100-гадоваму юбілею Мікалая Васільевіча Бірылы прысвячаецца

14 верасня ў рамках Другой міжнароднай канферэнцыі «Сучасныя праблемы анамастыкі. Да стагоддзя з дня нараджэння акадэміка М. В. Бірылы» адбыўся круглы стол «Мікалай Васільевіч Бірыла: шматграннасць асобы».

Круглы стол стаў лагічным працягам канферэнцыі і яе адметнай часткай адначасова.

Круглы стол пачынаецца

 

Асаблівую атмасферу на імпрэзе стварылі ўспаміны родных і калег па працы. На пасяджэнні прысутнічала дачка Мікалая Васільевіча Аліна Мікалаеўна Панявіна, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі.

Выступае Аліна Мікалаеўна Панявіна

Слухаючы выступоўцаў. А. М. Панявіна і І. А. Гапоненка

 

З любоўю і сімпатыяй дачка расказала пра свайго бацьку, яго адметныя рысы характару, заўважыла, што яго вылучала лагоднасць, уменне жартамі зняць напружанасць у любой, самай складанай сітуацыі. Прыгадала яна і як бацька працаваў над сваімі навуковымі даследаваннямі. Вельмі ўзрадавала Аліну Мікалаеўну, што так годна захоўваецца ў Інстытуце памяць пра акадэміка Мікалая Васільевіча Бірылу, працягваюць жыць і ўвасабляцца ў новыя даследчыя працы яго наватарскія ідэі.

З задавальненнем прысутныя слухалі таксама Надзею Андрэеўну Чабатар. Яна працавала ў аддзеле, які ўзначальваў М. В. Бірыла. Узгадваючы яркія эпізоды, звязаныя з працай у аддзеле, Надзея Андрэеўна падкрэсліла, што іх загадчык, хоць і быў неверагодна заняты, заўсёды знаходзіў хвілінку, каб выслухаць «сваіх дзяўчатак» — супрацоўнікаў аддзела, якімі былі галоўным чынам жанчыны.

Н. А. Чабатар (злева) сярод сённяшніх супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства

 

Асноўная частка выступленняў на круглым стале была прысвечана асэнсаванню ролі Мікалая Васільевіча ў развіцці беларускага нацыянальнага мовазнаўства, яго ўкладу ў айчынную навуку.

Пра акадэміка М. В. Бірылу, зробленае ім у розных галінах беларускага мовазнаўства цёпла, з любоўю і ўсебакова расказала прысутным доктар філалагічных навук Валянціна Паўлаўна Русак. Валянціна Паўлаўна, якая асабіста ведала Мікалая Васільевіча, працавала разам з ім. Сёння яна ўзначальвае аддзел, у якім працягваюцца розныя напрамкі даследаванняў, аснову каторых заклаў акадэмік М. В. Бірыла. Дакладчык не толькі ахарактарызавала навуковыя працы, падрыхтаваныя акадэмікам Бірылам, але і актуалізавала тыя важныя праблемы, якія цяпер стаяць перад нацыянальным мовазнаўствам.

Падчас круглага стала. У цэнтры В. П. Русак

Праблемы нацыянальнай анамастыкі ў яе розных аспектах былі асветлены Ірынай Алегаўнай Гапоненка. Закранула выступоўца і такі важны аспект у творчых планах акадэміка М. В. Бірыла як жаданне стварыць слоўнік адметных беларускіх прозвішчаў. Мовавед не паспеў рэалізаваць задуму, гэты навуковы праект чакае свайго часу. Але сёння, калі існуе найбагацейшая дыялектная лексікаграфічная база, яго рэалізацыя цалкам магчымая ў бліжэйшай будучыні.

Выступае І. А. Гапоненка

 

В. М. Курцова спынілася на дыялекталагічнай спадчыне М. В. Бірылы, якая ўключае апісальную дыялекталогію, лінгвагеаграфію, дыялектную лексікаграфію. У кожным з пералічаных напрамкаў даследчык пакінуў глыбокі след. Так, яго ўдзел у напісанні комплексу прац па дыялекталогіі быў адзначаны ў складзе даследчага калектыву Дзяржаўнай прэміяй СССР (1971). Даследчык актыўна займаўся арганізацыяй палявых экспедыцый па збіранні беларускіх матэрыялаў для «Агульнаславянскага лексічнага атласа» (АЛА), не толькі сам абследаваў некалькі населеных пунктаў, вызначаных праграмай АЛА, але і быў адным з кіраўнікоў гэтага міжнароднага праекта. З 1978 г. ён з’яўляўся намеснікам старшыні Міжнароднай камісіі АЛА.

У пасляваенны час М. В. Бірыла стаў ініцыятарам ідэі па стварэнні зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак. Ён таксама напісаў некалькі адметных прац па фанетыцы беларускай дыялектнай мовы, якія не страцілі сваёй значымасці па сённяшні дзень. Усё гэта сведчыць пра адно: акадэмік Мікалай Васільевіч Бірыла зрабіў значны ўнёсак у нацыянальную дыялекталогію.

Выступае В. М. Курцова

 

Пра тое, якое месца ў навуковай дзейнасці М. В. Бірылы займалі праблемы нацыянальнай тэрміналогіі, расказала прысутным Э. В. Ярмоленка. Падзялілася выступоўца і з тымі задачамі, якія яшчэ і сёння застаюцца складанымі і пакуль што не вырашанымі ў нацыянальнай тэрміналагічнай справе.

Выступае Э. В. Ярмоленка

Пасля творчай плённай сустрэчы

 

Круглы стол, прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння моваведа, акадэміка Мікалая Васільевіча Бірылы, прайшоў у плённай, натхняльнай працы. Атмасферу зацікаўленасці стварылі не толькі выступоўцы, а ўсе, хто прыйшоў, каб ушанаваць імя выдатнага сына беларускай зямлі Мікалая Васільевіча Бірылы.

 

В. М. Курцова

 

Запіс круглага стала можна паглядзець па спасылцы:

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы