Мэта работы – устанаўленне генетычных, тыпалагічных агульнасцей і адрозненняў сучасных славянскіх моў на падставе картаграфавання рэфлексаў праславянскіх галосных і лексічных найменняў. Задачы даследавання: падрыхтоўка лінгвістычных карт; складанне картаграфічных легенд, напісанне каментарыяў да іх; інтэрпрэтацыя беларуска-славянскіх адпаведнасцей на розных узроўнях структуры мовы.
“Агульнаславянкі лінгвістычны атлас” на сённяшні дзень з’яўляецца буйнейшым славістычным праектам, які ажыццяўляецца зладжаным міжнародным калектывам лінгвістаў. Дванаццаць выпускаў атласа, якія з’яўляюцца рэальным вынікам дзейнасці Міжнароднай камісіі АЛА пры Міжнародным камітэце славістаў на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў, прадстаўляюць новыя магчымасці ў вывучэнні гісторыі і сучаснага стану славянскага дыялектнага кантынуума. Матэрыялы выпускаў Атласа дазваляюць устанавіць не толькі паслядоўнасць, гістарычную абумоўленасць канкрэтных з’яў і працэсаў, устойлівасць марфаналагічных характарыстык у сучасных мовах Славіі, але, выкарыстоўваючы новыя падыходы да інтэрпрэтацыі сабранага па славянскіх дыялектах матэрыялу, удакладніць захаванасць праславянскіх мадэлей. АЛА выпускаецца ў дзвюх серыях: першая ахоплівае лексіку, словаўтварэнне, семантыку; другая – граматыку, а таксама фанетыку і фаналогію. Выпускі кожнай серыі маюць сваю нумарацыю.
Сем выпускаў АЛА фанетыка-граматычнай серыі складаюцца ў асноўным з карт, якія адлюстроўваюць рэфлексы праславянскіх фанем у асобных словаформах. Асноўным аб’ектам лінгвагеаграфічнага вывучэння сталі праславянскія галосныя: рэфлексы *ě, *о, назальныя галосныя *ǫ і *ę, складовыя сананты *ьr, *ъr, *ьl, *ъl, рэдукаваныя *ъ і *ь, якія ў працэсе развіцця страцілі фаналагічную тоеснасць на большай частцы славянскай тэрыторыі. Рэфлексы закартаграфаваных фанем адносяцца да ліку важнейшых паказчыкаў дыялектных адносін у генетычнай і тыпалагічнай класіфікацыі славянскіх моў/дыялектаў. Матэрыялы выпускаў арыентаваны на паказ славянскіх дыялектных адрозненняў, якія былі звязаны з рэфлексацыяй праславянскіх галосных, чые кантынуанты маглі мяняць фаналагічны статус зыходнага элемента і мелі дастаткова шырокую рэпрэзентацыю.
Пяць выпускаў лексіка-словаўтваральнай серыі прадстаўляюць тэрытарыяльнае распаўсюджанне на прасторах Славіі лексічных найменняў: жывёльнага і расліннага свету, жывёлагадоўлі, прафесій і грамадскага жыцця, дамашняй гаспадаркі і прыгатавання ежы, жыццядзейнасці чалавека.
Сёння, працягваючы традыцыі і вопыт папярэднікаў, беларускія даследчыкі рыхтуюць новыя тамы атласа. Пад кіраўніцтвам В.П. Русак праводзіцца падрыхтоўка да выдання тома, прысвечанага “Рэфлексам *а” у славянскіх мовах, а пад кіраўніцтвам Л.П. Кунцэвіч рыхтуецца выпуск “Метэаралогія і вымярэнне часу. Рэльеф мясцовасці”.
Рэфлексацыя закартаграфаваных фанем належыць да ліку важнейшых паказчыкаў дыялектных адносін у генетычнай і тыпалагічнай класіфікацыі славянскіх моў і дыялектаў. Праблема паходжання акання з’яўляецца адной з ключавых і да гэтай пары не вырашыных праблем не толькі ў славістыцы, але і ў лінгвістычнай навуцы ўвогуле. Публікацыя чарговага тома “Рэфлексы *а” дазволіць крытычна ацаніць выказаныя раней гіпотэзы (рэдукцыйная, дысімілятыўнага акання, спадчына агульнаславянскага вакалізма і інш.) аб фанетычнай субстытуцыі некаторых праславянскіх адзінак у праславянскай і сучасных славянскіх мовах. Прасторавая стратыфікацыя лексічных ізаглос выпуска “Метэаралогія і вымярэнне часу. Рэльеф мясцовасці” дазволіць выпрацаваць надзейныя лінгвістычныя крытэрыі для храналагічнага раздзялення матэрыялу і ўстанаўлення архаічных і інавацыйных тэрыторый дыялектнага ландшафта Славіі.
Вынікі і матэрыялы даследавання разлічаны на шырокае міжнароднае практычнае прымяненне карыстальнікамі славянскіх моў. У новым матэрыяле зацікаўлены лінгвісты ўсіх славянскіх краін, айчынныя дыялектолагі і гісторыкі мовы, спецыялісты ў галіне марфаналогіі і фаналогіі. Вынікі і матэрыялы даследавання знойдуць прымяненне пры складанні гістарычнай граматыкі беларускай мовы, пры распрацоўцы спецкурсаў і правядзенні спецсемінараў па дыялекталогіі, гістарычнай марфалогіі і сінтаксісе ў ВНУ Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы і іх вынікі могуць быць карыснымі для выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, школьных настаўнікаў, усім, хто цікавіцца пытаннямі паходжання і развіцця славянскіх моў.
Выпускі АЛА, у якіх надрукаваны матэрыялы членаў беларускай нацыянальнай камісіі за 2006-2010 гг.: Общеславянский лингвистический атлас. Серия фонетико-грамматическая. Вып. 4а. “Рефлексы *ъ, *ь”. – Загреб, 2006; Общеславянский лингвистический атлас. Серия фонетико-грамматическая. Вып. 5. “Рефлексы *о”. – Москва, 2008; Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная. Вып. 6. “Домашнее хозяйство и приготовление пищи”. – Москва, 2007; Общеславянский лингвистический атлас. Серия лексико-словообразовательная. Вып. 9. “Человек”. – Краков, 2009.