаздольных моў. Корпус і граматычная база шырока і эфектыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, у вучэбна-метадычнай рабоце, у навукова-даследчай рабоце, у лексікаграфічнай практыцы, у рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці, пры вывучэнні матэматычных мадэлей мовы і далейшым стварэнні праграм аўтаматычнай апрацоўкі тэксту, у перакладазнаўстве і г. д
Супрацоўнікамі Інстытута ўпершыню распрацавана і апублікавана анлайн-версія «Кітайска-беларускага і беларуска-кітайскага слоўніка» (20 тыс. слоў). Стварэнне слоўніка мае вялікае практычнае і культурнае значэнне – гэта важны крок у пашырэнні міжкультурных зносін паміж беларускім і кітайскім народамі (пераклады, вывучэнне нацыянальных моў і інш.).
Узнагароды
У 1971 г. за цыкл работ у галіне лінгвагеаграфіі былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР супрацоўнікі Інстытута Ю.Ф. Мацкевіч, Н.Т. Вайтовіч, А.А. Крывіцкі, Я.М. Рамановіч, А.Р. Мурашка, А.П. Груца, В.М. Шэлег, М.В. Бірыла, Г.У. Арашонкава.
У 2000 г. калектыў аўтараў (Ю.Ф. Мацкевіч, Ф.Д. Клімчук, Я.М. Рамановіч, А.І. Чабярук, І.Я. Яшкін, С.Г. Лобач) удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі за работу «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (у 5 тамах).
У 2001 г. вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук А.А. Крывіцкі ўзнагароджаны Медалём Францыска Скарыны.
У 2018 г. загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа доктар філалагічных навук В.П. Русак узнагароджана Медалём Францыска Скарыны.
У 2020 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук І.Л. Капылоў узнагароджаны Медалём Францыска Скарыны.
У Інстытуце мовазнаўства падрыхтаваны буйныя работы (слоўнікі, граматыкі, атласы, манаграфічныя даследаванні), якія ў значнай ступені вызначылі развіццё ўсёй мовазнаўчай навукі ў Беларусі, а таксама садзейнічалі фарміраванню і станаўленню нормаў беларускай літаратурнай мовы на ўсіх узроўнях яе сістэмы. Гэтыя работы і сёння з’яўляюцца базай для стварэння вучэбнай літаратуры для ўсіх узроўняў адукацыі.







