Дыялекталагічная экспедыцыя ў Чавускі раён

З 17 па 21 чэрвеня супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ірына Галуза, Юрый Маліцкі і Вадзім Шклярык знаходзіліся ў планавай дыялекталагічнай экспедыцыі, якая праходзіла ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці, на радзіме беларускага лексікографа І. І. Насовіча (1788–1877). Дзякуючы спрыянню намесніка старшыні Чавускага райвыканкама Т. М. Радзівілінай і актыўнаму ўдзелу загадчыка аддзела па адукацыі М. У. Варанцова і загадчыка сектара культуры Н. В. Кандраценка акадэмічныя даследчыкі на працягу некалькіх дзён былі забяспечаны транспартам і падтрымкай на месцах.

За адносна невялікі прамежак часу ўдзельнікам экспедыцыі ўдалося наведаць такія населеныя пункты Чавускага раёна, як Антонаўка, Ваўкавічы, Вусце, Галавенчыцы, Заложжа, Радамля, Радучы, Сутокі, Усушак, Хамянкі, Шапярэва. Узоры мясцовага маўлення былі запісаны ад 23 інфармантаў-старажылаў, у тым ліку ад удзельніц фальклорнага калектыву «Незабудкі», які мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Расшыфраваныя запісы будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце – у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы.

Шчырыя словы падзякі хацелася б выказаць таксама намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Ваўкавіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа» Т. А. Гунаевай, настаўніку ДУА «Вусцянскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа» Г. В. Сільванковай, старшыні Антонаўскага сельвыканкама Д. У. Ільіну, загадчыку Вусцянскага культурна-спартыўнага цэнтра Л. К. Кавалёвай, дырэктару сельскага дома культуры «Радамля» Л. Ф. Бялькевіч, вадзіцелям А. В. Дзямідаву і В. І. Бабаеву. Як і супрацоўнікі Чавускага райвыканкама, гэтыя людзі прыклалі нямала намаганняў, каб удзельнікам экспедыцыі працавалася плённа і камфортна.

 

Вадзім Шклярык,

навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы