21 верасня ў горадзе Астраўцы адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Астравецкія чытанні – 2023”, прысвечаная Году міру і стваральнай працы. Гэта канферэнцыя – вынік узаемнай зацікаўленасці двух бакоў. Яе навуковую частку рыхтаваў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Практычна здзяйсняў, падтрымліваў, спрыяў, і, самае галоўнае, выказаў жывую цікавасць да такога мерапрыемства Астравецкі раённы выканаўчы камітэт. Усе арганізацыйныя клопаты па правядзенні навуковага мерапрыемства былі ўскладзены на дзяржаўную ўстанову культуры “Астравецкая раённая бібліятэка” на чале з яе дырэктарам Наталляй Уладзіміраўнай Ачарэтавай.
Канферэнцыя пачынаецца. Выступае І. Л. Капылоў
Ускоснай нагодай для правядзення канферэнцыі стала круглая дата – 555-годдзе юбілею г. Астраўца. Гэтай даце быў прысвечаны літаратурны анлайн-конкурс “Я посвящаю строки Островцу”. Урачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося на канферэнцыі, яго пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Узнагароды пераможцам конкурсу ўручае В. В. Баярэвіч, загадчык сектара культуры Астравецкага райвыканкама (злева)
Яшчэ адным адметным момантам стала ўшанаванне краязнаўцаў, жыхароў Астравеччыны, дзякуючы якім ажывае мясцовая гісторыя, з гісторыі паўстаюць асобы, якія яе стваралі. Узнагароды, уручаныя краязнаўцам, асаблівыя – гэта граматы Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Іх атрымалі: Ніна Аляксееўна Рыбік, карэспандэнт установы «Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда”», Людміла Аляксандраўна Гродзь, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Варнянская сярэдняя школа”, Васілёнак Марыя Карлаўна, настаўніца, стваральнік Гудагайскага школьнага музея, якая хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але насамрэч, як і раней, калі яшчэ працавала, працягвае вывучаць гісторыю сваёй зямлі, Ачарэтава Наталля Уладзіміраўна, дырэктар ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”.
Узнагароды Гуманітарнага аддзялення навук НАН Беларусі краязнаўцам Астравеччыны
На ўрачыстай частцы ўшаноўвалі не толькі неабыякавых да сваёй гісторыі жыхароў горада Астраўца. За вялікую арганізацыйную і навуковую працу, накіраваную на раскрыццё розных аспектаў з гісторыі рэгіёна, Падзякай Астравецкага раённага выканаўчага камітэта быў адзначаны дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Лявонавіч Капылоў.
Узнагароджваецца І. Л. Капылоў
Асноўная частка праведзенага навуковага мерапрыемства – гэта выступленні даследчыкаў НАН Беларусі з дакладамі. Але тыя канферэнцыі, якія ладзіць Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вызначаюцца яркай асаблівасцю: на гэтых мерапрыемствах выступаюць не толькі вучоныя, у іх працы бяруць удзел мясцовыя краязнаўцы – нястомныя даследчыкі сваёй Бацькаўшчыны. У Астраўцы таксама прагучалі надзвычай змястоўныя даклады і паведамленні. Падрабязна, з глыбокім веданнем сваёй справы, улюбёнасцю ў яе расказала Ніна Аляксееўна Рыбік пра адметныя старонкі гісторыі Астравеччыны, якія з моманту выхаду газеты “Астравецкая праўда”, адлюстроўваліся ў выданні. Як вопытны, кампетэнтны і дасведчаны спецыяліст, Ніна Аляксееўна адзначыла не толькі добрыя, змястоўныя публікацыя, змешчаныя ў газеце, але і пералічыла тыя з іх, дзе ўтрымліваюцца асобныя заганы і хібы.
Выступае Н. А. Рыбік
Пра Варняны, старажытнейшае паселішча на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны, якое ўпершыню згадваецца ў 1391 г. як уладанне вялікага князя літоўскага Ягайлы, з любоўю расказалі настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Варнянскай сярэдняй школы Людміла Аляксандраўна Гродзь і вучаніца 9 класа гэтай жа школы Тарашкевіч Лада.
Выступае Л. А. Гродзь
Пра цяжкія старонкі калектывізацыі, якія, як частка ўсеагульнай гісторыі краю, прайшлі праз лёс сям'і Маркуноў, паведаміў прысутным настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 г. Астраўца Павел Яўгенавіч Маркун.
Выступы мясцовых краязнаўцаў былі розныя па сваім змесце, але ўсе яны былі працяты любоўю да сваёй зямлі, гонарам і пашанай да тых, хто працаў дзеля роднай Бацькаўшчыны.
Выступае П. Я. Маркун
Тэматыка выступленняў акадэмічных дакладчыкаў вызначалася разнастайнасцю. Шмат увагі было аддадзена гістарычным падзеям, якія ў розныя часы адбываліся на Астравеччыне. Аляксандр Барысавіч Доўнар, загадчык аддзела гісторыі Беларусі ІХ–ХVІІІ стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі, захапіў прысутных праблемай, дзе размяшчаўся гістарычны Астравец, колькі сапраўды Астраўцоў было. І хоць кропка ў вызначэнні гістарычнага седлішча тут пастаўлена, але таямніцы гісторыі яшчэ не да канца раскрыты.
Выступае А. Б. Доўнар
Пра заможнага ўладальніка гэтых зямель Паўла Астравецкага, гісторыю яго роду даведаліся ўдзельнікі канферэнцыі і прысутныя на ёй слухачы з даклада Анастасіі Анатольеўны Скеп'ян, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі.
Выступае А. А. Скеп'ян
Пра моўныя асаблівасці мясцовых гаворак расказала загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Вераніка Мікалаеўна Курцова. Праўда, паведаміла яна толькі пра назвы некаторых ягад. І хоць пласт слоў, якія даследчык ахарактарызавала, быў не шырокі, разам з тым В. М. Курцова здолела пераканаць, што спецыфіка Астравеччы як міжмоўнай кантактнай зоны паспрыяла таму, што тут ужываюцца адзінкавыя назвы, якія належаць да літаратурных, вядомы рэгіянальныя найменні, звязаныя сваім паходжаннем з суседнімі літоўскай і польскай мовамі, ёсць і агульвядомыя словы, пашыраныя на ўсёй Беларусі. І такі лексічны склад мясцовых гаврак выяўляецца не толькі ў гэтай тэматычнай групе слоў.
З вялікай цікавасцю слухалі ўсе даклад Юрыя Іосіфавіча Внуковіча, загадчыка сектара захавання фальклорнай спадчыны Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Ю. І. Внуковіч нарадзіўся ў Астраўцы, тут жыў, вучыўся. Гісторыю свайго краю даследчык ведае да драбніц, аднак яго навуковы клопат – вусная народная творчасць, таму выступоўца пералічыў, што вылучае фальклор Астравеччыны, якія ўзоры народнай песеннай спадчыны ці іншыя яго набыткі можна аднесці да лакальных духоўных скарбаў, а што распаўсюджана па ўсім паўночна-заходнім рэгіянальным абшары. Вусная народная творчасць, запісаная ў розныя гады на Астравеччыне, сёння зберагаецца ў акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, яна даступная кожнаму, хто любіць яе, цікавіцца ёй, таму, як заўважыў Ю. І. Внуковіч, вельмі важна звяртацца да акадэмічных запісаў, каб менавіта адметныя рэгіянальныя фальклорныя творы ўводзіліся ва ўжытак сёння.
Выступае Ю. І. Внуковіч
Сярод многіх выбітных людзей, якія нарадзіліся на Астравеччыне, пачэснае месца займае асоба паэта і святара Казіміра Сваяка (Кастуся Стэпановіча). Пра асаблівасці творчасці Казіміра Сваяка, яго духоўныя ідэалы і мары расказала прысутным Ірына Эрнстаўна Багдановіч, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Выступоўца заўважыла, што часам у вершах творцы цяжка правесці мяжу між рэлігійным і ўласна мастацкім словам, тут усё знітавана ў адно цэлае, усё мае і сацыяльную, і мастацкую каштоўнасць. Па гэтай прычыне, відаць, спадчына Казіміра Сваяка і будзе выклікаць цікавасць, прывабліваць да сябе вастрынёй праблем, якія ён уздымаў. Жыццё паэта было занадта кароткім, далёка не ўсё ўдалося здзейсніць Казіміру Сваяку за адведзены яму зямны тэрмін, аднак даследаванне ягонай спадчыны дазваляе з упэўненасцю сказаць: гэта быў сапраўдны будзіцель беларускай зямлі, змагар за годную будучыню свайго народа.
Выступае І. Э. Багдановіч
У Праграме канферэнцыі «Астравецкія чытанні» значылася таксама яшчэ адна адметная імпрэза – прэзентацыя кнігі «Валянціна Коўтун. Выбраныя працы» (2022). Выданне было падрыхтавана да друку ў выдавецтве «Беларуская навука». Яго прэзентавала прысутным паэт, укладальнік кнігі І. Э. Багдановіч. Чаму менавіта ў Астраўцы ішла гаворка пра выбраныя творы пісьменніцы? Лёс Валянціны Коўтун склаўся так, што пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ, яна працавала настаўніцай у Варнянскай школе. Сюды, у сваю маладосць, яна не раз вярталася, прыгадваючы з радасцю час, праведзены на Астравеччыне.
Гісторыя Астравеччыны… Факты, падзеі, лёсы людзей… Тут усё знітавана повяззю часу, і кожная дробязь вымагае спецыяльнага аповеду, каб асэнсаваць, што адбылося, адбываецца, і захаваць усвядомленае для патомкаў. Вялікая зацікаўленасць мясцовага раённага кіраўніцтва ў правядзенні гэтай канферэнцыі сведчыць: тут імкнуцца данесці гісторыю сваёй Бацькаўшчыны да сэрца кожнага мясцовага жыхара, паказаць яе рэгіянальную адметнасць, увекавечыць здабыткі. Зусім невыпадкова, што намеснік старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Паўлавіч Бычко, які быў на канферэнцыі амаль увесь час, нібы падводзячы вынікі праведзенага мерапрыемства, адзначыў даклад фактычна кожнага выступоўцы і падкрэсліў, што, слухаючы даследчыкаў, адкрыў для сябе шмат новых цікавых фактаў. Трэба ведаць свой край – вось тое галоўнае, што фарміруе любоў да Бацькаўшчыны, спрыяе яе пазнанню, пакідае след у памяці.
Заключнае слова Г. П. Бычко
Натхняльныя словы Г. П. Бычко, выказаныя ім як шчырая падзяка ўсім удзельнікам канферэнцыі, сведчылі: даследчыкі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі годна справіліся са сваёй адказнай місіяй – паказалі рэгіянальную адметнасць Астравеччыны.
В. М. Курцова