Былы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі – адна са старэйшых навукова-даследчых устаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Інстытут быў створаны 2 лістапада 1929 года рашэннем Прэзідыума Беларускай акадэміі навук на базе мовазнаўчых кафедраў і камісій, што існавалі ў структуры Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта). У пратаколе № 36 пасяджэння Прэзідыума БАН ад 2 лістапада 1929 г. запісана:
“Слухалі: Аб арганізацыі Інстытута мовазнаўства.
Пастанавілі: Арганізаваць Інстытут мовазнаўства, у якім аб’яднаць усе ўстановы, якія займаюцца вывучэннем беларускай мовы, уключаючы і Інстытут навуковай мовы як тэрміналагічную камісію. У Інстытут мовазнаўства ўваходзяць і адпаведныя камісіі нацсектароў. На чале Інстытута паставіць дырэкцыю ў наступным складзе: дырэктар – Некрашэвіч, нам. дырэктара – Лёсік, вучоны сакратар – Бузук. Даручыць дырэкцыі выпрацаваць структуру і палажэнне аб ім і прадставіць на зацверджэнне ў Прэзідыум БАН”.
Факт прыняцця ў 1929 г. рашэння аб стварэнні Інстытута мовазнаўства пацвярджаецца і акадэмічным выданнем “Запіскі Аддзелу гуманітарных навук Беларускай акадэміі навук” (кн. 9., т. ІІ, Мн., 1929), дзе на с. 325 – 327 указана: “...усе мовазнаўчыя ўстановы аб’яднаны ў Інстытут мовазнаўства, пры гэтым кафедра жывой беларускай мовы і гісторыі беларускай мовы ліквідаваны, а Інстытут навуковай мовы пераіменаваны ў Тэрміналагічную камісію. Такім чынам, склад Інстытута наступны: а) тэрміналагічная камісія; б) камісія па складанню слоўніка жывой беларускай мовы; в) дыялекталагічная камісія; г) камісія па складанню гістарычнага слоўніка беларускай мовы; д) правапісная камісія”.
На пасяджэнні Прэзідыума БАН 8-9 снежня 1929 года было разгледжана і ў асноўным адобрана пытанне аб перспектыўным плане Інстытута мовазнаўства.
29 сакавіка 1931 года Прэзідыум БАН пры разглядзе пытання аб перабудове структуры Беларускай акадэміі навук прыняў рашэнне “а) арганізаваць навукова-даследчы Інстытут мовазнаўства БАН на базе былых тэрміналагічнай, слоўнікавай, дыялекталагічнай і камісіі гістарычнага слоўніка”. Гэтае паўторнае рашэнне, як можна меркаваць з прыведзеных вышэй дакументаў, было звязана з рэарганізацыяй структуры Беларускай акадэміі навук і з выпрацоўкай структуры Інстытута мовазнаўства і палажэння аб ім, што прадугледжвалася пратаколам Прэзідыума БАН № 36 ад 2 лістапада 1929 года. У гэтым жа 1931 годзе дырэктарам Інстытута мовазнаўства быў назначаны вядомы лінгвіст П.А.Бузук (пратакол № 10 пасяджэння Прэзідыума АН БССР ад 25 красавіка 1931 г.). У 1933 годзе дырэктарам Інстытута мовазнаўства прызначаны І.С. Дварчанін (пратакол № 22 пасяджэння Прэзідыума АН БССР ад 3 ліпеня 1933 г.).
Інстытут літаратуры заснаваны ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 29 сакавіка 1931 года на базе былой кафедры літаратуры Акадэміі.
У пачатку 1931 года склалася агульная структура Інстытута як навуковай установы акадэмічнага профілю ў сістэме БАН, вызначаліся асноўныя напрамкі яго дзейнасці і сама назва – Інстытут літаратуры і мастацтва.
У ліпені 1935 г. у сувязі са змяненнем структуры АН БССР была прынята пастанова ЦК КП(б)Б, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што “з мэтай канцэнтрацыі і павышэння якасці навкова-даследчай работы, а таксама ўмацавання кіраўніцтва і ўкамплектавання кадрамі навукова-даследчых устаноў лічыць неабходным правесці рэарганізацыю наступных навукова-даследчых устаноў:
па Беларускай акадэміі навук:
1. Стварыць на базе інстытутаў літаратуры, мастацтва і мовы адзін інстытут – літаратуры, мастацтва і мовы.
Зацвердзіць часова выконваючым абавязкі дырэктара інстытута т. Вольскага.
Паставіць перад інстытутам у якасці бліжэйшай і асноўнай задачы – падрыхтоўку высокакваліфікавных кадраў і хутчэйшы выпуск падручніка беларускай мовы, слоўнікаў і кіраўніцтва па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва”.
У 1936 – 1937 гг. Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў А.А. Александровіч. У 1937 годзе некаторы час абавязкі дырэктара інстытута выконваў Р.В.Краснеўскі, а з 1937 г. па 1952 г. дырэктарам быў В.В.Барысенка.
У перадваенныя гады ў Інстытуце былі выдадзены “Беларуская граматыка. Марфалогія” (1936), “Сінтаксіс беларускай мовы” (1939), “Курс сучаснай беларускай мовы” (1940), “Руска-беларускі слоўнік” пад рэдакцыяй А.А.Александровіча (1937). З канца 30-х гадоў у друку сталі з’яўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў В.Барысенкі, М.Ларчанкі, Ю.Пшыркова, Н.Перкіна, С.Майхровіча, В.Івашына, прысвечаныя розным праблемам гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст., жыццю і творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.
У 1940 годзе ў складзе аб’яднага інстытута было 20 чалавек. У іх ліку 1 акадэмік, 2 члены-карэспандэнты, 1 прафесар, 10 старшых навуковых супрацоўнікаў, 2 работнікі навукова-тэхнічнага персаналу. Дзевяць супрацоўнікаў мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся з дзвюх секцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі, з якіх тры былі мовазнаўчага профілю: 1) беларуска-рускі слоўнік; 2) вывучэнне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленне беларускага правапісу. Са справаздачы за 1940 год бачна, што секцыя мовы працавала вельмі плённа. На жаль, усе матэрыялы секцыі мовы, у тым ліку і фундаментальная картатэка,загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 года (да 1946 года яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М.Ц.Лынькоў) у складзе трох сектараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 г. у яго складзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Асноўнымі навуковымі напрамкамі, над якімі працаваў Інстытут у гэты перыяд, былі пытанні гісторыі беларускай літаратуры, беларускай лексікаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва ў дні Вялікай Айчыннай вайны. У сектары мовы ў гэты перыяд працавалі К.К.Крапіва (Атраховіч) (кіраўнік сектара), М.Р.Суднік, М.А.Жыдовіч, Ю.Ф.Мацкевіч, Г.Д. Жылуновіч, П.Ф.Глебка, Я.А.Язвінская, М.П.Лобан, Е.М.Броўка. У гэты перыяд калектыў мовазнаўцаў у складзе П.Ф.Глебкі (кіраўнік), М.Р. Судніка, М.П.Лобана, Н.Т.Вайтовіч, Я.А.Язвінскай, Е.М.Броўка, Ю.Ф.Мацкевіч, Е.І.Неразік вёў актыўную работу па складанні руска-беларускага слоўніка, які быў выдадзены ў 1953 годзе і ацэнены навуковай грамадскасцю нашай краіны і замежнымі славістамі як значная падзея ў савецкай лексікаграфіі.Былі таксама падрыхтаваныя і выдадзеныя новыя падручнікі і хрэстаматыі па беларускай літаратуры дасавецкага часу, а ў пачатку 50-х з’явіліся першыя манаграфічныя працы (Ю.Пшыркова, С. Майхровіча і інш.).
Як самастойная навукова-даследчая ўстанова ў структуры Акадэміі навук БССР Інстытут мовазнаўства быў адноўлены ў 1952 годзе ў адпаведнасці з рашэннем Дзяржаўнай штатнай камісіі пры Савеце Міністраў Саюза ССР ад 29 мая 1952 года. Загадам № 238 па АН БССР ад 14 чэрвеня 1952 г. быў зацверджаны штат Інстытута мовазнаўства ў колькасці 30 чалавек, а яго дырэктарам прызначаны народны пісьменнік Беларусі, акадэмік АН БССР К.К.Атраховіч (Кандрат Крапіва).
У 50-я гады ў структуры Інстытута мовазнаўства працавалі сектары гісторыі беларускай мовы, беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай мовы, лексікалогіі і лексікаграфіі, навуковай тэрміналогіі. У 1952 годзе ў Інстытуце літаратуры і мастацтва замест аднаго літаратуразнаўчага сектара было ўтворана два: сектар савецкай літаратуры і сектар дарэвалюцыйнай літаратуры. Адбыўся своеасаблівы падзел супрацоўнікаў па асноўных напрамках даследаванняў, па навуковых інтарэсах. Пашырылася тэматыка і паглыбіўся характар навуковых распрацовак, працягвалася далейшая спецыялізацыя навукоўцаў, у літаратуразнаўства прыйшлі свежыя сілы, якія былі накіраваны на даследаванне новых, яшчэ не вывучаных праблем і пытанняў гісторыі, тэорыі і тэксталогіі беларускай літаратуры; аднавілася вывучэнне і выданне даўняй пісьмовай спадчыны беларускага народа.
Імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа прысвоена Інстытуту мовазнаўства ў 1956 годзе пастановай Савета Міністраў БССР № 469 ад 15 жніўня 1956 года. Інстытут літаратуры стаў насіць імя першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы з 1957 года. У пасляваенны перыяд дырэктарамі Інстытута мовазнаўства былі акадэмік К.К.Атраховіч (Кандрат Крапіва), (1952 – 1956), акадэмік П.Ф.Глебка (1957), член-карэспандэнт НАН Беларусі М.Р.Суднік (1957 – 1983), член-карэспандэнт НАН Беларусі А.І.Жураўскі (1983 – 1989), акадэмік А.І. Падлужны (1989-2003). З 2003 г. дырэктарам Інстытута мовазнаўства з’яўляецца член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лукашанец.
Інстытут літаратуры з 1952 па сакавік 1973 года ўзначальваў акадэмік В.В.Барысенка, з красавіка 1973 па кастрычнік 1982 – акадэмік I.Я.Навуменка, з 1982 па 1997 – акадэмік В.А.Каваленка. 3 красавіка 1997 па студзень 2006 года дырэктарам Інстытута літаратуры з'яўляўся акадэмік НАН Беларусі У.В.Гніламёдаў. Са студзеня 2006 па сакавік 2008 года абавязкі дырэктара інстытутавыконваў доктар філалагічных навук В.А. Максімовіч.
У 50-я – 60-я гады адбываецца інтэнсіўнае станаўленне Інстытута мовазнаўства як вядучай навуковай установы па вывучэнні розных праблем беларускага мовазнаўства, фарміруюцца асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў, адбываецца інтэнсіўны рост навуковага патэнцыялу інстытута. У канцы 50-х гадоў у Інстытуце мовазнаўства працуюць 40 навуковых супрацоўнікаў, у тым ліку 20 кандыдатаў навук; к канцу 60-х гадоў у інстытуце налічваецца ўжо 48 навуковых супрацоўнікаў, з якіх 5 дактароў і 24 кандыдаты навук. У 1962 годзе ствараецца сектар агульнага і славянскага мовазнаўства, што сведчыць у першую чаргу аб значным пашырэнні праблематыкі навуковых даследаванняў; у 1969 г. адкрываецца лабараторыя эксперыментальнай фанетыкі, дзе пад кіраўніцтвам акадэміка А.І.Падлужнага на сучасным навуковым узроўні ўпершыню ажыццёўлена эксперыментальнае даследаванне гукавога ладу беларускай мовы. У гэты перыяд вызначаюцца прыярытэтныя праблемы і напрамкі навуковых даследаванняў: праблемы сучаснай беларускай літаратурнай мовы, гісторыя беларускай мовы, беларуская дыялекталогія, беларуская лексікалогія і лексікаграфія, параўнальна-гістарычнае і параўнальна-тыпалагічнае даследаванне славянскіх моў, эксперыментальнае даследаванне гукавога ладу беларускай мовы.
У сярэдзіне 1954 года на базе сектара беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры ў Інстытуце літаратуры і мастацтва быў створаны сектар рукапісаў і выданняў, што было выклікана патрэбамі больш інтэнсіўнай і шырокай падрыхтоўкі збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Папоўнены новымі сіламі (у 1960 годзе ў ім працавала 14 чалавек, у тым ліку А.Коршунаў, Э.Гурэвіч, М.Мушынскі), сектар атрымаў магчымасць разгарнуць больш актыўную працу па зборы, вывучэнні і выданні беларускай літаратурнай спадчыны. Пачалася падрыхтоўка, а затым і выданне новых шматтомных збораў твораў Янкі Купалы (1961 – 1964) і Якуба Коласа (1961 – 1964), былі выдадзеныя выбраныя творы М.Багдановіча (1957) і В.Дуніна-Марцінкевіча (1958), зборнік “Беларускія пісьменнікі другой палавіны ХІХ ст.” (1956). Гэтая праца стала своеасаблівай навуковай школай падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолагаў, а яе практычныя вынікі мелі важнае навукова-асветніцкае і агульнакультурнае значэнне.
Менавіта ў гэты перыяд пачынаецца праца над найбольш значнымі навуковымі праектамі, многія з якіх не страцілі сваёй актуальнасці да сённяшняга дня і працягваюць распрацоўвацца. Большасць прац, выкананых ці пачатых у гэтыя гады, сталі значнай з’явай не толькі ў навуковым жыцці Беларусі, але і ўсяго славянскага свету. Значнай навуковай падзеяй стала выданне “Граматыкі беларускай мовы” ў 2-х тт. (т. 1. – 1962; т. 2 – 1966), падрыхтаванай пад кіраўніцтвам М.Г.Булахава. Гэта праца мела не толькі выключна важнае значэнне для стабілізацыі літаратурных норм беларускай мовы, але і для выкладання беларускай мовы ў ВНУ рэспублікі. У 50-я – 60-я гады праводзяцца шырокамаштабныя дыялекталагічныя даследаванні беларускай мовы пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР Р.І.Аванесава і члена-карэспандэнта АН Беларусі Ю.Ф.Мацкевіч, ствараецца комплекс прац па беларускай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, за якія калектыў супрацоўнікаў інстытута ў складзе К.К.Атраховіча, Ю.Ф.Мацкевіч, Г.У.Арашонкавай, М.В.Бірылы, Н.Т.Вайтовіч, А.П.Груцы, А.А.Крывіцкага, А.Р.Мурашкі, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук і В.М.Шэлег былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР за 1971 год.
У 60-я гады пачынаецца найбольш інтэнсіўная праца над стварэннем фундаментальных картатэк для Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў 5-ці тт., 6-ці кн. (1977 – 1984), Гістарычнага слоўніка беларускай мовы (на сённяшні дзень выдадзены 29 выпускаў).
Вянцом жа даследчыцкіх намаганняў супрацоўнікаў Інстытута літаратуры было стварэнне першай навуковай “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” ў 2-х тамах (1968, 1969). Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі, з’явілася важкім дасягненнем не толькі калектыву Інстытута літаратуры, але і ўсяго беларускага літаратуразнаўства, засведчыла іх навуковую сталасць. У гэтай “Гісторыі...” на вялікім фактычным матэрыяле ўпершыню шырока, грунтоўна і аб’ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях развіцця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрыта вялікае ідэйна-мастацкае багацце яе здабыткаў, высокі, сапраўдны еўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў.
На грунце беларускамоўнай “Гісторыі...” была напісана і апублікавана аднатомная “История белорусской дооктябрьской литературы” (1977). Яна шмат у чым была арыгінальнай працай, месцамі значна пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асветніцкую ролю ў азнаямленні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Асноўнымі аўтарамі раздзелаў пра літаратуру ХІ – пач. ХХ ст. былі А.Коршунаў, А.Мальдзіс, М.Мушынскі, Ю.Пшыркоў, П.Дзюбайла, В.Каваленка, В.Барысенка, Н.Перкін, М.Ярош, за што ўсе яны былі адзначаны ў 1980 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Свайго росквіту Інстытут мовазнаўства дасягае ў 70-я – 80-я гады. У 1981 годзе ў інстытуце працуюць 83 навуковыя супрацоўнікі, сярод іх 1 акадэмік (М.В.Бірыла), 3 члены-карэспандэнты (А.І.Жураўскі, Ю.Ф. Мацкевіч, М.Р.Суднік), 6 дактароў навук (М.В.Бірыла, А.М.Булыка, А.І.Жураўскі, В.У.Мартынаў, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Я.Міхневіч), 35 кандыдатаў навук, 4 заслужаныя дзеячы навукі (М.В.Бірыла, А.І. Жураўскі, Ю.Ф.Мацкевіч, М.Р.Суднік). У гэты ж перыяд працягваецца і структурны рост інстытута, пашыраецца спектр навуковых даследаванняў. У 1977 годзе ствараецца сектар рускай мовы, які ўзначальвае доктар філалагічных навук А.Я.Міхневіч. Асноўным напрамкам дзейнасці сектара становяцца праблемы функцыянавання рускай мовы ў Беларусі, правядзенне супастаўляльных даследаванняў беларускай і рускай моў, сацыялінгвістычныя даследаванні.
Інстытут мовы і літаратуры зараз актыўна супрацоўнічае з моваведамі іншых славянскіх краін, удзельнічае ў распрацоўцы буйных міжнародных праектаў (Лінгвістычны атлас Еўропы, Агульнаславянскі лінгвістычны атлас і інш.), даследуе сучасны стан і дынаміку развіцця сучаснай беларускай мовы, беларускіх народных гаворак, стварае лексікаграфічныя даведнікі і г.д.
Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцці рэспублікі сталі манаграфіі А.М.Адамовіча “Маштабнасць прозы” (1972), “Здалёк і зблізку” (1976), Н.С.Перкіна “Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры” (1971), “Человек в советском романе” (1975), М.І.Мушынскага “Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг.” (1975), І.Д.Ралько “Вершаскладанне” (1977), “Верш і мова” (1986), У.В.Гніламёдава “Традыцыі і наватарства” (1972), “Сучасная беларуская паэзія” (1983), В.П.Жураўлёва “Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм” (1978), А.П.Матрунёнка “Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане” (1972), “Псіхалагічная проза: Традыцыі і час” (1988), А.С.Яскевіча “Грані майстэрства” (1974), “У свеце мастацкага твора” (1977), “Становление белорусской художественной традиции” (1987), І.С.Шпакоўскага “Структура вершаванага вобраза” (1972), А.К.Кабаковіч “Беларускі свабодны верш” (1984), “Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі” (1989), Л.Я.Гараніна “Праблемы мемуарнага жанра” (1981), “Философские искания в белорусской литературе” (1984) і інш.
Шмат увагі ў аддзеле аддавалі даследчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У.В.Гніламёдаў “Іван Мележ” (1984), “Янка Купала: Новы погляд” (1995), В.П.Жураўлёў “Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана” (1991), А.К.Кабаковіч “Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага” (1978), Э.М.Мартынава “Мастацкая дэталь у літаратурным творы” (1977), І.С.Шпакоўскі “Тыпізацыя ў лірыцы” (1980), Т.К.Чабан, “Крылы рамантыкі” (1982), Т.К.Чабан, Я.А. Гарадніцкі “Сучасная паэзія і фальклор” (1988), А.С.Яскевіч “Ритмическая организация художественного текста” (1991).
У 1981 годзе Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым у краіне сярод навуковых устаноў падобнага профілю быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.