Шаноўнае спадарства!
Працягваем нашы сакавіцкія сустрэчы, прысвечаныя беларускай этнаграфіі. Другая навукова-асветніцкая лекцыя-дыскусія гэтага цыклу мае назву “Народнае рытуальна-магічнае лекаванне беларусаў”. Яе правядзе для Вас Таццяна Валодзіна, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
На жаль, людзі хварэлі ва ўсе часы. Любая хвароба – параджэнне свайго часу, складаная задача, на пошук рашэння якой былі заўсёды скіраваны высілкі лепшых лекараў, як дыпламаваных спецыялістаў, так і народных знахараў.
Зразумела, што народныя ўяўленні аб прычынах хваробы, метадах яе дыягностыкі і шляхах лекавання адрозніваліся ад пастулатаў класічнай медыцыны і залежалі ад узроўню назапашаных на той момант ведаў. Багаты станоўчы вопыт народнай медыцыны знайшоў сваю фіксацыю ў этнаграфічных крыніцах. Да некаторых з іх Вы зможаце звярнуцца падчас сустрэчы, каб паспрабаваць разабрацца ў магічных вытоках, рытуальнай аснове народнага лекавання на Беларусі, а таксама прасачыць за трансфармацыяй традыцыі.
Разам будзем шукаць адказ на пытанне, наколькі жывая традыцыя народнага лекавання сёння і як нацыянальныя вераванні, народная свядомасць уплывалі на этнамедыцынскія рытуалы ў розныя гістарычныя перыяды.
Чакаем вас! 29 сакавіка (чацвер) а 18.30 у Доме-музеі І з’езда РСДРП
па адрасе: пр. Незалежнасці, 31а.