19 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся навукова-практычны семінар “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія ў інтэрнэце: прынцыпы функцыянавання і практычнае выкарыстанне ў навуковай дзейнасці”. Семінар быў прысвечаны аднаму з найважнейшых складнікаў і інструментаў дзейнасці вучоных – навуковай інфармацыі. Для ўсіх даследчыкаў славянскіх моў такім інструментам з’яўляецца “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія”, якая ствараецца міжнароднай супольнасцю славістаў на базе Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. З 2007 года гэта бібліяграфія даступна ў інтэрнэце як інфармацыйна-пошукавая сістэма iSybislaw (http://isybislaw.ispan.waw.pl/). Архітэктура гэтай сістэмы дазваляе не толькі атрымліваць інфармацыю пра выдадзеныя працы, але і вырашаць задачы навукова-метадалагічнага плану. Удзельнікі семінару, сярод якіх былі навукоўцы, а таксама аспіранты і выкладчыкі мінскіх ВНУ, атрымалі метадычныя парады па практычным выкарыстанні бібліяграфічнай базы, даведаліся пра разнастайныя пошукавыя інструменты для эфектыўнай працы з бібліяграфічнай інфармацыяй.