Аб стане падрыхтоўкі тома “Рэфлексы tort/tolt, tert/telt, ort/olt” фанетыка-граматычнай серыі “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа” ў рамках беларуска-чэшскага навуковага супрацоўніцтва

На фота (злева направа): Павел Грыцэнка, Петра Прадкава, Марціна Ірэінава, Мікалай Антропаў

У адпаведнасці з рашэннем Міжнароднай камісіі “Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа” (АЛА) пры Міжнародным камітэце славістаў, прынятым пад час пасяджэння ў Частай-Папярнічцы (Славакія, 2017 г.), у склад рэдкалегіі тома “Рэфлексы tort/tolt, tert/telt, ort/olt” фанетыка-граматычнай серыі АЛА, які рыхтуецца Чэшскай нацыянальнай камісіяй АЛА, у якасці сурэдактараў былі ўведзены вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы М. П. Антропаў, а таксама старшыня Украінскай нацыянальнай камісіі АЛА П. Я. Грыцэнка. У ліпені б. г. у Інстытуце чэшскай мовы Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі (г. Брно) адбылося першае пасяджэнне рэдактарскай камісіі.

На чарговым пасяджэнні Міжнароднай камісіі АЛА ў Бялградзе (жнівень 2018 г.) стан падрыхтоўкі чэшскага тома быў ухвалены і ўнесена прапанова аб завяршэнні працы (рэдагаванне карт, каментарыяў да іх, “Уводзін” да тома і даведачных матэрыялаў) на чарговай нарадзе ў Брно ў лістападзе 2018 г. з тым, каб гатовы том магчыма было б выдаць ужо ў 2019 г.

З гэтай мэтай 19–24 лістапада М. П. Антропаў і П. Я. Грыцэнка ў якасці сурэдактараў прынялі ўдзел у рабочай нарадзе па рэдагаванні карт тома “Рэфлексы tort/tolt…”. На працягу трох першых дзён нарады былі поўнасцю адрэдагаваны карты, якія адюстроўваюць вышэйзгаданыя рэфлексы спалучэнняў плаўных з вакаламі ў інтэркансанантнай пазіцыі (24 карты, не разгледжаныя на папярэняй нарадзе ў ў ліпені) і на пачатку слова (11 карт). На пасяджэннях 22 і 23 лістапада вялася праца над “Уводзінамі” да тома (уступная частка; агляд рэфлексаў tort/tolt, tert/telt: тэорыя і адлюстраванне на картах тома). Канчатковае завяршэнне працы над “Уводзінамі” запланавана ў рэжыме абмена інфармацыяй па электроннай пошце, а таксама на запланаванай на чэрвень наступнага года апошняй нарадзе рэдактарскай групы.

Пад час апошняга пасяджэння 24 лістапада былі падведзены вынікі сумеснай работы і падрыхтавана кароткая справаздача для кіраўніцтва камісіі АЛА.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы