Круглы стол “Апошняя кніга Францыска Скарыны: да 500-годдзя выдання «Апостала»”

Загадчык адзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук прыняла ўдзел у круглым стале Апошняя кніга Францыска Скарыны:  да 500-годдзя выдання «Апостала»”, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 26 сакавіка 2025 г.

Мерапрыемства было арганізавана Цэнтрам даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства (кіраўнік – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ А.С. Горны), факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму і філалагічным факультэтам універсітэта.

Мадэратар круглага стала А.С. Горны пазнаёміў прысутных – студэнтаў розных факультэтаў – з асноўнымі этапамі жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, падкрэсліў яго ролю ў развіцці асветы і кнігадрукавання, расказаў пра структуру кнігі “Апостал”, яе факсімільнае выданне і вывучэнне ў гуманітарыстыцы.

Дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ Р.К. Казлоўскі разгледзеў прадмовы і пасляслоўі Францыска Скарыны ў кантэксце беларускай пісьменнасці XVI ст., звярнуў увагу на значэнне творчасці першадрукара для беларускай культуры і літаратуры, патлумачыў яе актуальнасць для сучаснасці.

Н.В. Паляшчук прэзентавала перавыданне кнігі А.І. Жураўскага “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (2024), расказала аб яе кампазіцыі, падачы матэрыялу, апісаных помніках, у тым ліку і выданнях Францыска Скарыны, абгрунтавала яе вартасць для шырокага кола карыстальнікаў – спецыялістаў у галіне гістарычнай лінгвістыкі, вучоных-гуманітарыяў, студэнтаў, аматараў беларускай даўніны без спецыяльнай гісторыка-лінгвістычнай падрыхтоўкі. Таксама Наталля Вікенцьеўна адзначыла ўклад А.І. Жураўскага ў вывучэнне і папулярызацыю мовазнаўчай і асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны.

Для круглага стала супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі ўніверсітэта была падрыхтавана кніжная выстава. На ёй былі прадстаўлены як факсіміле кніг Бібліі Францыска Скарыны, так і разнастайныя манаграфіі, прысвечаныя асобе і справе першадрукара.

Мерапрыемства завяршылася абмеркаваннем выступленняў і пытаннямі да дакладчыкаў, што сведчыць пра цікавасць моладзі да спадчыны Францыска Скарыны і жаданне вывучаць яе.  

 

Н. Паляшчук

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы