Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы : больш за 65 000 слоў / уклад. : І.Л. Капылоў [і інш.] ; пад рэд. І.Л. Капылова. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — 968 с.
ISBN 978-985-11-0937-7.
Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў. У слоўнікавым артыкуле даюцца кароткія тлумачэнні значэнняў слова, прыклады яго ўжывання ў мове, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні. Прыводзяцца асноўныя граматычныя значэнні слова, стылістычныя паметы, якія ўказваюць на сферу яго ўжывання, даюцца вытворныя словы, адзначаецца націск. Шырока выкарыстоўваюцца ў Слоўніку ў якасці ілюстрацый афарызмы, прыказкі, прымаўкі. У пачатку Слоўніка змешчаны неабходныя ўступныя часткі.
Прызначаны як для спецыялістаў-мовазнаўцаў, так і для шырокага кола карыстальнікаў.
«Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ПАН Беларусі пад навуковай рэдакцыяй члена-карэспандэнта НАН Беларусі М.Р. Судніка і вядучага навуковага супрацоўніка М.Н. Крыўко ў 1990-я гады. Неабходнасць стварэння такога лексікаграфічнага даведніка ў той час была абумоўлена ў першую чаргу тым, што беларуская мова набыла статус дзяржаўнай і стала шырока выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Адпаведна наспела патрэба ў кампактным нарматыўным даведніку, які б максімальна поўна адлюстроўваў лексічны стан беларускай літаратурнай мовы і быў зручны ў выкарыстанні.
Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» ствараўся на базе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (ТСБМ) у 5 тамах — б кнігах (Мінск, 1977—1984). Аднак ён істотна адрозніваецца ад свайго папярэдніка: колькасцю растлумачаных слоў, структурай слоўнікавага артыкула, сістэмай падачы лексічнага матэрыялу і ілюстрацый да значэнняў слоў.
«Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» чатыры разы перавыдаваўся без істотных змен. Апошняе выданне Слоўніка выходзіла ў 2005 годзе. У ім растлумачана прыкладна 65 тысяч слоў, якія адлюстроўваюць асноўнае лексічнае багацце літаратурнай мовы беларускага народа 1980—1990-х гадоў.
Новае выданне Слоўніка працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі. Як і папярэднія выданні, новы аднатомны тлумачальны слоўнік кампактны і зручны для карыстання. З мэтай скарачэння яго аб’ёму і ў той жа час захавання магчымасці ўключыць неабходныя словы, што ўжываюцца ў беларускай літаратурнай мове, некаторыя разрады лексікі змяшчаюцца ў гняздзе асноўнага слова (больш падрабязна пра састаў і структуру Слоўніка гл. ў раздзеле «Звесткі для карыстальнікаў Слоўнікам»), У прапанаваным Слоўніку аўтары і рэдактары пастараліся па магчымасці поўна сістэматызаваць падачу вытворных слоў у гнёздах.
У рэестр аднатомнага тлумачальнага Слоўніка не ўвайшлі многія аддзеяслоўныя назоўнікі, усе зваротныя дзеясловы залежнага стану, шматлікія прыставачныя дзеясловы (асабліва калі распрацаваны і пададзены ў рэестры самі прыстаўкі як часткі слоў. пры дапамозе якіх утвараюцца іншыя дзеясловы), многія спецыяльныя і вузкаспецыяльныя тэрміны, рэдкаўжывальныя, устарэлыя і абласныя словы і інш.
За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад беларускай мовы значна папоўніўся новымі словамі, якія пакуль што не былі зафіксаваны ў «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» і прафесійна ацэнены. Таму новае выданне Слоўніка арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і адпаведна тых працэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснага беларускага лексікону: вяртанне значнай колькасці лексічных адзінак, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, з’яўленне шматлікіх запазычанняў, галоўным чынам англа- амерыканізмаў, абумоўленае працэсамі сусветнай глабалізацыі ў розных сферах жыцця беларускага грамадства.
У сувязі з гэтым была папоўнена лексікаграфічная база і адпаведна абноўлены рэестр Слоўніка за кошт увядзення новых, актуальных для сучаснай беларускай мовы слоў і частак складаных слоў: аповед, безнаяўны, газа-..., гастарбайтар, гендар, геном, гіпермаркет, гламур, гулец, дамафон, дамен, дамова, дрэс-код, дыскаўнтар, дэвайс, інтэрнэт, камерцыялізацыя, камп ’ютарызаваць, канвертацыя, карупцыянер, карыстальнік, планіраваць, клон, мадэм, майстар-клас, маркёр, медыя, мікрахвалёўка, напой, сайт, самнамбул, слэнг, снегавік, субкультура, суразмовец, трэнд, тэндар, фаст-фуд, фітнес, флікер, фрыстайл, хай-тэк, харызма, хіт, хмарачос, холдынг, хоспіс, хуткапрамаўлянка і інш.; уведзены новыя, а таксама шырокаўжывальныя, актуальныя тэрміналагічныя і фразеалагічныя выразы: абсалютны нуль, агульная мова, асадзі назад, банкаўская плацежная картка, двайная бухгалтэрыя, мера стрымання, сіліконавая даліна, ствалавыя клеткі, суб’ект права і інш.
Унесены прынцыповыя ўдакладненні і дапаўненні ў значэнні некаторых слоў і тэрміналагічных адзінак, а некаторыя слоўнікавыя артыкулы цалкам перапрацаваны, што абумоўлена сацыяльна-палітычнымі, эканамічнымі, культурна-адукацыйнымі зменамі ў жыцці грамадства за час перавыдання Слоўніка: Евангелле, кааператыў, казіно, камп ’ютар, камунізм, капіталізм, касмапалітызм, крыж, крэдыт, ксеракопія, ксеракс, ксёндз, культуралогія, наасфера, наркаманія, ноу-хау, радыкалізм, сектанцтва, скрыжаль, спадар, спадарства, спонсар, стаіцызм, стыляга, тапаніміка, тапанімія, царква і інш.
У Слоўніку адлюстраваны некаторыя новыя, актуальныя ў сучаснай беларускай мове значэнні слоў, якія да гэтага часу не адзначаліся ў аднатомным тлумачальным слоўніку. Напрыклад, значэнні слоў галерэя, генерал-губернатар, гурт, дзелавы, дыск, ікра, індыга, карпаратыў, клавіятура, круіз, крышталь, мабільны, меланхолік, метадыст, металіст, навігатар, недабраякасны, нерухомасць, радыяцыя, ракіроўка, ратацыя, сафары, слабада, спарыш, стаўка, тэрмінал, файл, факс, фігурант, цэпелін і інш.
Асобныя лексічныя адзінкі, зафіксаваныя ў папярэдніх выданнях Слоўніка, у новым выданні заменены беларускімі адпаведнікамі: агаломшыць замест агарошыць, горна-абагачальны замест горнаўзбагачальны, Дабравешчанне і Дабравесце замест Благавешчанне, снягурка замест снягурачка, суразмовец замест субяседнік і інш.
У рэестр Слоўніка не ўключаны словы, якія на сённяшні дзень не адносяцца да актыўнай лексікі (напрыклад, абласныя, малаўжывальныя ў літаратурнай мове), выходзяць за межы літаратурнай мовы або кваліфікуюцца як русізмы: аброжак, аджгір, адсябяціна, адухатварыць, гавядзіна, істопка, клады, самадзелка, самадзельны, самаўніжэнне і інш.
Прапанаваны ўвазе карыстальнікаў Слоўнік дае не толькі тлумачэнне слоў, ён з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні, па граматычнай характарыстыцы.
У 2008 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўступіў у сілу з І верасня 2010 года. Адпаведна ў Слоўнік унесены змены ў напісанне слоў паводле новай рэдакцыі правіл беларускай арфаграфіі. У прыватнасці, адлюстраваны такія арфаграфічныя новаўвядзенні, як аблвыканкам, адажыа, альма-матар, анчоўс, аўтсайдар, васьмідзясяты, выканкам, дэзынфекцыя, ёгурт, іаркшыры, іўдзеі, камп ’ютар, лакаўт, лідар, лідарства, лінкар, менеджар, ордар, сальфеджыа, спрынтар, стагадовы, стартар, суаўтар, супермен, сэтар, фаўна і многія інш.
Удакладнена граматычная характарыстыка некаторых слоў: аднастайна пададзены лічэбнікі і канчаткі назоўнікаў агульнага роду, пададзены варыянты канчаткаў назоўнікаў роднага склону множнага ліку, уведзена значная колькасць дзеясловаў без суфікса -ірава (дэмантаваць, мадэляваць, міграваць, санкцыянаваць і інш.).