
Супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, Ірына Уладзіміраўна Будзько, Юрый Мікалаевіч Лаўрык, Святлана Мікалаеўна Макітрук і Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка прынялі ўдзел у ХХІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях, якія праходзілі 16–17 красавіка 2026 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Даклад І. У. Будзько «Краниево место vs Лобное место: да перакладу грэч. kranίou Tόpoς у старажытных евангельскіх тэкстах» быў прысвечаны аналізу спецыфікі ўжывання словазлучэнняў для намінацыі Галгофы, месца пакарання Іісуса Хрыста, у старажытных помніках славянскай пісьменнасці. І.У. Будзько прасачыла дынаміку ўжывання названых словазлучэнняў і зрабіла выснову, што першапачатковым і найбольш ужывальным у тэкстах Евангелляў было спалучэнне Краниево место, якое з часоў позняга Сярэднявечча паступова замянялася эквівалентам Лобное место. У старажытных слоўніках гэтыя спалучэнні выступаюць поруч, часам для тлумачэння аднаго праз другое. У старарускай мове пашырылася словазлучэнне Лобное место і стала ўжывацца ў значэнні ‘месца пакарання’.
Ю. М. Лаўрык у дакладзе «Куцеінскія “Малітвы штодзённыя” 1631 г.: Тэксты і крыніцы» распавёў пра выданне малітваслова Спірыдонам Собалем у Куцейне ў 1631 г. Аналіз тэкставага складу і выдавецкіх характарыстык кнігі прывёў даследчыка да высновы, што праца па падборы тэкстаў была ажыццёўлена ў Богаяўленскім манастыры з мэтай забеспячэння малітоўных патрэб свецкіх братчыкаў Оршы і Магілёва, з якімі манастыр актыўна супрацоўнічаў. Асноўнымі крыніцамі паслужылі два віленскія выданні: аднайменны малітоўнік, выпушчаны не раней за 1615 г., і “Вертаград душэўны” Фікары Святагорца 1620 г. Цытаты для запаўнення адварота тытульнага ліста ўзяты з віленскага “Новага запавета з псалтыром” 1623 г. і “Казанняў на 14 лістоў св. апостала Паўла” Іаана Залатавуста, выдадзеных у Кіеве таксама ў 1623 г.

С.М. Макітрук выступіла з паведамленнем “Рэпрэзентацыя назваў падаткаў у помніках дзелавой пісьменнасці”. Даследчыца звярнула ўвагу на наяўнасць і функцыянаванне ў старабеларускай мове найменняў так званых стабільных падаткаў, пошлін і плацяжоў, які збіраліся з насельніцтва на працягу некалькіх стагоддзяў, а таксама падаткаў, плацяжоў і пошлін, якія мелі часовы характар, г.зн. залежалі ад пэўных гістарычных умоў і з’яў. У сучаснай беларускай літаратурнай мове большасць з прааналізаваных найменняў выйшла з ужытку, частка стала гістарызмамі, а некаторыя пачалі ўжывацца ў іншым значэнні.
У дакладзе Н.В. Паляшчук “Інфармацыйныя тэхналогіі ў даследаванні пісьмовай спадчыны” была адзначана выключная роля ІТ, якія задавальняюць патрэбы як навукоўцаў, так і ўсіх, хто цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай, у шматвектарным даследаванні разнажанравых рукапісных і друкаваных помнікаў пісьменнасці, у тым ліку міждысцыплінарным, у справе іх захавання і папулярызацыі, у аптымізацыі даследчага працэсу. Вынікі і перспектывы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у беларускім гістарычным мовазнаўстве, на думку дакладчыцы, сведчаць пра яго адпаведнасць сучасным тэндэнцыям развіцця гуманітарнай навукі.
Даклад “Рукапісная кніга Евангелле тэтр: да пытання аб атрыбуцыі” быў падрыхтаваны Э.В. Ярмоленка сумесна з Т.А. Самайлюк, сакратаром Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы, і прысвечаны рукапісу, які належыць бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі. Э.В. Ярмоленка прадставіла папярэднія вынікі лінгвістычнага аналізу рукапісу. Яна адзначыла некаторыя графічныя (надрадковыя знакі, вынасныя літары, лігатуры, літара s (зело), змяшэнне вялікага і малога юсоў і інш.) і арфаграфічныя (ужыванні літары ѣ (яць), перадача спалучэнняў *trьt, *tьrt,* tlьt, *tьlt і *dj, частотнае ўжыванне літары ь на канцы самастойных і службовых слоў і інш.) асаблівасці Евангелля. На думку даследчыцы, моўныя асаблівасці рукапісу дазваляюць ахарактарызаваць яго як сярэднебалгарскі звод і датаваць канцом XV стагоддзя.
Даклады супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы былі высока ацэнены айчыннымі і замежнымі ўдзельнікамі кнігазнаўчых чытанняў.






