21 лютага 2023 г. прайшла Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове

Ужо трэці год супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа збіраюць аматараў роднага слова, каб разам адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы, праверыць узровень валодання нормамі літаратурнай мовы, адчуць энергію і самабытнасць беларускага слова, прадэманстраваць сваю любоў і павагу да роднай краіны.

Сёлетняя Рэспубліканская дыктоўка, прымеркаваная да Года міру і стваральнай працы, прайшла ў будынку Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Адначасова тысячы ўдзельнікаў змаглі далучыцца да мерапрыемства анлайн або праз канал «Культура» Беларускага радыё.

З прывітальным словам перад удзельнікамі выступіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, тэкст аўтарства якога пад назвай «Беларусь — краіна-мара» і быў прачытаны на дыктоўцы. У. Р. Гусакоў падкрэсліў значную ролю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў захаванні, развіцці і папулярызацыі беларускай мовы, адзначыў дасягненні акадэмічных мовазнаўцаў, а таксама акцэнтаваў увагу на важнасці стваральнай працы на шляху да росквіту Радзімы.

Традыцыйна ўдзел у дыктоўцы прынялі жыхары розных куткоў Беларусі, якія прадстаўлялі літаральна ўсе раёны рэспублікі, усе абласныя гарады, а таксама прадстаўнікі замежжа — удзельнікі з Канады, Італіі, Германіі, Чарнагорыі, Сербіі, Грузіі і нават з далёкай Аляскі. Сваю моўную кампетэнцыю правяралі не толькі школьнікі і студэнты, але і ўрачы і служачыя, інжынеры і прадпрымальнікі, эканамісты і маркетолагі, выкладчыкі, прадстаўнікі рабочых прафесій, банкаўскія супрацоўнікі, хатнія гаспадыні, асобы ў дэкрэтным водпуску і на заслужаным адпачынку.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі сертыфікаты, а госці, запрошаныя ў Цэнтральную навуковую бібліятэку, — яшчэ і памятныя падарункі. Дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў уручыў удзельнікам, якія выдатна напісалі тэкст дыктоўкі, тлумачальныя слоўнікі.

Рэспубліканская дыктоўка шырока асвятлялася беларускімі сродкамі масавай інфармацыі. Так, на мерапрыемстве прысутнічалі карэспандэнты каналаў дзяржаўнага тэлебачання, журналісты рэспубліканскіх і раённых выданняў. Арганізатары дыктоўкі атрымалі па электроннай пошце дзясяткі водгукаў ад удзельнікаў з розных куткоў краіны. Людзі дасылалі не проста лісты са словамі падзякі, а таксама і фотаздымкі.

Л. У. Глушыцкі

Фота Аляксандры Арцёмавай

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы