14 том “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы”

Напрыканцы мінулага года выйшаў з друку чарговы 14 том “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (галоўны рэдактар Г. А. Цыхун, адказны – М. П. Антропаў), у якім завершана этымалагічная распрацоўка літары Т. Як і ў папярэдніх тамах, даследуецца гісторыя развіцця лексікі беларускай мовы і яе суадносіны з лексікай іншых славянскіх і неславянскіх моў. Том адкрываецца наступнай кароткай прадмовай “Ад рэдактараў”:

“Чатырнадцаты том “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (ЭСБМ) пасля істотнага перапынку ў выданні (папярэдні, 13 том выйшаў з друку ў 2010 г.) працягвае публікацыю этымалогій, падрыхтаваных аўтарскім калектывам, у якім адбыліся пэўныя змены. Пайшоў з жыцця адзін са сталых аўтараў ЭСБМ І. І. Лучыц-Федарэц, на матэрыялах якога ў асноўным грунтуецца гэты том. Фрагмент слоўніка (тэатртэчка) падрыхтавала Н. С. Шакун. Пры рэдагаванні Г. А. Цыхун дапрацаваў гэтыя матэрыялы і значна папоўніў рэестр этымалагізаваных слоў. Імкненне ўключыць па мажлівасці новыя зборы народнай лексікі з розных рэгіёнаў Беларусі выразна пашырыла колькасць этымалагізаваных слоў на літару Т, што змусіла ўкладальнікаў тома абмежавацца загалоўнымі словамі толькі на гэту літару. Разнесеныя па розных тамах бібліяграфічныя спісы ўскладнялі карыстанне ЭСБМ, таму было вырашана звесці ў адно выкарыстаныя ў гэтым і ў папярэдніх тамах скарачэнні крыніц і літаратуры, выправіўшы непаслядоўнасці, розначытанні і памылкі (больш рэдкія скарачэнні лацінкі падаюцца ў агульным спісе згодна з парадкам літар у кірыліцы). Гэтую работу правёў М. П. Антропаў. Ім таксама ўдакладнены поўны спіс прынятых у ЭСБМ скарачэнняў моў і дыялектаў. Тэхнічную працу па падрыхтоўцы матэрыялаў для здачы ў друк выканалі П. А. Рааго і В. В. Герасімовіч”.

У слоўніку змешчана каля 1600 загаловачных слоў ад Трапкí да Тэчка. Такім чынам, разам з папярэднім 13 томам, у якім распрацавана больш за 1000 артыкулаў ад Та1 да Трапкач, агульная колькасць этымалагізаванай беларускай лексікі на літару Т дасягае неверагоднай для славянскіх этымалагічных слоўнікаў лічбы – больш за 2600 лексічных адзінак. Для параўнання, у класічным рускім этымалагічным слоўніку Макса Фасмера апрацавана ўсяго каля адной тысячы слоў на гэтую літару; каля 1400 загаловачных лексем на Т утрымлівае 5 том украінскага этымалагічнага слоўніка. У іншых завершаных этымалагічных слоўніках славянскіх моў этымалогій на літару Т яшчэ менш – іншы раз значна.

Важнымі часткамі апублікаванага 14 тома ЭСБМ з’яўляюцца даведачныя “Крыніцы і літаратура”, а таксама “Мовы і дыялекты”, у якіх аб’яднаныя ўсе аналагічныя пазіцыі з папярэдніх тамоў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы