
На базе Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа 14–15 мая адбылася ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Еўразійская гуманітарная прастора: стан і перспектывы развіцця гуманітарных навук». У вочнай і дыстанцыйнай форме было заслухана больш за 70 дакладаў удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана і Турцыі.
На адкрыцці канферэнцыі выступіла Музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Да ўдзельнікаў звярнуліся з вітальным словам намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Юшкевіч В. С., дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Папко В. М. і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І. Л.

На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады ўдзельнікаў з Расіі, Кыргызстана, Турцыі, Беларусі, прысвечаныя праблемам рускай дыялектнай лексікаграфіі, хакаскай народнай паэзіі, унармавання дыпламатычнай тэрміналогіі, выкладання рускай мовы як замежнай, Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа і інш.
У ходзе работы чатырох секцый былі абмеркаваны пытанні стану і развіцця сучаснай беларускай мовы; актуальныя праблемы гістарычнага мовазнаўства; сучасны стан дыялектаў беларускай нацыянальнай мовы; сучасныя праблемы лексікалогіі і лексікаграфіі; праблемы функцыянавання сучаснай беларускай мовы ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму; пытанні сучаснага літаратуразнаўства.
На другі дзень мерапрыемства адбылася лекцыя галоўнага навуковага супрацоўніка Цэнтра арэальнай лінгвістыкі Інстытута славяназнаўства РАН, члена-карэспандэнта РАН, доктара філалагічных навук Мызнікава С. А. «Лексика западнорусского пограничья в этимологическом аспекте», якая выклікала вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў канферэнцыі і маладых вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.







