Міжнародны дзень роднай мовы: Мінск – Ташкент

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Будзько І. У. у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце правяла святочнае мерапрыемства ў анлайн-фармаце разам з калегамі з Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Іслама Карымава. З беларускага боку ўсіх прысутных павіншавалі прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Нікалайчык Ю. А., дэкан факультэта міжнароднага супрацоўніцтва Шырвель П. І., з узбекскага боку – начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва і пратакола Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Мананаў У. В. У сваіх выступленнях яны адзначылі важную ролю роднай мовы ў жыцці кожнага этнасу, падкрэслілі неабходнасць падтрымкі знікаючых моў, падзякавалі за плённае супрацоўніцтва БНТУ і ТДТУ.

Зала пасяджэнняў вучонага савета БНТУ была запоўнена беларускімі студэнтамі, замежнымі студэнтамі і магістрантамі з Кітая, Узбекістана і іншых краін свету.

Яркімі і змястоўнымі былі выступленні гасцей мерапрыемства – старшыні Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” ва Узбекістане Татаранка Г. А. і старшыні рускага культурнага цэнтра ва Узбекістане Міронава С. А.

Выкладчыкі і студэнті БНТУ падрыхтавалі прэзентацыю, падчас якой прысутныя пазнаёміліся з агульнымі правіламі беларускай арфаэпіі і арфаграфіі. Нашы студэнты прачыталі вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Лідзіі Полазавай, Петруся Броўкі, Ніла Гілевіча, прысвечаныя роднай мове. Узбекскія студэнты і магістранты архітэктурнага факультэта расказалі верш Якуба Коласа “Узбекістану” на ўзбекскай, рускай і беларускай мовах.

З Ташкента быў прадэманстраваны відэаролік з чытаннем урыўкаў коласаўскіх вершаў на беларускай і рускай мовах (яго здымалі каля бюста нашага славутага паэта на ташкенцкай вуліцы, якая носіць яго імя). “Мой родны кут...” гучаў па-беларуску ў цэнтры ўзбекскай сталіцы!

 І.У. Будзько

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы