Студзень – месяц актыўнага супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з сярэдняй школай

Дзейнасць вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў сферы адукацыі не замыкаецца на такіх традыцыйных формах, як чытанне лекцый і выкладанне практычных курсаў у ВНУ. Сёння яна ўключае ў сябе ўдзел у арганізацыі і правядзенні навуковых, навукова-асветніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі. Самыя значныя сярод іх – рэспубліканская алімпіяда і навукова-практычная канферэнцыя па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”.

Другі тыдзень студзеня чарговы раз стаў часам выпрабавання для лепшых знаўцаў роднай мовы з розных гарадоў і вёсак Мінскай вобласці: у Салігорску прайшоў трэці этап ХХХV рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Удзел у алімпіядным руху прынялі і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.У. Галуза і А.А. Марозава, якія былі запрошаны арганізатарамі (ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”) у якасці членаў журы.

Праца ў складзе журы – адна з дзейсных форм супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі акадэмічнай мовазнаўчай навукі і сярэдняй школай (як інстытутам адукацыі). Аналіз комплекснай працы па лінгвістыцы, якая ўключае складаныя і разам з тым нестандартныя заданні практычна па ўсіх галінах мовазнаўства – фанетыцы, арфаграфіі, граматыцы, лексіцы і фразеалогіі, марфеміцы, словаўтварэнні, марфалогіі, сінтаксісе, стылістыцы, тоэрыі і практыцы перакладу з рускай мовы на беларускую – дазваляе ўбачыць, у якім напрамку неабходна праводзіць далейшыя навуковыя даследаванні прыкладнога характару.

Падчас алімпіяды адбываецца непасрэдны абмен педагагічным і метадычным вопытам з калегамі з БДУ і БДПУ. Спецыялістаў у галіне мовазнаўства заўсёды просяць даць аб’ектыўную і навукова абгрунтаваную ацэнку па выніках вывучэння тэарэтычных і практычных аспектаў выкладання беларускай мовы ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе і каментарый адносна ўзроўню валодання мовай навучэнцамі .

Калі заданні алімпіяды накіраваны ў першую чаргу на праверку ступені ведання беларускай мовы як вучэбнага прадмета, то гарадская канферэнцыя навучэнцаў у секцыі “Лінгвістыка” – гэта пераход на іншы ўзровень, першая прыступка ў свет сур’ёзнай мовазнаўчай навукі.

У канцы студзеня на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ў 38-мы раз прайшоў конкурс даследчых работ сярод вучняў 9―11 класаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў г. Мінска. У гэтым годзе ў складзе камісіі працавалі загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Н.А. Снігірова і малодшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі С.В. Ліпніцкая і А.А. Марозава.

Праца камісіі была арганізавана ў два этапы. На першым члены камісіі атрымалі навукова-даследчыя работы, прадстаўленыя на конкурс, для папярэдняга прачытання і ацэньвання паводле патрабаванняў да напісання навуковага тэксту і яго пісьмовага афармлення. Другі этап супаў непасрэдна з днём правядзення навукова-практычнай канферэнцыі, калі перад камісіяй адбылася абарона вучнёўскіх праектаў, якія ацэньваліся ўжо паводле крытэрыяў іх публічнай прэзентацыі.

Тэматыка навукова-даследчых работ досыць разнастайная і ў многім адпавядае актуальным пытанням мовазнаўства: “Афарыстычныя выслоўі ў паэтычных тэкстах Ніны Мацяш”, “Этнамаркіраваныя словы ў сродках масавай інфармацыі”, Пераклад прашыўкі MIUI з англійскай мовы на беларускую”, “Беларускамоўныя дэматыватары як лінгвістычны феномен”, “Тэкставыя катэгорыі тэкставых анлайн-трансляцый футбольных матчаў” і інш.

У працах былі закрануты такія пытанні і аспекты функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве, якія сёння не вырашаны канчаткова. Гэта сведчыць пра навуковы патэнцыял маладога пакалення даследчыкаў, іх уменне бачыць праблему і імкненне знайсці шлях да яе вырашэння. І таму супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства, працуючы ў складзе камісіі, маюць магчымасць не толькі прафесійна ацаніць работы ўдзельнікаў даследчага конкурсу, але і падтрымаць у вучняў жаданне сур’ёзна звязаць у будучым свой лёс з беларускай мовай і нацыянальнай навукай.

 

 

Анастасія Марозава, старшыня Савета маладых вучоных

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы