КАБ СТАЦЬ БЕЛАРУСАМІ

ЛіМ, 22 сакавіка 2024 г.

 

«Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам,

бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка

і культура таго, што называецца нацыяй, народам».

Янка Сіпакоў

 

«Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін», – сцвярджае Асноўны Закон Беларусі – Канстытуцыя, якая замацоўвае наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў – беларускай і рускай, прадугледжвае іх раўнапраўнае выкарыстанне ва ўсіх важнейшых сферах афіцыйных зносін – дзяржаўна-заканадаўчай, афіцыйна-справавой, палітычнай, адукацыйнай і інш. Але, каб зрабіць свядомы выбар на карысць той ці іншай мовы, трэба быць знаёмым з культурай яе носьбітаў. Ну а для таго, каб гэтыя ўсім вядомыя прапісныя ісціны сталі больш зразумелымі і ўкараняліся ў жыццё, тэорыю неабходна замацоўваць практыкай.

Таму ў вышэйшай навучальнай установе, якая рыхтуе кадры для органаў дзяржаўнага кіравання, – Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не першы год сумеснымі намаганнямі кафедры міжмоўнай камунікацыі, Студэнцкага савета і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі ладзяцца мерапрыемствы, закліканыя заахвоціць моладзь больш размаўляць, чытаць і пісаць па-беларуску.

І вось нядаўна Акадэмія кіравання вітала ў сваіх сценах дарагіх гасцей: галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Вольгу Рацэвіч, папулярнага паэта-песенніка, члена саюза пісьменнікаў Беларусі, падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Кастуся Цыбульскага, паэтэсу, празаіка, перакладчыцу, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Веру Буланда, а таксама ансамбль народнай музыкі і песні імя Івана Раманчука «Менскі гармонік» пад кіраўніцтвам Івана Катовіча.

На пачатку мерапрыемства пад назвай «Літаратурна-музычная гасцёўня», якое адкрыў рэктар Акадэміі кіравання Вячаслаў Даніловіч, адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу чытальнікаў «Роднае слова», што прайшоў напярэдадні, калі 15 студэнтаў-канкурсантаў чыталі па-мастацку не толькі творы класікаў беларускай літаратуры, але і ўласныя беларускамоўныя вершы.

Трэба сказаць, журы конкурсу, куды ўваходзілі выкладчыкі, прадстаўнікі Студэнцкага савета і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, было няпроста справіцца са сваёй задачай і вызначыць пераможцаў, таму што чытальнікі стараліся не толькі выразна прачытаць напамяць вершы і празаічныя ўрыўкі, але і прадставіць іх з дапамогай розных вобразна-выяўленчых сродкаў, што ў кожным выпадку надавала сваю адметнасць і непаўторнасць. А што ўжо казаць, калі даводзілася мець справу з аўтарамі-чытальнікамі, творчыя намаганні якіх немагчыма ацэньваць аднолькава з работамі іншых канкурсантаў… Выручыў Кастусь Цыбульскі, прапанаваўшы журы ў якасці спецыяльных прызоў для аўтараў-чытальнікаў свае кнігі з аўтографамі, якія, безумоўна, сталі для маладых людзей каштоўнымі падарункамі, пра што яны сказалі самі наступным чынам.

Паліна Дашкевіч: «Я ўдзельнічала ў конкурсе чытальнікаў “Роднае слова” з уласным вершам, за што была ўзнагароджана зборнікам вершаў і песень Канстанціна Цыбульскага “Щит и меч моей державы”.
Харызма і талент Канстанціна Пятровіча ўразілі мяне падчас сустрэчы ў “Літаратурна-музычнай гасцёўні”, таму яго кніга стала сапраўды неацэнным падарункам.

Вершы на тэму няпростай і гераічнай службы ў органах унутраных спраў, любові да сваёй Радзімы, мужнасці і чалавечай годнасці адразу ўражваюць і кранаюць да глыбіні душы. У іх Канстанціну Пятровічу атрымалася простымі словамі сказаць пра самыя галоўныя рэчы. Нездарма яго шматлікія паэтычныя творы пакладзены на музыку вядомымі беларускімі кампазітарамі. Лічу, што яны абавязкова знойдуць свайго слухача і чытальніка як у міліцэйскім асяроддзі, так і сярод грамадзянскага насельніцтва».

Аляксей Осіпаў: «Я атрымаў зборнік твораў “Мы людям служим” ад самога Канстанціна Цыбульскага за аўтарскі верш. Вельмі прыемна мець такую каштоўную ўзнагароду за сваю творчую працу! Шмат карыснага напісана ў гэтым зборніку, ёсць чаму навучыцца як у жыцці, так і ў творчасці! Буду працягваць натхняцца творамі такога таленавітага чалавека!»

Пасля ўрачыстай часткі з узнагароджаннем чытальнікаў, Вольга Рацэвіч, знаёмячыся са студэнтамі і выкладчыкамі, што прыйшлі ў «Літаратурна-музычную гасцёўню», не проста расказала пра часопіс «Маладосць», запрасіла чытаць і друкавацца ў ім, але акрамя таго, з дапамогай супрацоўнікаў кафедры міжмоўнай камунікацыі, правяла так званую літаратурную латарэю, удзел у якой ахвотна прынялі 64 навучэнцы Акадэміі кіравання. Тыя некалькі дзясяткаў чалавек, што выцягнулі шчаслівыя латарэйныя білеты, атрымалі ў падарунак розныя нумары «Маладосці» за 2022–2023 гг., кнігі сучасных беларускіх аўтараў і беларускамоўныя паштоўкі.

Літаратурна-музычная частка імпрэзы, у якой выступілі Кастусь Цыбульскі, Вера Буланда і ансамбль «Менскі гармонік», выклікала надзвычай вялікую цікавасць, бурныя апладысменты і мноства шчаслівых усмешак, прычым з абодвух бакоў.  «Вельмі ўдзячная і я, і мае сябры за запрашэнне! – сказала пазней Вера Буланда. – Такую зацікаўленую аўдыторыю рэдка апошнім часам сустрэнеш. Лёгка нам спявалася, чыталася, таму што адчувалі  шчырага гледача ў кожным прысутным у зале. Мы пад уражаннем ад вашых студэнтаў і выкладчыкаў, ад вашай увагі і павагі. Аж сэрцу прыемна і душы святочна».

Тым часам намеснік старшыні Студэнцкага савета Акадэміі кіравання Алег Суднік адзначыў: «Вельмі рады, што меў дачыненне да арганізацыі такога выдатнага мерапрыемства, як музычна-літаратурная гасцёўня ў нашай роднай Акадэміі! Лічу за вялікае шчасце і гонар знаёмства з галоўным рэдактарам “Маладосці” Вольгай Станіславаўнай Рацэвіч – чалавекам, для якога Беларусь, беларускасць і беларуская мова – не проста словы і словазлучэнні, а сэнс жыцця. Атрымаў шчырае задавальненне ад пранікнёных вершаў спадарыні Веры Аляксандраўны Буланда, незабыўных кампазіцый у выкананні Канстанціна Пятровіча Цыбульскага і ансамбля “Менскі гармонік”. Гэта сапраўдныя носьбіты беларускай культуры, якія перадаюць любоў да Бацькаўшчыны праз свае творы, песні». У падтрымку прыведзенага меркавання пажадалі выказацца некаторыя студэнты. Ім слова.

Пераможца конкурсу чытальнікаў з дыпломам І ступені Дар’я Максімава: «Калі я вучылася ў школе, то ўвесь час прымала ўдзел у конкурсах з вершамі на беларускай мове, таксама сама пішу вершы. Я вельмі рада, што такія мерапрыемствы праходзяць і ў Акадэміі, нават больш маштабныя. Радавалася кожнаму пачутаму слову на беларускай мове, а людзі, якія выступалі перад намі, уражвалі прыгажосцю выканання твораў».

Пераможца конкурсу чытальнікаў з дыпломам ІІІ ступені Арсеній Гушчэня: «Мерапрыемства прайшло на адным уздыху! Я з задавальненнем слухаў цудоўныя песні Кастуся Цыбульскага і вершы таленавітага аўтара Веры Буланда, творы якой кранаюць у самае сэрца. Усё супер! Засталіся толькі пазітыўныя эмоцыі».

Арына Абрамовіч: «Вельмі прыемныя і цікавыя людзі. Мне было цікава даведацца пра іх творчасць і паслухаць прыгожыя песні на роднай мове!»

Глеб Качаноўскі: «Вельмі спадабася мерапрыемства! Дзякуючы такой праграме, мы змаглі адчуць і ўсвядоміць унікальнасць беларускай культуры! Вельмі спадабаліся выступоўцы Вера Буланда і Кастусь Цыбульскі. Яны сапраўдныя прафесіяналы, артысты, унікальныя таленты! Менавіта дзякуючы ім мы змаглі пагрузіцца з галавой у нашу культуру і палюбіць яе яшчэ мацней!»

Віялета Грыб: «Усё было цудоўна і вельмі цікава. Канцэрт быў захапляльны!»

Цімафей Лутовіч: «Мерапрыемства прайшло ў цудоўнай атмасферы сяброўства і сапраўднай беларускасці. Я быў у захапленні ад творчасці неверагодна таленавітай Веры Буланда і выдатнага паэта і выканаўца Кастуся Цыбульскага. Вялікі дзякуй за праведзенае мерапрыемства!»

Лізавета Урбан: «“Літаратурна-музычная гасцёўня” з удзелам Вольгі Рацэвіч, ансамбля “Менскі гармонік” Кастуся  Цыбульскага і Веры Буланда прайшла цудоўна, у сяброўскай атмасферы. Госці мерапрыемства паднялі настрой, натхнілі на пазітыў. Я яшчэ раз запэўніла сябе, што беларуская мова найлепшая, беларусы самыя адкрытыя і вясёлыя людзі, і не абавязкова нарадзіцца ў нашай краіне, каб звацца беларусам (Вера Буланда нарадзілася ў Маскве). Лічу, што такія мерапрыемствы патрэбныя для таго, каб развіваць у моладзі любоў да беларускай мовы. Калі мы пачнём яе выкарыстоўваць у паўсядзённым жыцці, то і людзі за намі пацягнуцца!»

                                     

Наталля ЯКАВЕНКА

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы