У Бялградзе (Рэспубліка Сербія) 20–27 жніўня 2018 г. прайшоў XVI Міжнародны з’езд славістаў. Рашэнне аб яго правядзенні было прынята на Пленуме Міжнароднага камітэта славістаў 25 жніўня 2013 г. у Мінску (Беларусь).
Удзел беларускіх вучоных у рабоце найбуйнейшага навуковага форуму міжнароднага ўзроўню, дзе традыцыйна абмяркоўваюцца праблемы сучаснага стану і гістарычнага развіцця славянскіх моў, літаратур і культур, садзейнічае павышэнню прэстыжу Рэспублікі Беларусь у свеце, актуалізацыі міжкультурных кантактаў славянскіх і неславянскіх краін, падтрыманню славянскай ідэнтычнасці ў сучаснай цывілізацыйнай прасторы. Менавіта таму беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзілі супрацоўнікі НАН Беларусі і выкладчыкі вядучых ВНУ краіны, была вельмі прадстаўнічай.
Сёлета ў Бялград з’ехалася каля тысячы даследчыкаў з 43 краін свету. Урачыстае адкрыццё XVI Міжнароднага з’езда славістаў адбылося 20 жніўня ў Зале герояў на філалагічным факультэце Бялградскага ўніверсітэта і ўразіла колькасцю ўдзельнікаў, гасцей і валанцёраў. Адкрыў з’езд Старшыня Міжнароднага камітэта славістаў прафесар Б. Сувайджыч. З прывітальным словам да слухачоў звярнуліся Старшыня Беларускага камітэта славістаў акадэмік А. Лукашанец, дэкан філалагічнага факультэта прафесар Л. Маркавіч, прадстаўнікі адміністрацыі горада і ўніверсітэта, вядомыя дзеячы навукі і культуры Сербіі.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця з’езда ў сваім выступленні А. Лукашанец падкрэсліў, што дзякуючы падобным мерапрыемствам ажыццёўлены буйнейшыя праекты, накоплена каштоўная навуковая інфармацыя пра гісторыю і развіццё славянскіх народаў, іх моў, літаратур і культур.
Cёння славянскія народы жывуць, развіваюць свае нацыянальныя мовы, літаратуры і культуры ў вельмі няпростых сацыяльна-палітычных умовах, якія патрабуюць новых навуковых падыходаў і поглядаў на традыцыйныя пытанні славістыкі, ставяць перад сучаснай славістыкай новыя праблемы. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў тэматыцы з’ездаў славістаў, што дапамагае выпрацаваць актуальную навуковую парадыгму сучаснага славянскага ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву, асабліва ў гуманітарнай сферы, якая павінна стаць вызначальнай для сусветнай супольнасці ў XXI стагоддзі.
У той жа дзень адбыліся пленарныя пасяджэнні, адкрыццё выставы славістычных публікацый (асноўных навуковых выданняў краін-удзельніц за апошнія пяць гадоў) у Бібліятэцы горада Бялграда, а таксама экспазіцый “Сербская лексікаграфія ад Вука да сённяшняга дня” і “Славістыка ў эміграцыі”. На кніжнай выставе, якая працавала падчас з’езда, на беларускім стэндзе былі прадстаўлены важнейшыя выданні НАН Беларусі па славістыцы, мовазнаўстве, літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, а таксама даклады нашых навукоўцаў, надрукаваныя асобнай кнігай “Мовазнаўства. Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка: XVI Міжнародны з’езд славістаў” у Выдавецкім доме “Беларуская навука”. Вялікую цікавасць удзельнікаў мерапрыемства выклікала прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення выданняў Францыска Скарыны, на якой з паведамленнямі выступілі старшыня Беларускага камітэта славістаў А. Лукашанец і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А. Суша.
Пленарныя даклады, асабліва прафесара Е. Бартміньскага (Польшча) “Мова ў кантэксце культуры” і прафесара С. Ніколавай “Сучасныя кірыла-мяфодзіеўскія даследаванні ў Еўропе – напрамкі, вынікі, перспектывы” (Балгарыя), адлюстравалі глыбіню асэнсавання ўзнятых у іх праблем і маштабнасць сучасных задач славістыкі.
Работа секцый, тэматычных блокаў, круглых сталоў, а таксама камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў, была арганізавана ў адпаведнасці з папярэдне зацверджанай тэматыкай з’езда па чатырох напрамках (1. Мова. 2. Літаратура, культура, фальклор. 3. Пытанні славістыкі. 4. Спецыяльныя тэмы) і працягвалася з 21 па 25 жніўня ўключна. Згодна з існуючай традыцыяй, прадугледжваліся і стэндавыя (панэльныя) даклады для маладых славістаў. У рамках вызначаных напрамкаў былі прадстаўлены наступныя секцыі: “Праславянская мова”, “Стараславянская і царкоўнаславянская мовы і іх уплыў на фарміраванне славянскіх літаратурных моў”, “Этымалогія”, “Гісторыя славянскіх моў”, “Дыялекталогія”, “Анамастыка”, “Граматыка сучасных славянскіх літаратурных моў”, “Семантыка і прагматыка”, “Лексікаграфія”, “Фразеалогія”, “Лінгвістыка тэкста / дыскурс аналіза”, “Стылістыка”, “Інтэрферэнцыя”, “Тэрміналогія і тэрмінаграфія”, “Сацыялінгвістыка”, “Моўная палітыка”, “Лінгвакультуралогія”, “Этналінгвістыка”, “Развіццё славянскай пісьменнасці”, “Тэксталагічныя даследаванні славянскай літаратуры”, “Гісторыя славянскай літаратуры – стылістычныя фармацыі, жанры, літаратурныя традыцыі”, “Тэарэтычныя аспекты вывучэння сучаснай славянскай літаратуры”, “Пераклад”, “Публіцыстыка, медыя, крытыка”, “Славянская літаратура – рэлігія – філасофія – палітыка – культура; дыялог Усход – Захад; нацыянальная ідэалогія”, “Славянская літаратура і культурная спадчына ў ХХІ стагоддзі”, “Славянскі фальклор, фалькларыстыка, міфалогія”, “Гісторыя і метадалогія славістыкі”, “Славістыка ў ХХІ стагоддзі” і некаторыя іншыя.
Падчас плённай працы трыццаці двух тэматычных блокаў былі абмеркаваны асобныя актуальныя пытанні славянскага мовазнаўства і літаратуразнаўства: “Глабалізацыя і славянскае словаўтварэнне”, “Катэгорыя шматзначнасці ў тэорыі і практыцы славянскай тэрмінаграфіі”, “Бібліяграфія славянскага мовазнаўства ў лічбавай прасторы”, “Медыякультура і стыль”, “Кітабістыка: тэорыя і практыка”, “Літургічныя мовы Slavia Orthodoxa ў Новы і Навейшы час”, “Семантычная дэрывацыя”, “Моўна-культурная супольнасць славянскай вёскі”, “Душа ў славянскім фальклоры і фразеалогіі”, “Гістарычная памяць у мове”, “Анамастыка і сучасная культура”, “Славянская фантастыка”, “Перакладная літаратура славянскага сярэдневякоўя”, “Паэзія анлайн”, “Дыялог і дыялагічнасць літаратурных тэкстаў”, “Межы фальклору vs мадэлі поля інтэрпрэтацый фальклорнага тэксту”, “Уяўленні аб рэгіёнах Еўропы ў гісторыі славістыкі”, “Антычныя і сярэднявечныя канцэпцыі паходжання славян” і інш.
Спецыяльнымі тэмамі з’езда сталі найбольш значныя аспекты сербскай славістыкі і некаторыя агульныя для славянскага свету важныя праблемы, абмеркаваныя ў фармаце круглых сталоў: “Дзвесце гадоў “Сербскаму слоўніку” Вука Стэфанавіча Караджыча і значэнне Вука ў славістыцы”, “Аляксандр Беліч у гісторыі славістыкі”, “1918 год і развіццё славянскіх моў і літаратур і іх даследавання”, “Корпусная лінгвістыка”, “Інтэрнэт-стылістыка: сучасныя тэндэнцыі, праблемы і перспектывы”, “Філалагічныя арэальныя даследаванні і сучасная славістыка” і інш.
У дакладах беларускай дэлегацыі быў узняты шэраг актуальных праблем сучаснай славістыкі, якія прыцягнулі ўвагу зацікаўленых слухачоў і выклікалі актыўнае абмеркаванне падчас дыскусій. Сярод выступленняў супрацоўнікаў НАН Беларусі інфарматыўнай насычанасцю і глыбокім аналітызмам вылучаліся даклады А. Лукашанца “Праявы моўнай глабалізацыі ў славянскім словаўтварэнні: сутнасць, маштаб і ўплыў на сістэму” і “Нацыянальная графіка і арфаграфія ў кантэксце міжславянскага моўнага ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву (беларускі вопыт)”, І. Капылова “Славянскі тапанімікон: спецыфіка і асаблівасці перадачы на беларускую мову”, В. Русак “Беларускае аканне ў агульнаславянскім кантэксце: па матэрыялах выпуска “Рэфлексы *а” Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа”, Я. Волкавай і Г. Цыхуна “Беларуская мовазнаўчая славістычная бібліяграфія: гісторыя, напрамкі, перспектывы ў агульнаславянскім кантэксце”, І. Будзько “Беларускія пераклады Старога Запавету ў кантэксце фарміравання беларускай рэлігійнай тэрміналогіі: вынікі міжмоўнага, міжканфесійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння”, А. Бразгунова “Беларуска-чэшска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне 15–17 стст.” і інш.
Традыцыйным для з’езда з’яўляўся блок грунтоўных дакладаў акадэмічных даследчыкаў этналінгвістыкі і фальклору: падрыхтаваны М. Антропавым, Ц. Авіліным і А. Боганевай даклад “Беларуска-іншаславянскія ізадоксы ў картаграфічнай прекцыі”, а таксама выступленні Т. Валодзінай “Беларускія замовы: дыялектная карціна ў кантэксце славянскіх і еўрапейскіх уплываў” і В. Шарай “Традыцыйныя ўяўленні пра сірату ў абрадах жыццёвага цыкла славянскіх і неславянскіх народаў”.
Іншым праблемным аспектам славістыкі прысвячаліся змястоўныя выступленні выкладчыкаў вядучых беларускіх ВНУ: І. Чароты “Беларуская мова ў богаслужэбнай практыцы Праваслаўнай царквы ў Беларусі”, Б. Нормана “Граматыка і прагматыка: суадносіны і ўзаемадзеянне (на матэрыяле славянскіх моў)”, А. Кожынавай “Душа ў беларускай народнай культуры”, “Унутраная форма слова і яе рэалізацыя ў старажытным славянскім тэксце”, М. Хмяльніцкага “Беларусы і палякі: ўзаемаўспрыманне ў нацыянальных літаратурах 1920–30-х гг.”, П. Рааго “Жывёльны свет і яго рэцэпцыя ў сістэме беларускай і славацкай дзеяслоўнай лексікі”, М. Супрунчука “Беларуская славістыка ў асобах (да 90-годдзя прафесара А.Я. Супруна)”.
Складаным пытанням гісторыі мовы была нададзена ўвага ў дакладах М. Прыгодзіча “Германізмы ў старабеларускай мове: прамое запазычанне або польскае пасрэдніцтва” і А. Рудэнка “Раннія ўсходнеславянскія лацінаграфічныя тэксты Вялікага княства Літоўскага”.
Надзвычай цікавым зместам вызначаліся выступленні Г. Мезенка “Лічбы ў славянскай урбаніміі: набор, сімволіка, асаблівасці функцыянавання”, А. Лукашанец “Славянскія анлайн-слоўнікі слэнгу і размоўнай лексікі: склад, структура, тыпалогія”, М. Тарэлкі “Мінскі тэфсір 1686 г. Вынікі апошніх даследаванняў” і І. Сынковай “Знахарскія тэксты ў кантэксце традыцыйнай культуры беларускіх татараў”.
Даклады Л. Рычковай “Славянамоўныя рэсурсы ў інтэрнэт прасторы “Адкрытай навукі” ” і “Адлюстраванне шматзначнасці ў слоўніку сацыяльна значымай лексікі тэрміналагічнага і прафесійнага характару беларускай мовы”, В. Шчэрбіна “Славянскія тэрмінаграфічныя традыцыі: крытэрыі і ўзроўні параўнальнага аналізу” і “Складанне спецыяльных аднаканцэптных слоўнікаў як спосаб класіфікацыі шматлікіх значэнняў базавых, пакетных паняццяў”, С. Запрудскага “Сербскі слоўнік Вука Караджыча 1818 г. і Слоўнік беларускай мовы Івана Насовіча 1870 г: падабенства і адрозненні” і “Старое і новае абліччы беларускага пурызму (на матэрыяле спадчыны В. Ластоўскага і Я. Станкевіча)” азнаёмілі з асноўнымі тэндэнцыямі і дасягненнямі ў галіне развіцця сучаснай славянскай і беларускай лексікаграфіі і лексікалогіі.
З мэтай каардынацыі далейшых даследаванняў ў асобных галінах славістыкі ў час работы з’езда адбыліся пасяджэнні звыш трыццаці камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў, у тым ліку: Камісіі Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа, Камісіі па сацыялінгвістыцы, Стылістычнай камісіі, Камісіі па лексікалогіі і лексікаграфіі, Камісіі па корпуснай лінгвістыцы, Камісіі па славянскім словаўтварэнні, Тэрміналагічнай камісіі, Камісіі па фанетыцы і фаналогіі, Біблейскай камісіі і інш. Па выніках работы пленума Міжнароднага камітэта славістаў быў вызначаны новы склад камітэта, а таксама падведзены вынікі дзейнасці камісій пры МКС. Акадэмік А. Лукашанец абраны членам гэтага камітэта, а таксама старшынёй Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры МКС. Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа М. Антропаў абраны старшынёй Этымалагічнай камісіі пры МКС.
Вялікім гонарам для вучоных стаў візіт да прэзідэнта Рэспублікі Сербія А. Вучыча, а таксама ўрачысты прыём для беларускай і польскай дэлегацый у пасольстве Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Сербія, што адбыліся па-за праграмай маштабнага навуковага форуму, надзвычай насычанай як навуковымі, так і культурнымі мерапрыемствамі.
З’езд як найбольш шырокая форма плённага міжнароднага навуковага супрацоўніцтва славістаў засведчыў патэнцыял іх прафесійнага дыялогу і дазволіў беларускім вучоным абмеркаваць з замежнымі спецыялістамі перспектывы выканання сумесных навуковых праектаў па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы.
Па рашэнні Міжнароднага камітэта славістаў наступны XVІI Міжнародны з’езд славістаў адбудзецца ў 2023 годзе ў Парыжы (Францыя) на базе Сарбонскага ўніверсітэта.