Адным з напрамкаў дзейнасці Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з’яўляецца супрацоўніцтва з сярэдняй школай: вучоныя інстытута падрыхтавалі для вучняў шэраг слоўнікаў і дапаможнікаў, яны пастаянна ўваходзяць у склад журы алімпіяд па беларускай мове, конкурсаў творчых і навуковых работ, сустракаюцца са школьнікамі, праводзяць для іх кансультацыі.
23 студзеня 2021 года загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Наталля Вікенцьеўна Паляшчук наведала Засульскую сярэднюю школу Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, якую ў свой час сама закончыла. Сустрэча з вучнямі і настаўнікамі была прысвечана Дню беларускай навукі, які ў нашай краіне сёлета адзначаецца 31 студзеня.
Наталля Вікенцьеўна пазнаёміла прысутных з гісторыяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, падрабязна расказала пра Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, яго структуру, напрамкі даследаванняў, патлумачыла іх актуальнасць і запатрабаванасць, назвала асноўныя працы, падкрэсліла іх значнасць, у тым ліку і для вучэбнага працэсу ў школе. Таксама яна асобна спынілася на распрацоўках аддзела гісторыі беларускай мовы: фундаментальным “Гістарычным слоўніку беларускай мовы”, выданнях помнікаў даўняй беларускай пісьменнасці.
Школьнікі з цікавасцю паслухалі аб працы вучоных, выкананні навуковых праектаў, бо многія з іх самі робяць першыя крокі ў навуку, удзельнічаюць у разнастайных даследчых конкурсах (вучнёўскія работы былі прадстаўлены на сустрэчы). Вучні і настаўнікі задавалі Н. В. Паляшчук пытанні аб прафесійным шляху, дасягненнях, прасілі ўзгадаць школьныя гады.
На ўспамін аб сустрэчы Наталля Вікецьеўна падарыла педагогам і школьнікам “Кароткі гістарычны слоўнік беларускай мовы” і абмеркавала разам з імі магчымасці яго выкарыстання ў навуковых распрацоўках вучняў, а таксама на ўроках беларускай мовы, гісторыі, факультатыўных занятках. Яна пажадала старшакласнікам зрабіць правільны і абдуманы выбар прафесіі, быць мэтанакіраванымі, настаўнікам – поспехаў у іх важнай і адказнай працы, а ўсім разам – атрымліваць задавальненне і радасць ад вучобы і навучання.
У сваю чаргу дырэктар школы Кухарчык Валянціна Іванаўна расказала пра дасягненні вучняў у вучобе, самадзейнасці, спорце, разам з настаўнікамі Дземідовіч-Бакленевай Ганнай Эдуардаўнай і Шалюхаевай Ірынай Вацлаваўнай правяла для госці змястоўную экскурсію па школе.
Сустрэча прайшла ў шчырай, сяброўскай атмасферы, для ўсіх удзельнікаў атрымалася цікавай і пазнавальнай.