Моўныя скарбы роднай зямлі: дыялекталагiчная экспедыцыя на Глыбоччыну

З 5 па 9 ліпеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці праходзіла дыялекталагічная экспедыцыя супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі сумесна з супрацоўнікамі аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У экспедыцыі ўдзельнічалі В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, І. В. Галавіна, малодшы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела і А. А. Марозава, навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі.

Без усялякага перабольшвання, калі каротка характарызаваць вынікі палявога даследавання, можна сказаць: экспедыцыя была вельмі плённай. За гэтыя дні даследчы атрад змог наведаць нямала вёсак. Мы пабылі ў вёсках Вераб'і, Дзеркаўшчына, Карабы, Надазер’е, Папшычы, Празарокі, Псуя, Старыя Зябкі, Удзела, Чарневічы. Наведаць такую колькасць населеных пунктах даследчыкі змаглі дзякуючы асаблівасцям арганізацыі працы. Каб прадуктыўна працаваць, дырэкцыя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры звярнулася па дапамогу да раённага кіраўніцтва Глыбоцкага раёна. Мясцовае кіраўніцтва даручыла апекавацца намі начальніку адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Карніловіч Людміле Фёдараўне. Людміла Фёдараўна асабіста папрасіла старшынь Залескага, Удзельскага, Карабоўскага, Псуеўскага, Празароцкага сельскіх выканаўчых камітэтаў, а таксама загадчыкаў мясцовых культурна-асветніцкіх устаноў, сельскіх клубаў і цэнтраў культуры, з просьбай аб аказанні дапамогі акадэмічнай дыялекталагічнай экспедыцыі. Таму наш прыезд у любую з вёсак, якую мы мелі намер наведаць, каб пагаварыць з мясцовымі насельнікамі старэйшага ўзросту і зрабіць запісы размовы, быў загадзя падрыхтаваны. Гэта надзвычай важна ў сучасных побытавых умовах у сельскім асяроддзі. Інфарматары ведалі, з кім і для чаго яны будуць весці размовы. Ведалі яна і пра мэты такіх размоў: у перспектыве па выніках абследавання Пастаўскага, Глыбоцкага, Мёрскага і Браслаўскага раёнаў будзе падрыхтавана навуковая праца, прысвечаная комплекснаму апісанню лінгвістычнага ландшафту дадзенага рэгіёна. У даследаванні будуць змешчаны і тэксты тых, хто з ахвотай адказваў на нашы пытанні, расказваў пра багатыя мясцовыя традыцыі, дзяліўся жыццёвым досведам. Але задуманае выданне — справа будучыні, а цяпер, мы, члены экспедыцыйнага атрада, хочам сказаць усім нашым суразмоўцам шчыры дзякуй. Нас надзвычай крануў аповед Ганны Адамаўны Глембоцкай, былой настаўніцы, якая, скончыўшы працу, вярнулася на бацькаўшчыну і тут, у вёсцы Шыці, дзе сёння не жыве ніводзін чалавек, у адрамантаванай бацькоўскай хаце самаахвярна стварае музей роднай вёскі і ладзіць святы для тых, хто нарадзіўся ў ёй. Ганна Адамаўна ўласнымі высілкамі ўжо многа зрабіла ў родным доме для захавання памяці пра аднавяскоўцаў, пра сваю Бацькаўшчыну... Гэты чалавек цяпер на пенсійным адпачынку, але яна настолькі апантана сваёй справай, што можна пераканаўча сцвярджаць: музей абавязкова будзе.

Расказвае Ганна Адамаўна Глембоцкая, стваральніца музея роднай вёскі Шыці

Не меншую колькасць уражанняў пакінула ў нас і наведванне Празароцкай школы. Яе нельга было абмінуць, хоць зараз летні час, пераважна перыяд адпачынку. У гэтай школе працуе ўнікальны музей, прысвечаны Ігнату Буйніцкаму, заснавальніку прафесійнага беларускага нацыянальнага тэатра. Праўду кажучы, нават язык не паварочваецца назваць гэты музей тыповым для сельскай школы. Сваёй экспазіцыяй, дэманстрацыяй экспанатаў ён аніяк не саступае любой спецыяльнай установе падобнага тыпу. Музей атрымаўся такім дзякуючы дырэктару Празароцкай дзіцячай сад-сярэдняй школе імя І. Ц. Буйніцкага Гінько Вользе Дзмітрыеўне і яго сённяшняму кіраўніку Дударонак Марыне Станіславаўне. У ім наведвальнікам не толькі расказваюць пра ролю і месца Ігната Буйніцкага ў станаўленні нацыянальнага тэатра, яго імпрэзах, тут усё зроблена, каб будзіць інтарэс да культуры мясцовага краю, яго адвечных традыцый, каб заахвочваць не толькі ведаць, але захоўваць і развіваць іх. Таму расказ суправаджае абрадава-фальклорная дзея. Праўда, мы яе не бачылі, бо ў галоўных выканаўцаў відовішча зараз канікулы, але ў вучэбны час так бывае заўсёды.

Празароцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа. У музеі Ігната Цярэнцьевіча Буйніцкага. Расказвае Марыя Станіславаўна Дударонак

Такія нечаканая культурніцкія моманты ў дыялекталагічнай экспедыцыі намсамрэч былі адзінкавыя. Самым запамінальным і цікавым для нас у час экспедвцыйнага падарожжа сталі сустрэчы са звычайнымі жыхарамі наведаных намі вёсак, нашымі інфармантамі. З кожнай размовы давялося для сябе пачуць нешта адметнае, часам зусім новае. Так намётка, як расказала Часлава Іосіфаўна Раманчук з вёскі Лазічы, у абрадавай каталіцкай традыцыі выконвае своеасаблівую ролю рытуальнага ахвяравальнага палатна (тканіны) і тым самым адрозніваецца ад шырока ўжывальнага значэння намёткі як доўгага вузкага кавалка кужэльнага палатна ці даўняга галаўнога ўбора замужніх жанчын.

в. Лазічы. Расказвае Часлава Іосіфаўна Раманчук

Яніна Іванаўна Барыла з вёскі Карабы, вядомая майстрыца-ткалля, вышывальшчыца, пераканаўча даказала, што для пасеву збажыны карысталіся тут вось такой адметнай лубкай, якую з дапамогай рамяня ўскладалі на рамёны (плечы).

   

в. Карабы                                                     Яніна Іванаўна Барыла з лубкай

З аповеда Марыі Віктараўны Хрол, чалавека, якія зведаў самыя складаныя выпрабаванні ў сямейным жыцці, даведаліся, што ў хаце яе сваякоў некалі сталаваўся Язэп Драздовіч і там працяглы час вісеў яго дыванок, які нейкім таемным чынам прапаў і ўбачыць яго ўжо не атрымаецца.

Аграгарадок Чарневічы. Расказвае Марыя Віктараўна Хрол

Моніка Антонаўна Тунчонак з аграгарадка Празарокі ў дэталях апісала, як выглядаў бурнос, чым ён адрозніваўся ад бушлата ці любілі дзяўчаты абуваць снягоўкі і калі імі карысталіся. Паведала яна і шмат іншай змястоўнай інфармацыі пра лёс свайго роду, доўгажыхароў тутэйшых мясцін.

Аграгарадок Празарокі. Расказвае Моніка Антонаўна Тунчонак

Запамінальная сустрэча адбылася і ў аграгарадку Псуя. Шмат цікавых асаблівасцей з мясцовай кухні раскрыла нам Рамуальда Васільеўна Таўгень, якая нібы незнарок прыгатавала да сустрэчы грыбную поліўку і вельмі шкадавала, што не здолела спячы свой хлеб, каб мы адчулі яго асаблівы смак, бо пячэцца ён па адметным рэцэпце.

Грунтоўна паразмаўлялі мы тут і з Янінай Фёдараўнай Кулябінай, якая ў маладосці завербавалася ў Карэлію, дзе працавала не толькі на лесанарыхтоўцы, але і займалася лесасплавам. Пачуць ад жанчыны пра лесасплаў, лесанарыхтоўку — гэта неверагодна рэдкі выпадак, а тут такая нечаканасць, якая надарылася нам у экспедыцыі…

Аграгарадок Псуя. З правага боку стала Яніна Фёдараўна Кулябіна. Воддаль — Рамуальда Васільеўна Таўгень

Аповеды ўсіх нашых суразмоўцаў, надзвычай багатыя на адметнасці жывой беларускай гаворкі, з уласцівым ёй сакаўным словам, часам рэдка чутым, часам і наогул з невядомым значэннем, уражвалі сваёй шчырасцю і натуральнасцю, прымушалі суперажываць і здзіўляцца. Яны дадавалі веры, што моўны скарб, у якім замацавалася спаконвечнае, звязанае з асаблівасцямі ў побыце, вуснай фальклорнай спадчыне, традыцыйных і адметных занятках, будзе жыць, не згубіцца і не растрасецца ў часе з-за розных гістарычных акалічнасцей, не заўсёды спрыяльных для роднай мовы.

  

в. Вераб'і. З Ірынай Віктараўнай Кажэка                                             

аг. Чарневічы.  З Ірынай Юльянаўнай Сямчонак                               

в. Дзеркаўшчына. У Цэнтры культуры

Усім, з кім давялося сустрэцца ў час экспедыцыі, хто знайшоў час для супольных размоў, а гэта: Валянціна Мікалаеўна Бахір, Алена Вацлаваўна Малей, Ірына Адольфаўна Загорская, Ганна Рыгораўна Таболіч (в. Дзеркаўшчына), Ганна Янаўна Зязюля (в. Карабы), Фаліцыя Антонаўна Рагоўская (аг. Празарокі), Браніслава Вікенцьеўна Кавалеўская (в. Старыя Зябкі), Ніна Генадзьеўна Абрамовіч (в. Папшычы), Соф’я Васільеўна Крывёнак (в. Вераб'і), Соф’я Баляславаўна Раманчук (в. Лазічы), Ірына Віктараўна Кажэка (в. Вераб'і), Ірына Юльянаўна Сямчонак (аг. Чарневічы),  Емілія Канстанцінаўна Кучынская (в. Надазер'е) і іншым жыхарам Глыбоцкага краю — мы кажам дзякуй і зычым здароўя з надзеяй на новую сустрэчу.

В. М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы