“Слоўнік арфаграфічных новаўвядзенняў беларускай мовы” адлюстроўвае правапісныя змены, зацверджаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Спецыфіка слоўніка, у адрозненне ад іншых арфаграфічных даведнікаў, заключаецца ў тым, што большасць слоў, зафіксаваных у гэтым выданні, – гэта словы, у напісанні якіх адбыліся прынцыповыя змены, абумоўленыя новымі правіламі (сальфеджыа, аўтсайдар, стаметровы, дзясяты, сямнаццаць, клоўн, субынспектар, дэзынфармацыя і інш.). Акрамя таго, слоўнік уключае словы, правапіс якіх да гэтага часу выклікаў цяжкасці ў сувязі з іх непаслядоўнай, варыянтнай падачай у розных лексікаграфічных крыніцах, а таксама словы, правільнасць напісання якіх вызначаецца толькі па слоўніку.
Даведнік змяшчае як агульнаўжывальную лексіку сучаснай беларускай мовы, так і навукова-тэхнічныя тэрміны, гістарызмы, запазычанні, новыя словы (неалагізмы), якія ўвайшлі ў беларускую мову ў апошні час і сталі рэаліямі нашага жыцця (браўзер, відэафайл, інтэрнэт-партал і інш.).
У канцы слоўніка ў асобных раздзелах прыводзяцца словы, у якіх адбыліся змены ў напісанні вялікай і малой літары: Алах, Бог, Усявышні і інш.
Невялікі дадатак змяшчае некаторыя найбольш ўжывальныя імёны, прозвішчы і геаграфічныя назвы, у правапісе якіх адбыліся змены ці ўдакладненні, рэгламентаваныя “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў новай рэдакцыі (Токіа, Ватэрлоа, Іашкар-Ала, Емен, Шапенгаўэр, Ландэр, Гендэль, Брэгвадзэ, Мерымэ і інш.).
Рэкамендаваны вучням сярэдніх школ, абітурыентам, настаўнікам беларускай мовы – усім, хто цікавіцца беларускай мовай і імкнецца засвоіць “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў новай рэдакцыі.