Brasławszczyzna: pamięć i współczesność

Двухтомнае даследаванне пад агульнай назвай „Brasławszczyzna: Pamięć i współczesność” прадстаўляе вынік працы міжнароднага калектыву аўтараў. Першы том, які выдадзены ў выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта (Варшава, 2011), мае назву “Historia regionu. Charakterystyka socjolingwistyczna. Świadectwo mieszkańców”, другі том (Варшава, 2009) – „Słownictwo dwujęzycznych mieszkańców rejonu (Słownik brasławski)”. Абодва тамы выдадзены пад агульнай навуковай рэдакцыяй прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук Эльжбеты Смулковай.

Палявыя даследаванні, на аснове якіх і ўзнікла прэзентуемая праца, праводзіліся на тэрыторыі Браслаўскага раёна ў перыяд з 1997 па 2007 гг., было вывучана каля 100 населеных пунктаў і запісана каля 300 аўдыякасет. Асноўнай задачай даследавання было вывучэнне пагранічча ў гістарычным і лінгвістычным аспектах.

Праца складаецца з навуковых артыкулаў польскіх і беларускіх даследчыкаў, якія прадстаўляюць даследаваны рэгіён з

– гістарычнага пункту погляду (Кастусь Шыдлоўскі “Браслаўшчына. Гістарычна-культурная характарыстыка рэгіёна”, Алесь Смалянчук “Нацыянальнае і культурнае развіццё Браслаўшчыны ў ХХ ст.”, Анатоль Вялікі “Браслаўшчына ў міграцыйных працэсах ў 1944–1946 гг.”);

– сацыялінгвістычнага пункту погляду (Эльжбета Смулкова “Сацыялінгвістычная сітуацыя і працэс канвергенцыі моў на Браслаўшчыне ў святле палявых даследаванняў”; Ірына Будзько “Беларускія гаворкі Браслаўскага раёна: генезіс, лінгвагеаграфія, сацыялінгвістычная абумоўленасць”; Інэса Кур’ян “Характарыстыка польскамоўных ідыялектаў”; Ніёла Біргель “Літоўская мова на Браслаўшчыне”; Ірыда Грэк-Пабісова “Стараверы – іншыя расіяне”; Вольга Гушчава “Сфера ўжывання рускай мовы і яе ўплыў на беларускія гаворкі і польскую мову ў Браслаўскім рэгіёне”; Алена Казанцава “Месца мовы ў сістэме каштоўнасцей жыхароў даследаванага пагранічча”).

Палову першага тома складаюць тэксты, запісаныя ў розныя гады ў мясцовых жыхароў Браслаўшчыны. Тэксты падаюцца некалькімі групамі: польскамоўныя, беларускамоўныя, двухмоўныя і змешаныя, рускамоўныя (запісаныя ад старавераў) і літоўскамоўныя.

У другім томе змешчаны двухмоўны польска-беларускі слоўнік, асноўная задача пры складанні якога заключалася не ў тлумачэнні зафіксаваных у даследуемым рэгіёне лексем, а ў прэзентацыі ступені ўзаемапранікнення дзвюх моўных сістэм на лексічным узроўні. Таму першая частка слоўніка – гэта тэматычныя раздзелы (усяго іх 26), другая частка – алфавітны індэкс, трэцяя – алфавітны слоўнік рэгіяналізмаў і аказіяналізмаў, адзначаных у першай частцы, але ўжо з тлумачэннямі і тэкставымі ілюстрацыямі.

Праца можа быць цікавай для даследчыкаў-гуманістаў шырокага профілю.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы