
Шостага мая ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся семінар на тэму “Асновы лінгвістычнай экспертызы”. Адкрыў пасяджэнне дырэктар інстытута Капылоў І. Л., адзначыўшы ў сваім выступленні важнасць гэтага віду прыкладной дзейнасці для забеспячэння патрэб двухмоўнага беларускага грамадства.
Кіраўнік рабочай групы па правядзенні лінгвістычных экспертыз старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ванкевіч А. Г. акрэсліла сутнасць лінгвістычнай экспертызы, яе аб’ект і прадмет; пазнаёміла прысутных з правамі і абавязкамі эксперта ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях; патлумачыла прынцыпы, метады і алгарытм выканання экспертызы.
Адбылася прэзентацыя “Практического пособия по проведению лингвистических экспертиз”, падрыхтаванага супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей і сектара камп’ютарнай лінгвістыкі з мэтай аптымізацыі работы групы спецыялістаў і павышэння якасці экспертна-аналітычнай дзейнасці. Дапаможнік змяшчае неабходную тэарэтыка-метадычную і фактычную інфармацыю: пералік асноўных тэрмінаў і паняццяў, класіфікацыю лексікі па нарматыўнасці, стылістычнай аднесенасці і маральна-этычнай прымальнасці, слоўнік рускіх лексічных і фразеалагічных адзінак з матэрыялаў, якія накіроўваліся на лінгвістычную экспертызу, рэестр беларускай стылістычна зніжанай лексікі і фразеалогіі, практычныя рэкамендацыі па выкананні лінгвістычных экспертыз і заключэнняў спецыяліста, спіс рэкамендаванай для выкарыстання літаратуры.

Завяршыўся семінар актыўным абмеркаваннем пытанняў, з якімі сутыкаюцца даследчыкі ў працэсе ажыццяўлення экспертна-аналітычнай дзейнасці.
А. Г. Ванкевіч






