Беларускія мовазнаўцы на канферэнцыі «Анамастыка Паволжа» ў Вялікім Ноўгарадзе

З 17 па 20 верасня на базе Гуманітарнага інстытута Наўгародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага (Вялікі Ноўгарад, Расія) прайшла XVII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Анамастыка Паволжа», удзел у якой прынялі прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа — дырэктар Ігар Капылоў і старшы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вадзім Шклярык. З прычыны таго, што гісторыя гэтай канферэнцыі налічвае не адно дзесяцігоддзе (першы такі форум адбыўся ў 1967 годзе ва Ульянаўску), яе праблемнае поле стала шырокім і ўжо не абмяжоўваецца абмеркаваннем толькі паволжскага анамастыкону.

У арганізацыйны камітэт сёлетняй канферэнцыі ў Вялікім Ноўгарадзе было прадстаўлена 112 дакладаў ад даследчыкаў з 33 расійскіх рэгіёнаў і 11 замежных краін. Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 40 дактароў навук і больш за 60 кандыдатаў навук. Праца вялася ў рамках 7 тэматычных блокаў: 1) Гісторыка-этымалагічныя аспекты рэгіянальнай тапаніміі; 2) Крыніцы і метады вывучэння тапаніміі і мікратапаніміі; 3) Гарадская анамастычная прастора; 4) Праблемы антрапанімікі; 5) Тэорыя і метады анамастычных даследаванняў; 6) Аспекты анамастычнай перыферыі; 7) Літаратурная і фальклорная анамастыка.

Прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа выступілі ў Вялікім Ноўгарадзе з дакладамі, прысвечанымі праблемам тапаніміі: Ігар Капылоў ахарактарызаваў сучасны стан і перспектывы развіцця гістарычнай тапанімікі Беларусі, а Вадзім Шклярык расказаў пра паходжанне зафіксаваных на тэрыторыі нашай краіны мікратапонімаў тыпу Кацярынінскі Шлях. Беларусь на канферэнцыі прадставілі таксама Ганна Мезенка (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава), Алег Копач (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), Марына Дарафеенка (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава) і Вольга Лукіна (Магілёўскі інстытут МУС РБ).

Зборнік матэрыялаў XVII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Анамастыка Паволжа» ўбачыў свет яшчэ да яе пачатку. Кніга ўяўляе сабой саліднае выданне аб’ёмам 560 старонак, у цвёрдым пераплёце і з якасным афармленнем. Надрукаваныя матэрыялы былі аператыўна ўведзены ў базу дадзеных Расійскага індэкса навуковага цытавання і ў навуковую электронную бібліятэку eLIBRARY.RU. За ўзорную падрыхтоўку зборніка, цёплы прыём у Вялікім Ноўгарадзе і насычаную культурную праграму шчырыя словы падзякі хочацца яшчэ раз выказаць Валерыю Васільеву і ўсім астатнім членам арганізацыйнага і праграмнага камітэтаў канферэнцыі.

 

Аўтары фотаздымкаў: Вадзім Шклярык, Сяргей Папоў

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы