Новы вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей пабачыў свет напрыканцы 2017 г. “Сучасная беларуская мова. Марфеміка. Марфаналогія. Словаўтварэнне” – праца, падрыхтаваная да выдання спецыялістамі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (кандыдат філалагічных навук З.І. Бадзевіч) і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (доктар філалагічных навук В.П. Русак). Выданне з’явілася ў тым ліку і дзякуючы таму, што пры інстытуце дзейнічае філіял кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ. Супрацоўніцтва навукоўцаў з абедзвюх устаноў прынесла свой плён: дапаможнік, напісаны з улікам дасягненняў сучаснага мовазнаўства, шырока асвятляе тэарэтычныя пытанні марфемікі, марфаналогіі і словаўтварэння беларускай мовы.
У выданні захоўваецца адзіны падыход да выкладу матэрыялу: спачатку даюцца тэарэтычныя звесткі, якія ілюструюцца прыкладамі і суправаджаюцца табліцамі, затым – віды аналізу структуры слова (парадак і ўзоры марфемнага і словаўтваральнага разбору). У каментарыях да разбору звяртаецца ўвага на цяжкасці, якія сустракаюцца пры аналізе моўных з’яў, называюцца магчымыя тыповыя памылкі.
Адрасуецца перш за ўсё студэнтам філалагічных спецыяльнасцей, а таксама выкладчыкам, навукоўцам і ўсім, хто цікавіцца сучаснай беларускай мовай.