Гісторыя сектара этналінгвістыкі і фальклору

Сектар этналінгвістыкі фальклору, зыходзячы з задач этналінгвістыкі як навуковай дысцыпліны, вывучае адносіны паміж мовай і культурай, а таксама асаблівасці светапогляду розных этнічных груп. Гэтыя калектыўныя светапоглядныя асаблівасці адлюстроўваюцца ў мове і фальклоры, усёй матэрыяльнай і нематэрыяльнай традыцыйнай спадчыне і, у сваю чаргу, непасрэдна ўплываюць на іх.

Адным з важнейшых вынікаў развіцця этналінгвістыкі ў Беларусі з’яўляецца інстытуцыяналізацыя дадзенага кірунку ў рамках нашага інстытута. Асноўным кірункам работы навуковых супрацоўнікаў сектара з’яўляецца этналінгвістычнае картаграфаванне з’яў духоўнай культуры беларусаў, вывучэнне геаграфіі і арэальнасці культурных з’яў, пры тым не толькі ў межах Беларусі, але і ў кампаратыўным аспекце. Зараз сектар працуе над стварэннем Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа, які робіцца на базе створанай электроннай Базы даных Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа (БФЭЛА). Акрамя вырашэння пры дапамозе Базы даных БФЭЛА шматлікіх навуковых задач, таксама плануецца ў перспектыве забяспечыць шырокі грамадскі доступ да гэтых матэрыялаў для навуковых, адукацыйных, асветніцкіх мэт.       

За гады дзейнасці сектара апублікавана звыш 300 артыкулаў па тэмах этналінгвістыкі і сумежных з ёй фальклорных і мовазнаўчых дысцыплін, 5 манаграфічных даследаванняў, 1 энцыклапедычны слоўнік, 1 зборнік навуковых артыкулаў, 2 тэматычныя навуковыя зборнікі фальклорных тэкстаў з прадмовамі, каментарамі і паказальнікамі, 5 навукова-папулярных зборнікаў фальклорных легенд для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, 1 альбом фальклорных легенд і былічак (ілюстраванае выданне з гукавым дадаткам).

Арганізаваны і праведзены пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных  даследаванняў 4 навукова-даследчыя праекты разам з расійскімі калегамі па этнакультурным вывучэнні беларуска-расійскага памежжа (2011–2019 гг.).

У 2023 г. адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Этналінгвістыка і традыцыйная культура: дыяхранічны і сінхранічны аспекты міжмоўнага ўзаемадзеяння” з удзелам даследчыкаў Расіі, Польшчы, Эстоніі, Чэхіі, Казахстана, Азербайджана і інш.

Супрацоўнікі сектара прымалі ўдзел у маштабным праеце даследавання сучаснага стану традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў па гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах краіны (1997-2013 гг.). Па выніках адбылася публікацыя серыі кніг “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” (6 тамоў, якія складаюцца з 10 кніг), асобныя аўтары былі ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта РБ у 2015 г., у тым ліку загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору А. М. Боганева.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы