21 лютага ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы супрацоўнікі нашага інстытута былі запрошаны ў журы Навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!” (І этап – чытанні).
Гэта ўжо другая канферэнцыя, якая праводзіцца Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры з нагоды свята, мэта яе – абуджэнне цікавасці да беларускай мовы, літаратуры і краязнаўства, наладжванне партнёрскіх адносін паміж музеем і ўстановамі адукацыі. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа традыцыйна выступіў партнёрам навуковых чытанняў.
У гэтым годзе больш за 50 даследчых работ падрыхтавалі вучні 6–11 класаў сярэдніх школ і гімназій горада Мінска, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Вучнёўскія даследаванні самай разнастайнай тэматыкі былі прадстаўлены ў межах мовазнаўчай, літаратуразнаўчай і краязнаўчай секцый. Па выніках чытанняў у кожнай секцыі былі вызначаны лепшыя работы, аўтары якіх атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў і памятныя падарункі.
Для ўсіх зацікаўленых была арганізавана экскурсія па часовай экспазіцыі музея “Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў…”, прымеркаваная да 90-годдзя Валянціна Тараса і 85-годдзя Рыгора Барадуліна.