Прэзентацыя выданняў Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта ў галіне дыялектнай лексікаграфіі

22 мая ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Евразийское гуманитарное пространство: состояние и перспективы развития филологических наук» адбылася прэзентацыя серыі выданняў «Костромские говоры: материалы и исследования»

 

Прэзентацыю пачынае В. М. Курцова

Унікальная серыя, рэдактарамі якой з’яўляюцца доктар філалагічных навук, прафесар Ніна Сямёнаўная Ганцоўская, старшы навуковы супрацоўнік вучэбна-навуковай даследчай лабараторыі «Лексікалогія і лексікаграфія» Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат культуралогіі Галіна Дзмітрыеўна Няганава і адказны сакратар навуковага часопіса «Вестник Костромского государственного университета» Таццяна Уладзіміраўна Асіпенка, складаецца з 7 кніг: «Ганцовская, Н. С. Лексика говоров Костромского акающего острова: проблемы типологии», «Ганцовская, Н. С. Словарь говоров Костромского Заволжья: междуречье Костромы и Унжи», «Ганцовская, Н. С. Костромская еда: деревенские рассказы : этнодиалектный словарь-хрестоматия», «Ганцовская, Н. С. Костромские говоры : учебное пособие», «Диалектное исследование лексики и ономастики костромского края», «Народная речь костромского края в творчестве писателей : коллективная монография», «Неганова, Г. Д. Язык земли: ландшафтная лексика в говорах Костромской области».

З выданнем знаёмiць В. Б. Панкратава

Усе пералічаныя выданні ўбачылі свет на працягу 2024 г. Гэта сведчыць пра неверагодны аб’ём працы, праробленай аўтарамі і рэдактарамі, каб кнігі своечасова трапілі да зацікаўленай аўдыторыі. Уклад стваральнікаў серыі адзначаны Падзякай губернатара Кастрамской вобласці Сяргеем Канстанцінавічам Сітнікавым. Але гэта, як падаецца, занадта сціплая ўзнагарода за такую навуковую працу – 7 кніг (!), у якіх адлюстраваны лексічныя, анамастычныя, ландшафтныя багацці Кастрамскога краю, прадстаўленыя ў выглядзе розных слоўнікаў, тэкстаграфічнага апісання і тэарэтычнага асэнсавання лексічных асаблівасцей рэгіёна, а таксама ў форме вучэбнага дапаможніка. Дадзены комплекс кніг – гэта сапраўдны навуковы помнік аўтарскага калектыву жыхарам рэгіёна аб народных ведах пра свет, якія замацаваліся ў родным слове.

Як ішла работа над выданнем, хто яго ініцыяваў і фінансаваў расказала прысутным на імпрэзе Вольга Барысаўна Панкратава, дырэктар Інстытута гуманітарных навук і сацыяльных тэхналогій Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта. Выступоўца адзначыла адну цікавую адметнасць публікацыі: усе кнігі будуць накіраваны ў школы, каб вучні на ўроках краязнаўства вывучалі гісторыю сваёй зямлі, шанавалі і любілі мову сваіх продкаў, знаёміліся з матэрыяльнай і духоўнай культурай мясцовых жыхароў.

Пра кожную кнігу з любоўю, глыбокім веданнем іх зместу распавяла ўдзельнікам прэзентацыі Галіна Дзмітрыеўна Няганава, якая рупліва працавала над матэрыяламі па падрыхтоўцы рукапісаў да друку.

Г.Д. Няганава расказвае пра працу над серыяй

Прэзентацыя серыі выданняў «Костромские говоры: материалы и исследования» без сумнення ўразіла ўсіх прысутных. Уразіла найперш аб’ёмам працы яе рэдактараў Н. С. Ганцоўскай, Г. Д. Няганавай і Т. У. Асіпенка, праробленай у надзвычай сціслыя тэрміны, а таксама прызначэннем серыі. Кнігі будуць накіраваны, як заўважана раней, у навучальныя ўстановы Кастрамской вобласці, а тым самым будуць спрыяць фарміраванню ў маладога пакалення цікавасці да традыцыйнай духоўнай культуры, да лакальнай гісторыі.

Не памылюся, калі таксама заўважу: як было б добра, каб кнігі такога комплекснага лінгвакраязнаўчага зместу, прызначаныя настаўнікам, з’явіліся ў кожнай вобласці Беларусі, каб уласна дыдактычныя матэрыялы суправаджаліся багатым і змястоўным навуковым лексікаграфічным і тэарэтычным дадаткам, як гэта зрабілі выкладчыкі вучэбна-навуковай даследчай лабараторыі «Лексікалогія і лексікаграфія» Кастрамскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ім можна толькі шчыра пазайздросціць і павіншаваць з поспехам.

 

Вераніка Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы