Удзел вучоных-мовазнаўцаў у навукова-практычнай канферэнцыі “Філалагічная навука ў школе: сучасны стан і перспектывы развіцця"

28 сакавіка 2025 г.  дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А. М. Лапцёнак, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н. В. Паляшчук прынялі ўдзел у ІХ навукова-практычнай канферэнцыі “Філалагічная навука ў школе: сучасны стан і перспектывы развіцця”. Мерапрыемства прайшло на базе ДУА “Гімназія № 22 г. Мінска”, якая стала супрацоўнічае з Інстытутам мовазнаўства.

У выступленні на пленарным пасяджэнні І. Л. Капылоў абгрунтаваў важнасць навуковых распрацовак акадэмічных мовазнаўцаў для адукацыйнага працэсу, падкрэсліў актуальнасць папулярызацыі філалагічных ведаў сярод навучэнцаў устаноў сістэмы сярэдняй адукацыі.

Таксама Ігар Лявонавіч прадставіў удзельнікам канферэнцыі выданне “Беларуская мова ад А да Я”, расказаў пра яго прызначэнне і структуру.  Н. В. Паляшчук і А. М. Лапцёнак працягнулі прэзентацыю кнігі, засяродзілі ўвагу на яе рубрыках, змесце асноўных і дадатковых разваротаў. Аўтары выдання адзначылі, што змешчаныя ў ім факты і звесткі будуць садзейнічаць развіццю лінгвістычнай, моўнай і маўленчай кампетэнцыі чытачоў, пашырэнню іх кругагляду, далучэнню да інтэлектуальных здабыткаў старажытнасці і сучаснасці, азнаямленню з дасягненнямі айчынных вучоных-гуманітарыяў.

Пасля пленарнага пасяджэння вучоныя наведалі музей гімназіі “Родны сэрцу горад мой”, прысвечаны гісторыі горада Мінска.

 

А. Лапцёнак, Н. Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы