
18 лютага ў вялікай зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ «Васількоў шапатліваю моваю…», прымеркаванага да Дня роднай мовы.
Сёлета геаграфія конкурсу шырокая: было пададзена 350 работ ад вучняў з 76 раёнаў краіны. Пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу сталі 62 вучні. Журы прысудзіла адзін Гран-пры, 17 першых, 22 другіх і 20 трэціх месцаў. Тэматыка конкурсных работ была цалкам прысвечана пытанням мовазнаўства і ахоплівала розныя аспекты даследавання беларускай мовы – ад лінгвакультуралогіі і лексікалогіі да дыялекталогіі, гісторыі мовы і праблем сучаснага маўлення.
Вядучым мерапрыемства выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў. Ён адзначыў, што конкурс стаў сапраўднай пляцоўкай навукова-даследчай дзейнасці для моладзі і сведчыць пра глыбокую цікавасць юных даследчыкаў да роднай мовы.

Урачыстую частку цырымоніі адкрыла музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, стварыўшы святочную і ўзнёсла-патрыятычную атмасферу.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Сцяпанавіч Каранік. Ён падкрэсліў значэнне падтрымкі таленавітай моладзі і асаблівую ролю беларускай мовы як асновы нацыянальнай ідэнтычнасці. Уладзімір Каранік уручыў дыпломы пераможцам I ступені.



Музычным падарункам для гасцей сталі выступленні вакальнай групы «Сцежачка» з песняй «Беларусь – мой дом», а таксама Дар’і Конанавай з песняй «Куточак Беларусі».


Дыпломы II ступені ўручылі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, яго намеснік Вольга Сяргееўна Юшкевіч і дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Вольга Мікалаеўна Папко.





Партнёры конкурсу – навуковы і метадычны часопіс «Роднае слова» і Беларускае радыё, канал “Культура” – у асобе галоўнага рэдактара Наталлі Мікалаеўны Шапран і намесніка дырэктара Таццяны Багданаўны Гулевіч – уручылі дыпломы III ступені. Пасля гэтага слова было прадастаўлена старшыні Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Бараноўскаму Івану Андрэевічу.



Кульмінацыяй цырымоніі стала ўручэнне Гран-пры конкурсу вучаніцы 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Бярозаўкі» Конан Сняжане Анатольеўне за работу «Як на адной галінцы месцяцца варабей, верабей, гарабей, ці Асаблівасці гаворкі жыхароў горада Бярозаўкі». Навуковы кіраўнік – Несцер Святлана Вячаславаўна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Пераможца атрымала не толькі дыплом I ступені, але і спецыяльны падарунак ад Беларускага радыё – разумную калонку «Аліса», а таксама памятныя сувеніры.

Святочную праграму працягнуў музычны нумар вучаніцы 11 класа гімназіі № 22 Арыны Габ’евай, а напрыканцы да прысутных звярнуўся беларускі пісьменнік, журналіст і заслужаны дзеяч Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч. Завяршыў імпрэзу выступ пяцікласніка Глеба Вараховіча з вершам, які кранальна падкрэсліў пераемнасць пакаленняў у любові да роднага слова.

Усе пераможцы атрымалі памятныя падарункі: кнігу «Беларуская мова ад А да Я», каляндарык, часопіс «Роднае слова» і салодкі пачастунак. Лаўрэаты I ступені дадаткова былі адзначаны сертыфікатамі на новы нумар часопіса.
Акрамя таго, для ўдзельнікаў конкурсу была арганізавана насычаная культурна-асветніцкая праграма: чатыры экскурсіі – на Беларускае радыё, у музей Якуба Коласа, у археалагічны музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі і на пастаянна дзеючую выставу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Цырымонія стала яркай падзеяй у навуковым і культурным жыцці НАН Беларусі, а юныя даследчыкі павезлі з сабой не толькі дыпломы і падарункі, але і любоў да роднай мовы і роднай краіны.






