22 лютага 2018 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа супольна з літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа арганізавалі і правялі імпрэзу “Па старонках Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, прымеркаваную да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Мерапрыемства з’яўлялася часткай навукова-асветніцкіх лекцый-дыскусій, накіраваных на папулярызацыю навуковых дасягненняў айчыннай мовазнаўчай навукі, рэалізацыю адукацыйных і культурна-рэкрэацыйных мэт.
Падчас імпрэзы прагучалі выступленні акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова, якія ў чарговы раз падкрэслілі ролю беларускай мовы як найважнейшага культурна-нацыянальнага фактара кансалідацыі нацыі.
“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” ў 37 выпусках – унікальнае выданне, якое з’яўляецца бясспрэчным доказам трывалых традыцый і даўняй гісторыі развіцця беларускай мовы. Аб усіх этапах стварэння слоўніка, яго адметнасці, коле рукапісных крыніц, будове слоўнікавага артыкула расказала адна з непасрэдных яго ўкладальнікаў Наталля Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы. Яна слушна адзначыла, што, дзякуючы “Гістарычнаму слоўніку беларускай мовы”, мы можам не толькі захоўваць і вывучаць пісьмовыя набыткі папярэдніх эпох, але і наблізіцца да нашага продка-беларуса: даведацца, якім ён быў, чым цікавіўся, што яго хвалявала.
Нягледзячы на характар кніжнага выдання (слоўнік прэзентую лексіку беларускай мовы ХІV―ХVІІІ стст.), на сустрэчы прысутнічала шмат моладзі: маладыя вучоныя НАН Беларусі, выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ, члены культурна-гістарычных таварыстваў, танцавальнага клуба “Сіта”, якія з цікавасцю і імпэтам слухалі выступоўцаў, ахвотна задавалі пытанні.
Акрамя таго, разынкай сустрэчы стаў майстар-клас па чытанні старадаўніх тэкстаў, які правяла вядучы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Ірына Будзько. Варта адзначыць, што ў большасці прыстуных добра атрымалася разабрацца ва ўсіх складанасцях старадаўніх шрыфтоў, яны хутка здолелі распазнаць знакі і расчытаць прапанаваныя фрагменты тэкстаў.
Музычную афарбоўку сустрэчы і атмасферу святочнасці ствараў вакальны ансамбль “ČARKA”.
Па выніках праведзенай імпрэзы можна сказаць, што такія супольныя сустрэчы ствараюць важную і неабходную платформу для камунікацыі паміж прадстаўнікамі акадэмічнай навукі і шырокай грамадскасцю, спрыяюць папулярызацыі ведаў і навуковых дасягненняў, а таксама ўмацаванню пачуцця нацыянальнай годнасці.