Бібліятэка “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа” (АЛА) папоўнілася новым выданнем: у выдавецтве “Academia” (Прага, Чэхія) 23 сакавіка пабачыў свет чарговы, ужо дзявяты выпуск фанетыка-граматычнай серыі:
Slovanský jazykový atlas. Foneticko-gramatická série. – Svazek 9. Reflexy *tort, *tolt, *tert, *telt, *ort, *olt / Red. rada: N. Antropov, P. Gricenko, M. Ireinová, P. Přadková; odp. red.: M. Ireinová, P. Přadková [= Общеславянский лингвистический атлас. Серия фонетико-грамматическая. – Выпуск 9. Рефлексы *tort, *tolt, *tert, *telt, *ort, *olt] – Praha: Academia, 2019. – 189 s.
Разам з апошнім агульная колькасць выпускаў АЛА дасягнула 17-ці, з якіх восем апублікаваны ў лексіка-словаўтваральнай серыі. Такім чынам, паспяхова завершана праца Чэшскай нацыянальнай камісіі АЛА, якая доўжылася амаль чвэрць стагоддзя спачатку пад кіраўніцтвам яе тагачаснага старшыні Карэла Фіца (†2005). Завяршалі выпуск Марціна Ірэінава (цяперашні старшыня камісіі) і Петра Прадкава – яго асноўныя аўтары і адпавядальныя рэдактары.
Па рашэнні Міжнароднай камісіі АЛА пры Міжнародным камітэце славістаў у склад рэдкалегіі выпуску ў якасці сурэдактараў у 2017 г. былі ўключаны старшыня Украінскай нацыянальнай камісіі АЛА П. Грыцэнка і сябра Беларускай нацыянальнай камісіі М. Антропаў. Рэдакцыйная калегія правяла тры паўнавартасныя працоўныя сесіі ў ліпені і лістападзе 2018 г., а таксама ў чэрвені 2019 г. і ў верасні 2019 г. на чарговай штогадовай нарадзе Міжнароднай камісіі АЛА ў Кракаве (Польшча) прадставіла працоўны макет выпуску, падрыхтаваны для выдавецтва “Academia”.
На самым апошнім этапе падрыхтоўкі ў кастрычніку-лістападзе былі апрацаваны і ў асноўным улічаны заўвагі, атрыманыя пад час пасяджэння ў Кракаве ад сяброў Міжнароднай камісіі АЛА, пасля чаго выпуск быў здадзены ў выдавецтва. Прайшоўшы выдавецкую рэдактарскую падрыхтоўку і дзве карэктуры, звязаныя з вядомай складанасцю выдання, ў снежні 2019 г. выпуск пайшоў у друкарню, таму годам выхаду тыражу ў свет застаўся мінулы.
Усяго ў выпуску 79 картаў. Рэфлексы *tort прадстаўлены на 25 картах, *tolt – на 18, *tert – на 16, *telt – на 9, *ort – на 9, *olt – на 2. Перад картаграфічнай часткай традыцыйна змешчаны “Ўводзіны” і даведачныя матэрыялы. Уласна карты ўтрымліваюць легенды, каментырыі да картаў і суправаджаюцца зыходнымі матэрыяламі – індэксамі найменняў па ўсіх пунктах сеткі атласа. У каментарыях даводзіцца інфармацыя аб нерэгулярных фанетычных зменах.
Сярод 19 аўтараў асобных картаў выпуску з 9 краін (Беларусь, Паўночная Македонія, Польшча, Расія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Чэхія) – беларускія лінгвісты, у розныя гады звязаных з працай па АЛА: Л. Выгонная, А. Падлужны, А. Пацехіна, В. Русак (старшыня Беларускай нацыянальнай камісіі).
Ёсць падставы лічыць, што як калегі з Міжнароднай камісіі АЛА, так і іншыя мовазнаўцы-славісты станоўча ацэняць выдадзены Чэшскай нацыянальнай камісіяй выпуск “Рэфлексы *tort, *tolt, *tert, *telt, *ort, *olt”, прысвечаны вельмі важнаму і істотнаму для славістыкі сюжэту, і будуць выкарыстоўваць яго ў сваіх даследаваннях па вывучэнні славянскіх моў.
М. Антропаў