Цыкл прац “Навуковае і практычнае забеспячэнне ўвядзення ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (аўтары А.А. Лукашанец, Л.П. Кунцэвіч, І.У. Кандраценя).

Цыкл прац уключае комплекс узаемазвязаных выданняў:

1. Беларускі арфаграфічны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Л.П. Кунцэвіч, І.У. Кандраценя; пад рэд. А.А. Лукашанца. – Мінск: Беларус. навука,  2009. – 695 с.; 2-е выд. – Мінск: Беларус. навука,  2010, 3-е выд. – Мінск: Беларус. навука, 2012. 

Новы беларускі арфаграфічны слоўнік грунтуецца на правілах правапісу, якія ўведзены ў дзеянне з 1 верасня 2010 г. Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятым у 2008 годзе. Аснову слоўніка складае найбольш пашыраная агульнаўжывальная лексіка, а таксама словы, якія могуць выклікаць цяжкасці пры напісанні. Лексічныя адзінкі, прадстаўленыя ў выданні, суправаджаюцца шырокім дыяпазонам граматычнай інфармацыі. Слоўнік разлічаны на вучняў сярэдніх школ, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, абітурыентаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто карыстаецца беларускай пісьмовай мовай.

2. Беларускі арфаграфічны слоўнік для школьнікаў: дапам. для агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / уклад. І.У. Кандраценя, Л.П. Кунцэвіч; пад рэд. А.А. Лукашанца. – Мінск: Аверсэв,  2010. – 317 с.; 2-е выд. – Мінск: Аверсэв,  2011.     

Слоўнік з’яўляецца даведнікам па правільнай і аднастайнай перадачы пісьмовай мовы і прызначаны садзейнічаць засваенню школьнікамі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Ён падрыхтаваны ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Акрамя агульнаўжывальных слоў у слоўнік уключаны і новыя лексічныя адзінкі, якія атрымалі пашырэнне ў сучаснай моўнай практыцы.

3. Сучасная беларуская арфаграфія : акадэмічны даведнік / І.У. Кандраценя, Л.П. Кунцэвіч, А.А. Лукашанец. – Мінск : Аверсэв, 2012. –  272 с. Ул.-выд. арк. 9, 41.  Тыраж 3100 экз.

У даведніку тлумачацца асноўныя правілы сучаснага беларускага правапісу, уведзеныя ў дзеянне з 1 верасня 2010 года. У прадмове выдання даецца гістарычная даведка аб гісторыі станаўлення і развіцця беларускай арфаграфіі, а таксама ўказваецца сутнасць змен, зафіксаваных у новай рэдакцыі правапісу. У кнізе прадстаўлены паслядоўны аналіз і навуковы каментарый асноўных палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Важным з’яўляецца тое, што ў даведніку даюцца слоўнікавыя дадаткі ў выглядзе спісаў слоў сучаснай беларускай мовы, у якіх адбыліся змены ў напісанні: спісы слоў з э або е ў пачатку запазычаных слоў, у канцы запазычаных слоў, а таксама пасля губных зычных і з, с, н; спісы слоў з канцавымі -аль,              -ар; з галоснымі о, э ў складаных словах; з прыстаўкамі са- і су-; з дз ці ц або д ці т  перад в′ ; словы, у якіх рэкамендуецца пісаць суфікс -ірава і інш.

 Цыкл мае інавацыйны характар і з’яўляецца комплексам, у якім даецца тэарэтычнае абгрунтаванне і тлумачэнне ўнесеных у беларускі правапіс змен, а таксама забяспечваецца факталагічная база практычнага карыстання пісьмовай беларускай мовай згодна з новымі правіламі арфаграфіі.

Кандраценя І.У. Нулявая суфіксацыя ў сістэме беларускага словаўтварэння / І.У. Кандраценя. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – 207 с.

        

        У кнізе даследуецца сутнасць і месца нульсуфіксальных назоўнікаў у лексічным складзе сучаснай беларускай мовы.

         Нулявая суфіксацыя на сучасным этапе вызначаецца як адзін з найбольш актыўных спосабаў утварэння слоў у большасці славянскіх моў. Гэты спосаб словаўтварэння маркіраваны ў адносінах да беларускай мовы: утварэнне і выкарыстанне нульсуфіксальных дэрыватаў актывізуецца ў перыяды павышэння цікавасці да беларускай мовы, пашыранага ўжытку яе ў найбольш важных сферах грамадскага жыцця.

         У першай главе – “Нулявая суфіксацыя ў сістэме і ў тэксце”– выкладаецца канцэпцыя даследавання, акрэсліваецца спецыфіка  нульсуфіксальнага спосабу словаўтварэння, канстатуецца неадназначнасць поглядаў на ўтварэнне шэрагу назоўнікаў і колькасныя разыходжанні ў вызначэнні нульсуфіксальных тыпаў назоўнікаў у граматычных апісаннях беларускай, украінскай і рускай моў, аналізуюцца таксама погляды польскіх лінгвістаў на ўтварэнні тыпу filolog, beg. Два параграфы “З гісторыі лексікаграфічнай кадыфікацыі нульсуфіксальных назоўнікаў” і “Функцыянаванне нульсуфіксальных наватвораў у сучасным пісьмовым маўленні” змяшчаюць інфармацыю аб ступені прэзентацыі слоў названага тыпу ў лексікаграфічных крыніцах розных гадоў выдання, змяненнях у семантычнай структуры некаторых назоўнікаў (рэз, заход, перавод і інш.), лексемах, якія пэўны час знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, але ў сучаснай беларускай мове перайшлі ў яе актыўны слоўнікавы склад (аповед, расповед, выстава і інш.). Другая глава – “Матывацыйныя адносіны дзеяслова і нульсуфіксальнага назоўніка” – прысвечана апісанню сістэмы матывацыі аддзеяслоўных нульсуфіксальных назоўнікаў: семантычных сувязей  імён з дзеясловамі, суаднесенасці катэгорыі трывання матывавальнага дзеяслова з лексічным значэннем матываванага назоўніка. У трэцяй главе – “Марфаналагічныя працэсы пры нульсуфіксальным утварэнні назоўнікаў” – апісваюцца фармальныя пераўтварэнні матывавальных дзеяслоўных асноў у складзе матываваных асноў нульсуфіксальных субстантываў. Прадстаўленыя марфаналагічныя характарыстыкі матываваных асноў утрымліваюць важную інфармацыю марфаналагічнай маркіраванасці граматычных катэгорый і словаўтваральных тыпаў, а таксама адыгрываюць вельмі важную ролю як паказчыкі словаўтваральнай базы і напрамку матывацыі.   

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы