Бандарэнка, Н.Д. «Разам, асобна, праз злучок: даведнік» / Н.Д. Бандарэнка, І.Л. Капылоў, Т.М. Маракуліна; пад рэд. А.А. Лукашанца. – Мінск: Аверсэв, 2012. – 192с.

У даведніку “Разам, асобна, праз злучок” зафіксаваны асноўныя выпадкі злітнага, раздзельнага і дэфіснага напісання складаных слоў розных часцін мовы, правапіс якіх грунтуецца на новых “Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Гэта найперш складаныя назоўнікі, прыметнікі, займеннікі і лічэбнікі. У даведніку таксама змешчаны некаторыя абрэвіятуры, складанаскарочаныя словы і вытворныя ад іх; складаныя словы і вытворныя ад іх з пачатковымі іншамоўнымі часткамі; словы з пачатковай часткай поў- (паў-); словы з прыстаўкамі і падобнымі да прыставак пачатковымі часткамі; складаныя словы, першай часткай якіх з’яўляюцца лічэбнікі і інш. У даведніку прыводзяцца найбольш складаныя выпадкі напісання прыслоўяў, службовых часцін мовы і выклічнікаў.

Адбор матэрыялу для даведніка ажыццяўляўся з улікам яго адрасаванасці шырокай чытацкай аўдыторыі. У кнігу ўключаны найбольш ужывальныя ў школьнай практыцы і найбольш складаныя для напісання словы: агульнаўжывальная лексіка, навуковыя тэрміны, якія сустракаюцца ў школьных падручніках, а таксама новыя словы, якія ўвайшлі ў беларускую мову ў апошні час (вэб-тэхналогія, інтэрнэт-партал, факс-мадэм і інш.). У даведніку прыводзяцца некаторыя свабодныя спалучэнні тыпу параўнальна невялікі, арфаграфічнае афармленне якіх можа ўяўляць пэўную цяжкасць.

Невялікі дадатак змяшчае складаныя і састаўныя назвы геаграфічных аб’ектаў, уласныя імёны і прозвішчы (беларускія і іншамоўныя), правапіс якіх рэгламентуецца “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў новай рэдакцыі.

Даведнік адрасуецца педагогам і вучням школ, гімназій, ліцэяў, абітурыентам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі для замацавання і паглыблення ведаў па беларускай мове, для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы