З гісторыі развіцця беларускай славістыкі

Беларуская славістыка мае значную традыцыю. Яшчэ ў ХIX ст. ураджэнцамі беларускіх земляў былі здзейснены спробы навуковага апісання разнастайных матэрыялаў, якія ўключалі ў сябе звесткі славістычнага характару. Так, у першай чвэрці ХІХ ст. з’явілася праца аднаго з патрыярхаў славяназнаўства Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага) “Славяншчына да хрысціянства” (напісаная ў 1818 г., яна ўпершыню пабачыла свет толькі праз стагоддзе). Цікавасць да славістычнай праблематыкі выявілі таксама доктар філалогіі Станіслаў Мікуцкі, магістр багаслоўя і славесных навук Фёдар Шымкевіч (аўтар першага этымалагічнага слоўніка рускай мовы 1842 г.).  

Аднак падмурак сучаснай беларускай славістыкі закладваюць фундаментальныя даследаванні Я.Ф. Карскага канца ХІХ – першай трэці ХХ ст. Значныя дасягненні акадэмічнай славістыкі ў даваенныя гады звязаны з імёнамі такіх буйных даследчыкаў 20–30-х гг., як Пятро Бузук, Язэп Воўк-Левановіч, Мікалай Дурнаво, Леў Цвяткоў і інш. Атрымаўшы спецыяльную славістычную адукацыю і папрацаваўшы ў розных навуковых цэнтрах, яны прынеслі з сабой на Беларусь цікавы вопыт, свежыя думкі, амбіцыйныя планы, якія з поспехам рэалізоўвалі на працягу 20-х гадоў у Інбелкульце і Беларускай акадэміі навук. Шэрагам іх прац быў пакладзены пачатак фарміравання арыгінальнай мінскай школы лінгвагеаграфіі і арэальнай лінгвістыкі, а таксама параўнальна-гістарычнага і тыпалагічнага вывучэння беларускай мовы ў шырокім славянскім кантэксце. На жаль, у тыя часы гэтыя плённыя намаганні былі перарваныя жорсткімі рэпрэсіямі, распачатымі ў 30-я гг. супраць беларускай інтэлігенцыі, перш за ўсё гуманітарнай. 

 

Выбраныя публікацыі па тэме: 

 

В. Лаўрэцкая. Старонкі з гісторыі беларускай паланістыкі (Спроба рэформы польскага правапісу ў БССР) // Studia nad polszczyzną kresową. – Warszawa, 2001. – T. X. – S. 217—225. 

Г.А. Цыхун. Пятро Бузук і славістыка 20–30-х гадоў (штрыхі да навуковай біяграфіі) // Беларуская мова і мовазнаўства на рубяжы ІІІ тысячагоддзя: матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, 2-3 лістапада 1999 г. – Мінск: Права і эканоміка, 2000. — 253,[1] с. С. 198–202. 

Г.А. Цыхун. З гісторыі беларускай славістыкі: Леў Цвяткоў і яго беларуска-іншаславянскія штудыі // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика : материалы Международной конференции «Вторые Супруновские чтения» Минск,28-29 сент.2001г. / Редкол.:Кожинова А.А.и др. Мінск: БГУ, 2002. С. 165—171. 

Генадзь Цыхун. Институт белорусской культуры (Инбелкульт) и начало белорусской славистики // Histoire la slavistique: le rôle des institutions / Par Antonia Bernard. Paris: Institut d'etudes slaves, 2003. P. 45–55. (Travaux publiés par l'Institut d'études slaves, 44).

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы