ПЕРАКЛАДЧЫЦКАЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ МАСТАЦКАГА ТЭКСТУ ВАЧЫМА НАВУКОЎЦАЎ

18 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося пасяджэнне круглага стала «Мастацкі пераклад і арыгінальны тэкст: праблемы інтэрпрэтацыі», прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы.

У рабоце круглага стала, акрамя навукоўцаў Інстытута мовазнаўства, узялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Цэнтра энцыклапедычных выданняў НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў, філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сярод якіх не толькі тэарэтыкі перакладу, але і прафесійныя перакладчыкі.

Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, сёлетні круглы стол, што ў чацвёрты раз праводзіцца ў межах Тыдня роднай мовы, працягвае добрую традыцыю асэнсавання міжмоўных і міжкультурных кантактаў беларусаў з іншымі народамі ў мінулым і сучаснасці. Акрамя таго, жывая размова тэарэтыкаў і практыкаў мастацкага перакладу, дыскусія па спрэчных пытаннях дазваляе ўдакладніць ролю і функцыі роднай мовы ў грамадскім, сацыяльным і культурным жыцці нашай краіны.

Прафесар кафедры маўленнязнаўства і тэорыі камунікацыі БДУЗМ Таццяна Паплаўская звярнула ўвагу на тое, што розныя мовы адлюстроўваюць розныя спосабы спасціжэння свету. Сумясціць сэнсы адной мовы з сэнсамі іншай мовы – складаная задача, а ў мастацкім перакладзе мы сутыкаемся яшчэ з індывідуальнымі сэнсамі. «Вядома, што ўзаемадзеянне аўтара і чытача мастацкага твора – свайго роду дыялог, у якім чытач становіцца удзельнікам сэнсаўтварэння. Але ў перакладзе удзельнікаў дыялогу трое: аўтар, перакладчык і чытач, які інтэрпрэтуе перакладчыцкую інтэрпрэтацыю. І тут мала ведання дзвюх моў, мала ведання рэалій. На першы план выходзіць культура перакладчыка», – адзначыла Таццяна Паплаўская. Чытанне перакладной літаратуры яна параўнала з той сітуацыяй, калі мы спачатку чытаем кнігу, а пасля бачым яе экранізацыю. Часцей за ўсё ў такіх выпадках расчароўваемся, бо наша бачанне персанажаў твора не супадае з бачаннем рэжысёра.

Свайго роду пацверджаннем сказанаму стала выступленне дацэнта кафедры сучасных тэхналогій перакладу БДУЗМ Таццяны Гарановіч, якая падзялілася сваімі назіраннямі наконт асаблівасцей перадачы маўлення герояў мастацкага твора пры перакладзе з беларускай мовы на англійскую, зробленнымі на падставе параўнальнага аналізу аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» і яе перакладу ў выкананні Мэры Мінц. Даследчыца прааналізавала маўленне трох персанажаў, якое характарызуецца парушэннямі норм беларускай мовы пад уплывам рускай, польскай і нямецкай, зрабіла агляд перакладчыцкіх спосабаў передачы гэтых парушэнняў у англамоўным тэксце.

На падставе аналізу перакладаў аповесці Дэніэла Кіза «Flowers for Algernon» («Кветкі для Элджэрнана») з англійскай на рускую, украінскую і польскую мовы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства Яўгенія Волкава паразважала над праблемамі перадачы асаблівасцей ідыялекту літаратурнага героя – разумова адсталага чалавека, які піша не ў адпаведнасці з агульнапрынятымі моўнымі нормамі, а як чуе.

Выявілася, што асабліва складана вырашаць гэтыя задачы, калі аўтар прысвячае выказванню героя значныя аб’ёмы тэксту. У такім выпадку перакладчык не можа абысціся толькі ўказаннем на пэўныя стылістычныя асаблівасці маўлення героя, якія маюць форму непрацяглых выказванняў, накшталт – выкарыстаць пару лексічных або фанетычных адметнасцей, дадаць нейкі сінтаксічны штрых. Значны аб’ём тэксту ўжо патрабуе сістэмнага падыходу пры перастварэнні яго на іншую мову. Адзін з аспектаў праблемы перастварэння ідыялекту героя – пераклад тэкстаў з істотнымі адхіленнямі ад літаратурнай нормы. Нягледзячы на «ненарматыўнасць», у такога тыпу тэкстаў усё адно павінна прысутнічаць пэўная сістэмнасць, адпаведная мове, на якую ажыццяўляецца пераклад.

Даследчыца прапанавала ўдзельнікам круглага стала паспрабаваць «удасканаліць» створаны ёй у адпаведнасці з сучаснымі моўнымі нормамі падрадковы пераклад пэўнага ўрыўка тэксту на беларускую мову так, каб няправільнасць адлюстраванага на пісьме маўлення была натуральнай для нашай мовы. На прапанову з цікавасцю адгукнуліся ўсе прысутныя, а ў дыскусіі па гэтым пытанні найбольш актыўны ўдзел узялі загадчык кафедры італьянскай мовы БДУЗМ Кацярына Часнакова, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства Алена Лапцёнак, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута Вераніка Курцова, навуковы супрацоўнік сектара кампьютарнай лінгвістыкі гэтай жа ўстановы Вячаслаў Мартысюк, вядомы айчынны тэарэтык перакладу і перакладчык з польскай мовы Міхаіл Кенька, а таксама згаданыя раней Таццяна Паплаўская і Таццяна Гарановіч. Падставай для зацікаўленага абмеркавання сталі таксама наступныя паведамленні, якія тычыліся беларуска-англійскага моўнага ўзаемадзеяння.

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства Інга Бязлепкіна, распавядаючы пра паэтыку фальклору ў арыгіналах і беларускамоўных перакладах вершаў Роберта Бёрнса, паказала, як шатландскі народны паэт «асвойваецца» ў беларускай літаратурнай традыцыі праз пераклад. Было адзначана, што фальклорная стыхія Роберта Бёрнса (песенная страфа, сістэма метафар, гіпербал, паўтораў, «нізавы» гумар) у беларускіх версіях не проста захоўваецца, а перазапісваецца ў мясцовы код. Напрыклад, у перакладах Язэпа Семяжона, Рыгора Барадуліна, Галіны Дубянецкай такія шатландскія формулы, як «Till a’ the seas gang dry» («пакуль усе моры не абмялеюць») або «ten thousand mile» («дзесяць тысяч міль») замяняюцца беларускімі народнымі матывамі не стыхій і адлегласцей, а ўнутраным станам героя («журба») і характэрным матывам шляху («дзе б ні бег мой шлях»). А вострая сатыра вершаў «Address to the Toothache» («Зубному болю») і любоўная песня «A Red, Red Rose» («Чырвоная, чырвоная ружа») становяцца паўнавартаснымі тэкстамі беларускай вуснай паэтычнай традыцыі. Праз гэты творчы «пераклад фальклору ў фальклор» Бёрнс пачынае ўспрымацца беларускім чытачом не як замежны класік, а як «свой» народны паэт, што дапаўняе ў нашай літаратуры той пласт сялянскай паэзіі XVIII–XIX стст., якога бракавала на той час уласнай нацыянальнай традыцыі.

Ніна Сянкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, расказала пра свой вопыт камунікацыі са штучным інтэлектам (нейрасетка Gemini) з мэтай даведацца, ці можа ШІ дапамагчы перакладаць беларускія фальклорныя тэксты на англійскую мову. Нейрасетцы прапаноўваліся найбольш складаныя для перакладу загадкі, якія былі раней перакладзены даследчыцай для аднаго з альбомаў серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі». Ніна Сянкевіч расказала, якія варыянты перакладу даваў штучны інтэлект, а таксама як ён ацэньваў пераклады, створаныя даследчыцай. На прыкладзе некалькіх найбольш цікавых у гэтым кантэксце загадак Ніна Міхайлаўна паказала, якім чынам можна карыстацца ШІ, каб палепшыць свой  пераклад, зрабіць яго больш натуральным для англійскай мовы.

Чарговае актыўнае абмеркаванне выклікала паведамленне малодшага навуковага супрацоўніка аддзела славістыкі і тэорыі мовы Кацярыны Быкавай, якая на матэрыяле параўнальнага аналізу арыгінальнага і перакладнога тэкстаў п’есы італьянскага драматурга Дарыё Фо «Donna sola» («Жанчына адна») закранула тэму прагматычнай адаптацыі твора ў іншакультурным асяроддзі.

Створаны Сяргеем Логішам пераклад быў прааналізаваны з пункту гледжання паспяховасці «перанясення» італьянскіх рэалій на беларускую глебу з улікам менталітэту нашага гледача. Гэты аспект асабліва важны таму, што пастаўлены паводле перакладу С. Логіша спектакль з 2021 года ўваходзіць у рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Кацярынай Быкавай былі прадэманстраваны прыклады дабаўлення, лексічнай замены, канкрэтызацыі, даместыкацыі («адамашнівання») традыцыйнага італьянскага выслоўя «Auguri e figli maschi!» («Віншаванні і дзяцей хлопчыкаў!»), якое звычайна кажуць маладым на вяселлі. У выніку даследчыца прыйшла да высновы, што перакладчык добра справіўся з тяжкасцямі і «нязручнымі» элементамі арыгінальнага тэксту.

З цікавасцю было ўспрынята выступленне прафесійнага перакладчыка і перакладазнаўца, навуковага рэдактара Цэнтра энцыклапедычных выданняў НАН Беларусі Валерыя Пшыгодскага, які падзяліўся ўласным досведам перакладу рамана Мігеля дэ Сервантэса Сааведры «Дон Кіхот Ламанчскі» з іспанскай на беларускую мову і прывёў прыклады са створаных раней перакладаў М. Пазнякова і Я. Лапаткі, адзначыўшы характэрныя рысы, вартасці і недахопы.

Валерый Пшыгодскі вылучыў асноўныя моўныя ўзроўні, на якіх ажыццяўляюцца змены пры мастацкім перакладзе тэксту з мовы арыгінала на мову перакладу. У прыватнасці, адзначаны фанетычны, лексічны, марфалагічны і сінтаксічны ўзроўні змен як асноўныя, якія, у сваю чаргу, вымагаюць трансфармацыі на іншых, прамежкавых, моўных узроўнях.

Перакладчык падзяліўся таксама ўласнымі новаўвядзеннямі. Напрыклад, змяненне па склонах слова дон, якое праз доўгую перакладчыцкую традыцыю ператварылася ў частку імя галоўнага героя дона Кіхота Ламанчаскага і беспадстаўна не падлягала скланенню. Як патлумачыў Валерый Пшыгодскі,  дон – гэта тытул, а не імя, і ў арыгінальным тэксце пішацца толькі з малой літары. Таксама перакладчык акрэсліў асноўныя рашэнні, якіх варта прытрымлівацца пры перадачы рамана па-беларуску. Асноўнае – поўная перадача ўсіх закладзеных у арыгінале сэнсаў і адценняў без ніякіх скарачэнняў і апушчэнняў. Акрамя таго, для захавання нацыянальнага іспанскага каларыту, у перакладзе неабходна пакінуць адпаведную лексіку: сеньёр, олья, рэканкіста і інш.

Паколькі вывучэнне праблем мастацкага перакладу з’яўляецца асабліва актуальным ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Мікалай Мікуліч падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт перакладчыцкіх інтэрпрэтацый вершаў Максіма Танка ў рускамоўных перакладах. На аснове аналізу вершаў са Збору твораў М. Танка ў 3-х тамах на рускай мове (1985–1986) даследчык прыйшоў да высновы, што ілюзорнае адчуванне лёгкасці перастварэння з блізкароднасных моў вельмі часта вядзе да зніжэння ўзроўню мастацкай вартасці і нават да звычайнага рамесніцтва. «Некаторыя перакладчыкі спакушаюцца лексічнай, сэнсава-паняційнай і іншай блізкасцю моў, што негатыўна адбіваецца на якасці перакладаў», – адзначыў даследчык.

Мікалай Мікуліч падрабязна разгледзіў створаныя Якавам Хелемскім пераклады танкаўскіх вершаў «Нашто цябе наведаў, поле…», «Сярод пісем розных адно атрымаў...», «Калі горыччу перапоўніцца сэрца…» і інш. Даследчык абгрунтавана даказаў, што перакладныя паэтычныя тэксты «ўтрымліваюць у сабе вялікую ступень суб’ектыўнасці, несумяшчальнай з мастацкай мерай і праўдай, і неабходнасцю захавання аўтарскай ідэнтычнасці».

У рамках дыскусіі Міхаіл Кенька зрабіў шэраг важных падагульненняў. У прыватнасці, ён адзначыў, што праблема перакладчыцкай інтэрпрэтацыі арыгінала можа заключацца ў хуткім старэнні аўтарскага тэксту. Пераклад – «прадукт» свайго часу, як любы мастацкі твор,  таму, што выконвае функцыю арыгінала ў іншамоўнай культурнай і літаратурнай прасторы. Пры ўмове таленавітасці, пераклад запатрабаваны чытачамі, як арыгінал. Але для гэтага перакладчыку трэба ўлічваць адзначаныя падчас работы круглага стала  акалічнасці.

 

 

Наталля Якавенка

Фота Юрыя Іванова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы