
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў па запрашэнні Ваўкавыскага райвыканкама прыняў удзел у навукова-практычным семінары “НАН Беларусі – школе”. У семінары ўдзельнічалі настаўнікі гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, навучэнцы сярэдніх агульнаадукацыйных школ раёна.
Ігар Лявонавіч расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці Інстытута, пазнаёміў удзельнікаў з дасягненнямі ўстановы. Асноўная ўвага была нададзена пытанням выкарыстання напрацовак Інстытута ў вучэбным працэсе. Акадэмічнымі вучонымі-мовазнаўцамі праводзіцца вялікая работа ў інтарэсах школы: кансультаванне настаўнікаў і вучняў па пытаннях гістарычнага і сучаснага мовазнаўства; правядзенне навукова-папулярных гісторыка-лінгвістычных лекцый для настаўнікаў; падрыхтоўка заданняў, прысвечаных гісторыі беларускай мовы, беларускай пісьменнасці, для алімпіяд і факультатыўных заняткаў; распрацоўка лінгвістычных квэстаў, гульняў, віктарын; падрыхтоўка серыі навукова-папулярных артыкулаў “З гісторыі роднай мовы”, стварэнне на базе зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак электронных інтэрактыўных мульты- і моналінгвістычных банкаў, забяспечаных багатай візуальнай, у тым ліку і ілюстрацыйнай, навукова-пазнавальнай інфармацыяй; распрацоўка нарматыўных даведнікаў па сучаснай літаратурнай мове, тэрміналагічных слоўнікаў, электронных рэсурсаў і інш. Працы Інстытута мовазнаўства сярод іншага накіраваны на забеспячэнне патрэб школьнага навучання і сучаснай моўнай практыкі. Яны маюць важнае значэнне ў справе павышэння культуры мовы падрастаючага пакалення, пераадолення лексічнай інтэрферэнцыі ў маўленні школьнікаў-білінгваў, з’яўляюцца сродкам пашырэння ведаў аб нацыянальнай мове і характары адрозненняў яе ад блізкароднаснай рускай як другога кампанента двухмоўя.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства правёў прэзентацыю кнігі “Беларуская мова ад А да Я” і падарыў выданне гімнізіі № 1 г. Ваўкавыска. У сваім выступленні І.Л. Капылоў асобна спыніўся на выданні “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”, у якім адлюстравана багацце дыялектнай мовы, у тым ліку і тэрыторыі Ваўкавыскага раёна. У заключэнне сустрэчы Ігар Лявонавіч падарыў камплекты атласа школе № 5 г. Ваўкавыска і Ваўкавыскай раённай бібліятэцы.






