Падзякa за падтрымку беларускай мовы ад SAY.BY

Год таму ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося пасяджэнне круглага стала «Беларуская мова і бізнес». Сустрэча прадстаўнікоў беларускіх фірм, кампаній, рэкламных агенцтваў, банкаў з мовазнаўцамі была адным з мерапрыемстваў, што праходзілі ў рэчышчы святкавання тыдня беларускай мовы.

Тыдзень праляцеў і закончыўся, аднак іменна з таго часу пачалося супрацоўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з праектам SAY.BY (Падтрымліваем мову), накіраваным на распрацоўку мабільных прыкладанняў і візуальнага інфармацыйнага суправаджэння для грамадскіх устаноў, што аказваюць паслугі насельніцтву (кавярняў, рэстаранаў, цырульняў, салонаў прыгажосці, стаматалагічных клінік, заправачных станцый і інш.).

Кіраўнік праекта, прадпрымальнік Аляксандр Шастаковіч, і Савет маладых вучоных Інстытута мовазнаўства шчыльна працавалі на працягу мінулага года.

С.В. Ліпніцкая, А.А. Марозава і Т.В. Пятрова дапамаглі далейшаму развіццю праекта, правёўшы розныя віды лінгвістычных работ:

  • адрэдагавалі інфармацыйныя матэрыялы, размешчаныя на інтэрнэт-старонках самога праекта і арганізацый, з якімі вядзецца супрацоўніцтва: «Чаму нельга крытыкаваць мову», Golden Kids Camp (крыніца: www.facebook.com/groups/goldenkidcamp/) і інш.;
  • адрэдагавалі інфармацыйныя матэрыялы, размешчаныя ў сацыяльных сетках «Facebook», «Instagram»: праект «Арт-запраўка», сетка рэстаранаў «Salateria», «E-draniki» і інш.;
  • дапамаглі з моўным афармленнем сурвэтак для арганізацый грамадскага харчавання;
  • прынялі ўдзел у распрацоўцы і складанні міні-размоўнікаў для вытворцаў і арганізацый у сферы паслуг па тэмах: разьба па дрэве, вокны-дзверы ПВХ, кейтэрынг, адукацыйны летнік;
  • правялі вычытку матэрыялу і ўнеслі рэдактарскія праўкі ў міні-размоўнікі для агучкі (кнігарня, тэатр, музей);
  • далі навуковую ацэнку мовазнаўчаму матэрыялу на інфармацыйнай і рэкламнай прадукцыі праекта (налепкі, паштоўкі, плакаты і г.д.);
  • выверылі мовазнаўчы матэрыял, які выкарыстоўваецца праектам пры складанні квэстаў па беларускай мове;
  • далі навуковыя кансультацыі па разнастайных мовазнаўчых пытаннях.

 

І вось ужо ў 2019 годзе, напярэдадні Дня роднай мовы, адбылася сустрэча Аляксандра Шастаковіча з маладымі вучонымі, якія прыклалі немалыя намаганні для развіцця праекта праз удасканаленне яго моўнага суправаджэння.

Аляксандр Шастаковіч адзначыў важную ролю маладых вучоных Інстытута мовазнаўства ў стварэнні пазітыўнага іміджу праекта: дзякуючы іх працы, вынікам якой стала адсутнасць моўных памылак у падрыхтаванай прадукцыі, праект успрымаецца як сур’ёзная і сталая ініцыятыва па падтрымцы беларускай мовы. Падводзячы вынік гадавому супрацоўніцтву, Аляксандр Шастаковіч ад імя ўсёй каманды SAY.BY уручыў С. Ліпніцкай і А. Марозавай Падзяку за падтрымку беларускай мовы.

 

 

Анастасія Марозава,

старшыня Савета маладых вучоных

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы