Вельмішаноўны і дарагі Генадзь Апанасавіч!

У гэтым годзе Вы адзначаеце свой 80-гадовы юбілей!

Вы дасягнулі такога ўзросту і ўзроўню, калі чалавек Вашага кшталту ўжо не належыць сабе, а становіцца постаццю сімвалічнай і нават міфічнай, якой ганарыцца не толькі наша ніва, але і балгарская і македонская нива, верхня- і ніжнялужыцкая niwa, польская niwa, руская нива, сербская і харвацкая нива/niwa, славацкая niva, славенская njiva, украінская нива, чэшская nίva, а ўласна этымалагічныя сувязі сягаюць балтыйскіх і элінскіх краёў.

І сведчыць пра гэта хаця б толькі пералік асноўных навуковых праблем, якімі Вы плённа займаецеся на працягу свайго навуковага жыцця – гэта балгарыстыка і македаністыка, балканаславіка, палеаславістыка, балта-славянская праблематыка, этымалогія і гістарычная лексікалогія, сучасная лексікаграфія і тэрміналогія, дыялекталогія і арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі і славянская бібліяграфія, этна- і экалінгвістыка.

Славістычныя, тэарэтычныя, рэтраспектыўныя інтарэсы ўдала сумяшчаюцца з Вашым актыўным удзелам у справе моўнага будаўніцтва і даследаванняў роднай беларушчыны. Вы – адзін з арганізатараў некалькіх Міжнародных кангрэсаў беларусістаў. Увогуле, Вы добра вядомы ў беларускім гуманітарным асяроддзі як арганізатар навукі. Пры Вашым актыўным удзеле былі праведзены лінгвістычныя сімпозіумы па вывучэнні беларуска-балгарскіх, беларуска-балтыйскіх, беларуска-ўкраінскіх, беларуска-рускіх і беларуска-польскіх моўных сувязяў.

Пачынаючы з IV Міжнароднага з’езда славістаў (Масква, 1958 год), Вы ўдзельнічаеце ў працы амаль усіх гэтых самых прадстаўнічых у свеце сустрэч вучоных-славістаў. І Вы адзіны сярод беларускіх удзельнікаў славістычных форумаў прынялі ўдзел у 10 з праведзеных 15 з’ездаў. Вы не толькі ганаровы член Прэзідыўма МКС, але і сябра ажно пяці яго сталых камісій.

Адзін з заснавальнікаў беларускай славістыкі, прадстаўнік акадэмічнай навукі ў класічным разуменні, Вы падтрымліваеце і новы кірунак беларускага мовазнаўства – камп’ютарную лінгвістыку. Пад Вашым кіраўніцтвам пачалася падрыхтоўка электроннага корпуса беларускай мовы.

Неацэнны Ваш уклад у этымалагічную навуку Славіі. «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», працу над якім Вы пачалі з 2-га тома і выданне якога Вашымі намаганнямі было ўзноўлена пасля амаль дзесяцігадовага перапынку, бясспрэчна, стаў візітнай карткай беларускай філалогіі. Гэтая найбуйнейшая этымалагічная праца па асобнай жывой славянскай мове запатрабаваная славістамі ўсіх краін. Вядома, што этымалогія вымагае пастаяннага вырашэння няпростых даследчых задач, таму значную ролю ў працэсе этымалагізацыі адыгрывае ўласцівая Вам выключная моўная інтуіцыя і эрудыцыя, веданне як гісторыі, так і жывых працэсаў, што адбываюцца ў народнай мове.

Вашы лекцыі і даклады слухалі студэнты Беларускага, Маскоўскага, Варшаўскага, Кракаўскага (Ягелонскага), Беластоцкага, Люблінскага, Гамбургскага, Зальцбургскага, Сафійскага і іншых універсітэтаў Еўропы. Падчас заняткаў вы шчодра дзеліцеся навуковымі ведамі пра лінгвістычныя і этналінгвістычныя дачыненні народаў Балканскага рэгіёна, моўныя асаблівасці ўсіх славянскіх краін. Гэтыя лекцыі надоўга застаюцца ў памяці слухачоў, бо ў іх выяўляюцца глыбокія веды, прамоўніцкае майстэрства, наогул захопленасць любімай Справай, якая сапраўды з’яўляецца справай Вашага жыцця.

Для параўнальна маладой беларускай мовазнаўчай навукі надзвычай важныя вучоныя-ідэі, вучоныя-асобы, якія здольны быць закладальнікамі традыцый і напрамкаў. І Вы, Генадзь Апанасавіч, менавіта такі вучоны і такі чалавек.

Вашы калегі і сябры шчыра віншуюць Вас – доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Македонскай акадэміі навук і мастацтваў, доктара honoris causa Сафійскага ўніверсітэта – з 80-годдзем, жадаюць Вам творчага даўгалецця і плёну ў шматграннай дзейнасці на нівах славістыкі і беларушчыны, здароўя і дабрабыту!

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы