Славянская лінгвістычная арэалогія

Праца ў кірунку тыпалагічных праблем балканаславянскага моўнага арэала, што ўваходзіць у арэальна-тыпалагічную супольнасць – балканскі моўны саюз, заканамерна прыводзіць Генадзя Цыхуна ў 80–90 гг. ХХ ст. да высвятлення пытанняў яшчэ больш агульнага характару ў абшары славянскай лінгвістычнай арэалогіі. Даследаванню яе асобных сегментаў Г.А. Цыхун прысвяціў шматлікія артыкулы.  

У гэтым жа напрамку ў канцы 90-х гг. ХХ ст. пад яго кіраўніцтвам працуе аспірантка Наталля Кісялёва, якая ў 2000 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю “Арэальныя ўзаемасувязі славянскіх моў цэнтральнай зоны”, у якой даследаваны ізаглосы цэнтральнага славянскага арэала (адмыслова – славацка-беларускія). Матэрыялы дысертацыйнага даследавання паслужылі асновай для напісання манаграфій “Ареальные взаимосвязи славянских языков центральной зоны” (Banská Bystrica, 2002), “Значение изоглосс разных языковых уровней для славянской ареальной лингвистики” (Banská Bystrica, 2003).  

Беларуска-польскай арэалагічнай праблематыцы прысвечана кандыдацкая дысертацыя Наталлі Снігіровай “Паўночна-ўсходнія арэальныя інавацыі ў польскай мове”, абароненая ў 2009 г. Навуковая дзейнасць, якую ажыццяўляе Н.А. Снігірова ў галіне беларуска-польскага параўнальнага мовазнаўства, садзейнічае аб’ектыўнаму і больш глыбокаму асвятленню гісторыі беларуска-польскіх моўных узаемаадносін. У даследаваннях Н.А. Снігіровай упершыню ў лінгвістыцы вырашаны комплекс важных пытанняў, звязаных з выяўленнем і аргументаваннем беларускага ўплыву на генетычна польскія дыялекты па-за межамі вузкай зоны заходнеславянска-ўсходнеславянскага моўнага кантактавання і вызначэннем арэальна-тыпалагічнай спецыфікі паўночна-ўсходніх інавацый у польскай дыялектнай мове. 

 

Выбраныя публікацыі па тэме: 

 

Г.А. Цыхун. Беларуска-паўднёваславянскія лексічныя сувязі. Некаторыя праблемы i вынікі // Беларуская лінгвістыка. – 1974. – Вып. 5. – С. 41–51. 

Г.А. Цыхун. Паўдневаславянска-усходнеславянскія моўныя сувязі: Да праблемы славянскага ўкладу ў балканскі моўны саюз / АН БССР. Беларус. кам. славістаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1983. — 40 с. — (IX міжнародны з’езд славістаў: Даклады)). 

Г.А. Цыхун. Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання / АН БССР. Беларус. кам. славістаў. Мінск : Навука і тэхніка, 1988. 40 с. (X міжнародны з’езд славістаў)). 

Генадзь Цыхун. Аспекты славянскай арэальнай лінгвістыкі: даклад на XV Міжнародным з’ездзе славістаў (Мінск, 20-27 жніўня 2013 г.) / НАН Беларусі, Беларус. кам. славістаў. Мінск: Права і эканоміка, 2013. 29 с. 

Н.А. Снігірова. Інавацыйныя змены ў фанетычнай сістэме паўночна-ўсходніх гаворак польскай мовы // Беларуская дыялекталогія: зб. навук. арт. / НАН Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. – Мінск, 2010. – Вып. І : Матэрыялы і даследаванні. – С. 123–137. 

Н.А. Снігірова. Назоўнікавыя ўтварэнні з фармантамі -іста/-ыста, -істы/-ысты ў беларускай і польскай мовах // Беларуская лінгвістыка. – 2012. – Вып. 69. – С. 45–55. 

Н.А. Снігірова. Адрознівальныя ізаглосы беларуска-польскай арэальнай супольнасці: да пытання аб найменнях трыпутніка ў паўночна-ўсходніх гаворках польскай мовы // Беларуская лінгвістыка. – 2014. – Вып. 72. – С. 37–44. 

Н. Снигирёва. Межъязыковые и межкультурные контексты мотивации некоторых северо-восточных ареальных инноваций в польском языке // W poszukiwaniu tożsamości językowej. – T. 1, red. Żanna Sładkiewicz, Katarzyna Wądołowska-Lesner, Gdańsk: Wydawnictwo Uniwersytetu Gdańskiego, 2016. – S. 235–243.  

Н.А. Снігірова. Ізалексы польска-беларускай кантактнай зоны: з вопыту арэальнай інтэрпрэтацыі назоўнікавых утварэнняў з фармантам -uk/-iuk // Беларуска-польскія культурна-моўныя ўзаемадачыненні: ад гісторыі да сучаснасці : зб. навук. арт. / Нац. акад. навук Беларусі [і інш.] ; навук. рэд. В. М. Курцова, Н. А. Снігірова, M. Jankowiak, M. Ostrówka. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – С. 203–217. 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы